Пошук

13.01.2017 16:33  

Каментарый да літургіі

Нядзельная святая Эўхарыстыя — найвялікшы духоўны скарб хрысціяніна.

Бог дае кожнаму з нас асабіста самы вялікі дар: у постацях хлеба і віна мы прымаем сапраўднае святое Цела і найдаражэйшую Кроў Хрыста.

«Слова сталася целам і пасялілася між намі, а тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі».

Усе мы — дзеці Божыя, мы пакліканы быць святлом для тых, хто яшчэ шукае Бога альбо аддаліўся ад Бога праз грэх. Таму збіраемся зараз вакол алтара Хрыста-Збаўцы, каб споўніць Божую волю.


Каментарый да літургіі слова

«Зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі», — пачуем сёння ў літургіі слова з кнігі прарока Ісаі.

Сам Езус Хрыстус выходзіць нам насустрач са сваёй любоўю і міласэрнасцю.

Кожны хрысціянін пакліканы да руплівага апостальскага служэння на хвалу Божую і на карысць бліжнім. Бог кліча сёння кожнага з нас абвяшчаць Добрую Навіну пра Збаўленне: «Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету».


Малітва вернікаў

Езус Хрыстус дае нам патрэбныя дары і ласкі, адорвае сваім святым спакоем, каб мы маглі несці Божае святло, радасць і супакой тым, хто гэтага патрабуе.

Таму аб’яднаемся з Хрыстом у даверлівай малітве да Бога-Айца Усемагутнага:

1.    Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб сярод пераследаў і цяжкасцяў, з якімі ён часта сутыкаецца, заўсёды адважна абвяшчаў Добрую Навіну пра Божую любоў і міласэрнасць. Цябе просім…
2.    Молімся за ўсіх святароў-місіянераў аб моцы дароў Духа Святога ў іх апостальскім служэнні, каб яны з радасцю неслі Добрую Навіну тым, хто яшчэ не ведае яе або забыўся пра яе. Цябе просім…
3.    Молімся за ворагаў святога Касцёла і тых, хто пераследуе за веру, а таксама за ўсіх тэрарыстаў, каб яны, раскаяліся і з дапамогай ласкі Божай вярнуліся да Хрыста. Цябе просім…
4.    Молімся за людзей, якія разарвалі сужэнскі саюз, каб добры Бог прасвятліў іх розум і яны ўпарадкавалі сваё жыццё з людзьмі і з Богам.  Цябе просім…
5.    Молімся за людзей, якім пагражае грахоўная цемра акультызму і за ўсіх тых, хто пакутуе ад розных цяжкіх залежнасцяў, каб Усемагутны Бог даў ім ласку навяртання і жыццё ў свабодзе дзяцей Божых. Цябе просім…
6.    Молімся за ўсіх канаючых,  памерлых родных і людзей, блізкіх нашаму сэрцу, каб уваскрослы Езус адарыў іх душы радасцю ў Нябесным Валадарстве. Цябе просім…
7.    Молімся за нас, сабраных вакол алтара міласэрнага Збаўцы, каб, атрымаўшы прабачэнне, мы не вярталіся да ранейшых грахоў і заўсёды з чыстым сэрцам прымалі святую Эўхарыстыю. Цябе просім…

Божа, наш добры Ойча, Твой Сын даў нам спазнаць любоў, якую Ты адчуваеш да нас. Учыні, каб гэтая любоў перамяняла нашае жыццё і рабіла нас адкрытымі на патрэбы іншага чалавека. Просім Цябе аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа