Пошук

11.11.2017 10:07  

Каментарый да літургіі

Удзел у Эўхарыстыі — знак нашага чакання сустрэчы з Хрыстом. Бо мы прыходзім, каб стаць перад алтаром, як мудрыя панны з запаленымі светачамі. Мы чуваем на малітве, каб некалі прыйсці да Баранка. Няхай жа нашы сэрцы палаюць верай і любоўю, каб ужо тут мы былі блізка да Пана, каб калісьці атрымаць абяцанае вечнае жыццё.

Грэх часта гасіць нашы лямпы, аслабляе любоў і веру. Грэшныя і слабыя, мы прыходзім да Бога, бо Ён адзін мае прабачэнне, бо Ён адзін можа нас напоўніць мудрасцю, каб мы былі чуйнымі і заўсёды гатовымі да спаткання з Хрыстом.

Каментарый да літургіі слова

Прыпавесць аб дзесяці паннах павінна навучыць нас мудрасці жыцця, якое з’яўляецца чаканнем сустрэчы з Богам. Калі мы будзем вернымі і трывалымі ў чаканні, атрымаем дар сапраўднай мудрасці, і споўніцца наша надзея і радасная навіна ўваскрасення ўсіх.

Малітва вернікаў

Няхай выразам чакання будзе наша супольная малітва, якую ўзносім да Бога праз Езуса Хрыста, які прыходзіць, каб забраць нас да сябе.

1. Молімся за Касцёл, каб ён умацоўваў нас у чаканні сустрэчы з Хрыстом.
2. Молімся за святароў, каб верна абвяшчалі слова Пана.
3. Молімся за людзей навукі, каб служылі ўсім сваімі ведамі і мудрасцю.
4. Молімся за моладзь, каб не дала сябе падмануць ілюзорным міражам сучаснасці.
5. Молімся за душы нашых блізкіх памерлых, каб яны дасягнулі хвалы неба.
6. Молімся за нас, каб мы былі заўсёды гатовыя да прыйсця Хрыста Пана.

Божа, узглянь на нас, якія жывуць у свеце, і ўдзялі нам сваю дапамогу, каб мы, верна спаўняючы сваё пакліканне, як людзі веруючыя, маглі выйсці на спатканне з прыходзячым Хрыстом. Які з Табой жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Кс. Юрый Марціновіч

Абноўлена 11.11.2017 10:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця