Пошук

04.01.2018 10:28   Catholic.by

Мінскі архікатэдральны касцёл, 3 студзеня 2018 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Імя Езуса, якое атрымаў народжаны ў Бэтлееме Збаўца. Гэтым самым Касцёл, праслаўляючы Яго Імя ў перыяд Божага Нараджэння, яшчэ мацней падкрэслівае значэнне таямніцы Богаўцелаўлення.

Імя Езус прадстаўляе сабой грэчаскую форму яўрэйскага імені “Ешуа”, што азначае “Бог ёсць маё збаўленне”.

Пакланенне Імені Езуса моцна ўкаранена ў Святым Пісанні, асабліва ў Дзеях Апосталаў. Яго культ пачаў распаўсюджаны ва ўсім Касцёле з XIII стагоддзя.

2. Кожнае нованароджанае дзіця атрымлівае сваё імя. Звычайна яго выбіраюць бацькі. Нярэдка так робяць у памяць аб сваіх блізкіх.

Чалавек, які, напрыклад, падчас хросту атрымаў імя Ян, таксама добра мог бы называцца Уладзімір, Пётр ці Павел. Імя канкрэтнага чалавека адрознівае яго ад іншага. Гэта як быццам нейкая этыкетка. Аднак у выпадку некаторых людзей, як, напрыклад, Адама, Евы, Яна Хрысціцеля і іншых, дадзенае ім імя азначала іх місію ў гісторыі збаўлення.

Літургічны ўспамін Імя Езуса нагадвае аб тым, што народжанае ў Бэтлееме з Марыі Немаўлятка атрымала імя Езус, як было прадказана арханёлам Габрыэлем. Галоўная мэта гэтага літургічнага ўспаміну – падкрэсліць значэнне годнасці святога Імя Езуса.

3. Каб лепей зразумець гэта, неабходна найперш засяродзіцца на тым, што азначае слова “імя”. Кожная назва адлюстроўвае характар рэчы ці справы, да якой яна адносіцца. Так, першы чалавек Адам у раі даў імёны жывёлам у адпаведнасці з іх сутнасцю.

Для яўрэяў слова “Бог” выяўляе Яго сутнасць, а менавіта “Яхве”, гэта азначае “Я ёсць той, які ёсць”. Асобы, якія адыгралі важную ролю ў гісторыі збаўлення, часта атрымлівалі свае імёны непасрэдна ад самога Бога. Адам – чалавек зямлі. Ева – маці ўсіх жывых. Абрагам – айцец усіх народаў. Езус змяняе імя рыбака Сымона на Пятра, каб пазначыць яго ролю як скалы ў будаванні Касцёла.

4. Таксама і імя Збаўцы “Езус” не было выпадковым. Яно азначае Яго місію, а менавіта Збаўца свету. Падчас Звеставання арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Яе Сын будзе названы Езусам. Той самы арханёл абвясціў св. Юзафу не толькі імя, але і місію народжанага ў яго сям’і Дзіцяці. А менавіта тое, што Ён будзе названы Езусам, бо збавіць людзей з іх грахоў.

Такім чынам, імя “Езус” з’яўляецца чалавечым іменем Пана, які зышоў на зямлю. Яно нагадвае пра Яго місію Збаўцы свету. Падобна таму, як дзеці целам і крывёй звязаны са сваімі бацькамі, таксама і Езус, дзякуючы ўцелаўленню Сына Божага, з’яўляецца нашым крэўным і адначасова Збаўцам, які быў пасланы сваім нябесным Айцом у свет, каб яго збавіць сваёй мучаніцкай смерцю і ўваскрасеннем.

Таму мы павінны праслаўляць гэтае Імя як святое, бо яно нагадвае нам аб нашым збаўленні. Нездарма св. апостал Павел кажа: на Імя Езус укленчыць кожнае калена на нябёсах, на зямлі і пад зямлёй.

5. Гэтая заўвага Апостала народаў з’яўляецца вельмі важнай, бо сучасны свет усё больш аддаляецца ад Бога і жыве так, як быццам Бога зусім няма. Нярэдка гэта можна заўважыць і ў нашым грамадстве.

Прыкладаў нямала. Гэта спроба забараніць працаўнікам службы аховы здароўя насіць знакі рэлігійнай прыналежнасці, якая, дзякуй Богу, не знайшла свайго працягу. Гэта прапаганда гендарнай ідэалогіі. Гэта таксама рашэнне ўладаў і некаторыя каментарыі з нагоды звароту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі да Прэзідэнта ўстанавіць вольнай ад працы урачыстасць Усіх Святых.

Сярод абсалютнай большасці прыхільных каментароў былі, аднак, і такія, якія працівіліся гэтай ідэі. Некаторыя нават абвінавачвалі Касцёл у спробе падзяліць грамадства. Мы нікога і нічога не хочам дзяліць, толькі просім даць магчымасць належным чынам святкаваць Касцёлам устаноўленую ўрачыстасць Усіх Святых.

Таму нашым, як хрысціян, заданнем з’яўляецца вярнуць належную пашану Богу і Імені Езуса, як адзінага Збаўцы свету.

Для гэтага неабходна жыць паводле Яго вучэння і прыкладу: быць у стане Божай ласкі, маліцца, быць сведкамі Евангелля, захоўваць Божы закон, дапамагаць патрабуючым і г.д., з мэтай абвяшчаць Езуса людзям, каб яны пазналі Яго праўду і ёй жылі на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей. Амэн.

Абноўлена 04.01.2018 11:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.