Пошук

30.03.2018 21:11   Catholic.by

Мінскі архікатэдральны касцёл, 30 сакавіка 2018 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае Вялікую пятніцу. Гэты дзень мы называем Вялікім, бо сапраўды вялікія справы былі здзейснены ў ім. Збаўленне мы атрымалі дзякуючы крыжовай смерці Езуса.

На іншых мовах, асабліва ў англамоўным свеце, сённяшні дзень называецца Добрай пятніцай (Good Friday). Гэта азначае, што ён добры і прыгожы, бо дабро і прыгажосць ідуць поплеч. На некаторых мовах гэты дзень называецца Сумнай пятніцай (Sorrowful Friday). Вельмі прыгожая яго назва на рускай мове: «Страстная пятница», што падкрэслівае яе трагізм, бо «страсти» азначае цярпенні.

Як трагічны і сумны дзень у той жа час можа быць добрым і прыгожым? Гэта можна вытлумачыць толькі маючы на ўвазе парадаксальную прыроду сённяшняга дня.

2. Кожны парадокс мае два твары. Гэта тая самая рэчаіснасць у двух розных праяўленнях. Абодва праўдзівыя і не могуць быць аддзелены адно ад аднаго, падобна як не могуць быць аддзелены два бакі адной манеты.

Вялікая пятніца таксама мае два твары: адзін глядзіць назад, другі – наперад. Адзін прадстаўляе цярпенні і крыжовую смерць Езуса, другі – радасць уваскрасення. Гэтыя два аспекты разам прадстаўляюць Пасхальную таямніцу. Каб лепей зразумець сэнс гэтай таямніцы, Касцёл цэлебруе Пасхальны Трыдуум, які ўяўляе сабой шлях ад смерці Хрыста да Яго ўваскрасення.

На гэтым шляху рашучае месца займае Вялікая пятніца, калі смерць і жыццё сустракаюцца. Нешта падобнае мы перажываем апоўначы, калі сустракаюцца канец дня, які завяршаецца, і пачатак новага.

3. Таму ў Вялікую пятніцу ва ўсёй паўнаце раскрываецца сэнс крыжа Езуса Хрыста. Крыж – гэта ўнікальны знак, які можа даць нам магчымасць зазірнуць у сэнс Пасхальнай таямніцы. Толькі крыж можа паказаць нам, як кантрасныя моманты смерці і ўваскрасення, знявагі і славы прыміраюцца паміж сабой.

Крыж Хрыста дае нам магчымасць бачыць цярпенні і смерць, а таксама цяжкасці штодзённага жыцця ў святле ўваскрасення. Ён асвятляе цемру і дае святло надзеі. Ён нагадвае нам, што мы з’яўляемся спадкаемцамі Божага Валадарства, нягледзячы на тое, што яшчэ знаходзімся на шляху да нашай канчатковай мэты.

4. Нагадваючы аб значэнні крыжа ў нашым жыцці св. Ян Павел II кажа, што наша жыццё – гэта працэс трансфармацыі, які вечна працягваецца. Як у руках дойліда перамяняецца кусок дрэва, так і хрысціянін у Божых руках павінен перамяняцца.

Ствараючы мастацкі твор, майстар працуе з нейкім вельмі часта бясформенным матэрыялам, напр., мармурам, дрэвам і г.д. Ён імкнецца з бясформеннага кавалка матэрыялу зрабіць нешта прыгожае згодна з існуючай у яго ідэяй.

Падобна і з поўным цяжкасцяў і выклікаў штодзённым жыццём чалавека. Нашы грахі – гэта той матэрыял, які павінен быць пераменены, каб мы сталі святынямі Святога Духа, як гэта запланавана нашым Творцам. А гэта не што іншае, як крыж.

Вядомы польскі святар і паэт Ян Твародўскі кажа, што толькі святы апостал Ян памёр натуральнай смерцю. Ён быў адзіным, хто не пабаяўся крыжа Езуса Хрыста і знаходзіўся пад ім, у той час калі іншыя разбегліся. Той, хто ўцякае ад крыжа, атрымлівае яшчэ большы. Таму мы не можам уцякаць ад крыжа. Яго неабходна прыняць, як шлях перамянення нашага грэшнага жыцця ў прыгожы мастацкі твор святыні Духа Святога.

Як хрысціяне, мы павінны быць матываваныя бачаннем схаванага ў нас вобразу Хрыста, каб яго ажыццявіць, як мастак ажыццяўляе сваё бачанне, свой план. Мастак бачыць магчымасць прыгожага твора нават у бясформенным кавалку мармуру.

5. Для нас, хрысціян, крыж таксама з’яўляецца знакам бязмежнай любові Бога да чалавека, якая не выключае нікога.

У хрысціянскай традыцыі крыж вядомы і як дрэва жыцця. Ён сімвал уваскрасення і жыцця. Таму крыж – гэта не статычны, а дынамічны аб’ект. Несці крыж азначае следаваць за Хрыстом. Нездарма Езус кажа, што той, хто хоча следаваць за Ім, павінен узяць свой крыж і ісці за Ім.

Святы Айцец Францішак кажа, што да прыроды хрысціянскага жыцця належыць рух. Мы павінны ісці з крыжам. Калі мы верым без крыжа, мы не з’яўляемся вучнямі Хрыста. У крыжы мы знаходзім збаўленне, жыццё і надзею. Плён крыжа – вечнае жыццё.

Няхай жа Вялікая пятніца пазначыць нашы сэрцы знакам крыжа, які заўсёды будзе нагадваць нам пра выклікі нашага жыцця з мэтай верна следаваць за Хрыстом. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.