Пошук

03.03.2017 14:43  

Каментарый да літургіі

Вялікі пост — перыяд навяртання і ачышчэння душы праз шчырае пакаянне. Езус Хрыстус дае нам гэты час, каб глыбей зразумець нашыя слабасці і недасканаласці, убачыць свае грахі і зрабіць пастановы, каб працаваць над сваімі недахопамі і з дапамогаю Божай ласкі распачаць новае жыццё ў святле хрысціянскай веры.

«Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых». Cёння варта ўважліва ўслухацца ў словы Святога Пісання і старацца змагацца са спакусамі, якія вядуць да граху.


Каментарый да літургіі слова

Сённяшняя літургія слова нагадвае, як грэх увайшоў у жыццё нашых праайцоў праз непаслухмянасць Богу і Яго наказам. У кнізе Быцця Бог прамаўляе да кожнага з нас асабіста: Ён ставіць нас перад выбарам — жыцця альбо смерці.

Калі мы застанемся верныя Богу, то атрымаем вечнае жыццё ў Божым Валадарстве, а калі пойдзем за голасам спакушальніка, свядома ўчынім грэх і не будзем прагнуць навяртання, то страцім гэты вялікі Божы дар.

Евангелле, якое паказвае нам выпрабаванні Езуса на пустыні, вучыць, як мы павінны паводзіць сябе ў хвіліны выпрабаванняў нашай веры, яно выразна накіроўвае нас на шлях спрадвечнай Божай праўды.


Малітва вернікаў

Узмоцненыя Божым словам адкрыемся на дзеянне Божай ласкі. Скіруем да Айца Нябеснага нашыя шчырыя просьбы:

  1. Божа, Ойча Усемагутны, аб’яві сваю моц і спашлі патрэбныя дары і ласкі Каталіцкаму Касцёлу, каб у перыяд Вялікага посту мужна перамагаў усялякія варожыя атакі і спакусы. Цябе просім…
  2. Пане Езу, Святому Айцу Францішку і ўсяму духавенству дапамажы, штодзённа ўглядаючыся ў Твой крыж, удасканальвацца ў бескарыслівай хрысціянскай любові. Цябе просім…
  3. Збаўца свету, дай шчырае навяртанне тым, хто праз грэх страціў асвячальную ласку, каб праз пакаянне яны аднавілі ў сабе годнасць Божых дзяцей. Цябе просім…
  4. Міласэрны Ойча, ачысці хрысціянскія сем’і ад непаразуменняў, нязгоды, гневу, спрэчак, зласлоўя і іншых неўпарадкаваных схільнасцяў, асвяці іх сваім святлом, праўдаю і любоўю. Цябе просім…
  5. Спрадвечны Ойча, усіх нас, сабраных на святой літургіі, узмоцні святымі дарамі, каб мы змаглі мужна перамагаць спакусы ў часы выпрабаванняў. Цябе просім…

Праз Хрыста, які з Табою і Духам Святым жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.