Пошук

04.12.2023 09:47   pcd.by / Catholic.by

Пастырскі ліст на пачатак Года Любові — чарговага этапу падрыхтоўкі да 100-гадовага юбілею Пінскай дыяцэзіі.

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
1 Ян 4, 16


Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія дыяцэзіяне, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Першай нядзеляй Адвэнту 2023 г. мы распачынаем новы літургічны год у Касцёле. Адначасова ўваходзім у чарговы этап непасрэднай падрыхтоўкі нашай Пінскай дыяцэзіі да юбілею сотай гадавіны яе паўстання. На працягу папярэдніх двух гадоў мы разважалі над значэннем у нашым жыцці тэалагічных цнотаў веры і надзеі. Ідучы далей, пастараемся паразважаць і нанова адкрыць значэнне цноты хрысціянскай любові.

Ужо хутка, восенню 2024 г., распачнём гадавое святкаванне стагоддзя нашай дыяцэзіі. Адкрыццё юбілею жадаем перажыць як урачыстасць рэкансэкрацыі гістарычнай капліцы Святога Казіміра ў Ружанах. Пасля на працягу ўсяго года прагнем дзякаваць Пану Богу за дар юбілею ў розных рэгіёнах нашага мясцовага Касцёла аж да 28 кастрычніка 2025 г., калі ў пінскай катэдральнай базыліцы на супольнай Эўхарыстыі ўзгадаем памятную дату гадавіны заснавання дыяцэзіі.

Распачынаючы цяпер новы літургічны год, жадаем перажываць яго ў духу ўмацавання нас у цноце хрысціянскай любові. Святы апостал Павел у гімне аб любові ў Першым пасланні да Карынцянаў вельмі трапна выказаўся, чым ёсць сапраўдная любоў, выплываючая з нашага сэрца (гл. 1 Кар 13). Якое пасланне для сучаснага чалавека мы адкрываем у гэтым гімне святога Паўла і як аднесці яго біблійнае вучэнне аб цноце любові да нашых часоў? На гэтае пытанне адказвае Святы Айцец Францішак у адгартацыі Amoris Laetitia («Радасць любові»). Гэты дакумент Папы адкрывае перад намі прыгажосць і глыбіню любові, якая асаблівым чынам выражаецца ў хрысціянскім сужэнстве і сям’і.

Святы Ян Евангеліст пад Божым натхненнем у сваім апостальскім навучанні даходзіць да геніяльнага і змястоўнага падсумавання разважанняў пра Пана: «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16). Далей гэтае вучэнне развіваў святы Аўгустын, які напісаў: «Калі бачыш любоў, бачыш Святую Тройцу».

Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы, затытулаванай «Бог ёсць любоў» (Deus caritas est), напісаў: «Давайце паглядзім на святых, на тых, хто ўзорна здзяйсняў справы caritas, гэта значыць — любові. Узгадаем асабліва святога Марціна Турскага (†397 г.), спачатку жаўнера, а пасля — манаха і біскупа. Ён, нібыта ікона, паказвае нязменную каштоўнасць асабістага сведчання аб любові. Каля брам Ам’ена Марцін дзеліцца з убогім паловай свайго плашча. Сам Езус з’яўляецца яму ў тую ж ноч ува сне, апрануты ў той самы плашч, каб пацвердзіць адвечнае значэнне евангельскага слова: „Я быў голы, і вы апранулі Мяне… Усё, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, Мне зрабілі“ (Мц 25, 36.40)».

У далейшых разважаннях у гэтай энцыкліцы Бэнэдыкт XVI так выказваецца пра любоў у жыцці Маці Божай: «Сярод святых выдзяляецца Марыя, Маці Пана і адлюстраванне ўсялякай святасці. У Евангеллі святога Лукі знаходзім Яе занятай служэннем любові адносна сваячкі Альжбеты, у якой яна застаецца „каля трох месяцаў“ (Лк 1, 56), каб яе суправаджаць на апошнім этапе цяжарнасці. „Magnificat anima mea Dominum“, — кажа пры нагодзе наведвання, — „Велічае душа мая Пана“ (Лк 1, 46) — і такім чынам выражае праграму свайго жыцця: не ставіць сябе ў цэнтры, але пакідаць месца для Бога, сустрэтага як на малітве, так і ў служэнні бліжняму, — толькі так свет становіцца добры» (гл. Deus caritas est, 41).

Ва ўзгаданай вышэй адгартацыі Amoris Laetitia («Радасць любові») Святы Айцец Францішак, ідучы за думкаю святога апостала Паўла, звяртае ўвагу на тое, што сапраўдную любоў да Пана Бога і бліжняга нельга разумець толькі як пачуццё, але належыць успрымаць яе ў глыбейшым сэнсе, дзе слова «любіць» на біблійнай габрэйскай мове азначае «чыніць дабро». Папа прыводзіць таксама разважанні святога Ігнацыя Лаёлы, які заўважаў, што «любоў неабходна асноўваць больш на дзеяннях, чым на словах» (гл. Amoris Laetitia, 94).

Прыкладам дзейснай любові да кожнага чалавека найчасцей з’яўляюцца бацькі. Хрысціянскія бацькі вучаць сваіх дзяцей праўдам веры з іх маленства. У гэтых праўдах месціцца найвялікшая запаведзь: «Любі Пана Бога свайго ўсім сваім сэрцам, усёй сваёй душою і ўсім сваім розумам». Сам Пан Езус сказаў, што гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая падобная да яе: «Любі бліжняга, як самога сябе». На гэтых дзвюх запаведзях апіраюцца ўвесь закон і прарокі (гл. Мц 22, 34–40). Таму найважнейшае заданне бацькоў — навучыць сваіх дзяцей захоўваць менавіта запаведзь любові да Бога і кожнага чалавека.

Асаблівым прыкладам выканання хрысціянскай запаведзі любові быў нябесны апякун Пінскай дыяцэзіі — святы Андрэй Баболя. Як душпастыр, ён заўважаў неабходнасць абвяшчэння Евангелля і сакрамэнтальнага служэння людзям у найбольш аддаленых мясцовасцях Палесся. За сваё руплівае служэнне ўбогім, якіх яднаў з Богам, яго называлі «душахватам». Захапляў чалавечыя душы любоўю да Пана і жыцця ў духу хрысціянскай любові. Сваю бязмежную і адданую без рэшты любоў да Хрыста, Яго Касцёла і да душ, патрабуючых збаўлення, любоў, мацнейшую за ўсе зямныя нягоды, святы Андрэй Баболя пацвердзіў мучаніцкай смерцю ў Янаве Палескім (цяперашнім Іванаве). Няхай сведчанне яго жыцця, мучаніцтва за веру і любоў, а таксама заступніцтва перад Божым тронам дапамагаюць нам умацоўвацца ў гэтых асноўных цнотах.

Дарагія браты і сёстры! Нашая дыяцэзія ўваходзіць у чарговы этап падрыхтоўкі да 100-гадовага юбілею яе існавання. Гэта для нас асаблівы час ласкі, дадзены Панам Богам, каб падбаць пра нашыя касцёлы і капліцы, прыгажосць літургіі і глыбіню набажэнстваў у парафіях, катэхізацыю і дапамогу патрабуючым. Нашыя продкі стараліся захаваць і перадаць скарб веры і хрысціянскіх каштоўнасцей, каб у складаныя часы абараніць святыні ад закрыцця ці разбурэння. Сёння мы маем шматлікія адрамантаваныя, новыя і прыгожыя святыні. Паклапоцімся ж пра іх, каб яны былі адлюстраваннем нашай душы, веры і любові да Бога.

Дзень 28 кастрычніка як дата ўзнікнення нашай Пінскай дыяцэзіі адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле як свята святога Юды Тадэвуша, апостала, заступніка ў складаных справах. Гледзячы на гісторыю нашай дыяцэзіі, мы заўважаем шматлікія цяжкасці, якія з Божай дапамогай дадзена было перажыць Касцёлу на працягу апошніх ста гадоў. Няхай заступніцтва святога Юды Тадэвуша надалей дапамагае нам не баяцца ніякіх выклікаў часу, але ў духу хрысціянскай любові абвяшчаць Евангелле і жыць ім.

Часам мы задаём сабе пытанне: як найлепей з духоўнага боку годна падрыхтавацца і перажыць юбілей нашай Пінскай дыяцэзіі? Адказ вельмі просты: захоўваць запаведзі, практыкаваць руплівую веру, актыўна ўдзельнічаць у набажэнствах, трываць у стане асвячальнай ласкі, маліцца на ружанцы і ў сямейным коле, не занядбоўваць малітвы за памерлых, несці дапамогу патрабуючым, наведваць хворых, практыкаваць учынкі міласэрнасці для душы і цела. Выконваць гэта заўсёды ў духу любові. Бачым, які шматлікі выбар магчымасцей, каб выразіць практычна нашую любоў да Бога і бліжняга.

Звяртаюся да ўсіх вернікаў, а асабліва да духоўных і кансэкраваных асоб, каб, перажываючы ў нашай дыяцэзіі Год Любові, стараліся сваім руплівым служэннем Богу і бліжняму, асабліва на катэхезах, раскрываць значэнне трэцяй тэалагічнай цноты, г. зн. хрысціянскай любові, і адначасова каб заахвочвалі іншых практыкаваць учынкі міласэрнасці, якія найлепей выражаюць нашую любоў да Бога і Яго Касцёла.

Няхай Год Любові як непасрэдны этап падрыхтоўкі нашай Пінскай дыяцэзіі да юбілею станецца добрай нагодай для кожнага з нас, каб аднавіць у сабе моц дзеяння Божай ласкі, якая выплывае з хрысціянскага практыкавання цнотаў веры, надзеі і любові.

На час духоўнай працы ў падрыхтоўцы да 100-гадовага юбілею нашай Пінскай дыяцэзіі ад усяго сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка
 Біскуп Пінскі

Пінск, 30 лістапада 2023 г.

Абноўлена 04.12.2023 10:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця