Пошук

27.12.2017 14:48   Catholic.by

Мінскі архікатэдральны касцёл, 26 снежня 2017 г.

Святы Стэфан – апякун адкрытага неба

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння, у другі дзень святаў Божага Нараджэння, Каталіцкі Касцёл успамінае першага мучаніка дыякана св. Стэфана. Гэтае свята нагадвае нам праўду аб тым, што хрысціянства па сваёй сутнасці, будучы рэлігіяй радасці і жыцця, адначасова з’яўляецца вельмі патрабавальным аж да таго, што часам яго трэба сведчыць нават сваёй крывёй, як гэта зрабіў св. Стэфан.

Будучы дыяканам, ён сваё служэнне людзям разумеў і ажыццяўляў як у галіне дабрачыннасці, так і абвяшчэння Божага слова. Быў міласэрным да тых, хто патрабаваў матэрыяльнай і духоўнай дапамогі.

Яго вучэнне і сведчанне было такім моцным, што яму не маглі супрацьстаяць нават фарысеі. У выніку чаго ён быў укаменаваны і ўвайшоў у гісторыю Касцёла, як першамучанік. Яго мучаніцкая смерць прынесла плён у навяртанні Саўла, які пераследаваў хрысціянства, а потым навярнуўся і стаў найбольшым місіянерам апосталам Паўлам.

2. Мы жывём у іншы час. Дзякуй Богу, завяршыліся ганенні на Касцёл у нашай краіне, якія трывалі тры пакаленні. Аднак гэта не азначае, што завяршыўся пераслед хрысціянства. Езус папярэджвае пра тое, што ганенні ніколі не завершацца, бо як Яго пераследавалі, так будуць пераследаваць і Яго паслядоўнікаў. Вядома, што пераследы могуць мець іншую форму, але заўсёды будуць.

Аб гэтым сведчыць практыка штодзённага жыцця. У наш час хрысціянства з’яўляецца рэлігіяй, якая найбольш пераследуецца. Формы пераследу розныя – ад ад фізічнага да маральнага і дыскрымінацыі. Калі ў далёкім 1983 г. святы Ян Павел II гаварыў у Люрдзе аб новых формах ганенняў на веру, мала хто мог уявіць сабе, што ў недалёкай будучыні гэта будзе адносіцца не толькі да краін, у якіх валодалі рэжымы ваяўнічага атэізму, але і да дэмакратычнай Еўропы.

Прафетычнае бачанне Вялікага Папы стала рэчаіснасцю. Адначасова з сацыяльна-палітычнымі зменамі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, у выніку чаго людзі гэтага рэгіёну атрымалі свабоду веравызнання, пашырыўся культурны крызіс Старога кантынента, які праявіўся найперш у адмаўленні ад маральных хрысціянскіх кашгтоўнасцяў. Адсутнасць аднясення да Бога ў Еўрапейскай канстытуцыі з’яўляецца знакам непрыняцця ёю хрысціянскай спадчыны нашага кантынента.

Як вынік, сёння мы з’яўляемся сведкамі забароны знакаў рэлігійнай прыналежнасці ў публічных месцах, адмоўных адносін да “палітычна некарэктных стаўленняў”, такіх, як супраціў разводам, абортам, прызнанню гомасексуальным саюзам правоў нармальнай сям’і, высмейвання хрысціянскіх каштоўнасцяў, прафанацыі рэлігійных сімвалаў, калі касцёлы ператвараюцца ў начныя клубы, і г.д.

3. Гэтыя і іншыя факты пацвярджаюць наяўнасць нарастаючай прадузятасці і варожасці да хрысціянства і асабліва каталіцызму, да такой ступені, што многія гавораць пра моду на “антыкаталіцызм” і “хрысціянафобію”.

Без сумневу, усё гэта цесна звязана з дамінуючым у Еўропе мэйнстрымам лаіцызму і спробамі навязвання ёй “дыктатуры рэлятывізму” – гэтага вірусу, які атакуе еўрапейскую культуру. Сучасная ідэалогія маральнага лібералізму і рэлятывізму, якая, падобна ваяўнічаму атэізму, імкнецца адлучыць еўрапейца ад хрысціянскай гісторыі і культуры і замяніць іх новай свецкай рэлігіяй з яе дагматамі “паліткарэктнасці”. Такім чынам атэістычны тэрор замяняецца новымі формамі ганенняў, пры ўяўным захоўванні свабоды веравызнання.

4. Якім павінен быць наш адказ адносна новых формаў пераследу хрысціянства? Відавочна, што Касцёл не можа адмовіцца ад місіі абвяшчэння Божага Валадарства і, застаючыся верным ёй, гатовы да ганенняў у іх новым праяўленні. Прыгожа аб гэтым кажа папа Бэнэдыкт XVI: а менавіта, што Касцёл павінен падрыхтаваць месца для боскасці не праз моц, але праз духа, не праз інстытуцыянальнасць, але праз сведчанне, любоў, жыццё і цярпенне, і такім чынам дапамагчы грамадству знайсці яго маральную тоеснасць.

Не азначае гэта, аднак, таго, што мы, як хрысціяне, не павінны бараніць сваёй хрысціянскай тоеснасці. Таму і мы таксама павінны пытаць нашых апанентаў. Чаму атакуеце Касцёл? Што злога робім, калі абараняем створаны Богам інстытут сям’і, баронім жыццё, заклікаем да маральнага жыцця?

5. Ці ў сучаснай сітуацыі ёсць надзея на лепшае? Святы Стэфан, як здаецца, прайграў, бо быў укаменаваны. Аднак з яго мучаніцкай смерці нарадзіліся і далей нараджаюцца новыя пакаленні вызнаўцаў Хрыста. Гэта ўзгаданы вышэй св. Павел, гэта таксама многія іншыя.

Аднак св. Стэфан дае нам і іншы ўрок. Ён, паміраючы пад градам камянёў, глядзеў у адкрытае неба і бачыў хвалу Бога. Гэты позірк даў яму сілы вытрываць. Таксама і нам, перажываючым новыя часы ганенняў на веру, Бог дае сілы вытрываць. Усведамленне таго, што на зямлі мы з’яўляемся толькі пілігрымамі, павінна стаць імпульсам да трывання ў вернасці Богу. Няхай жа апякун сённяшняга дня св. Стэфан, як апякун адкрытага неба, выпрасіць у Бога ласку заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб дзякуючы нашаму сведчанню Хрыстус нараджаўся ў сэрцах людзей і яны станавіліся Бэтлеемам нашага часу. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.