27.09.2017 09:56   sib-catholic.ru / Catholic.by

«Еўрапейская моладзь за мір без насілля» — пад такім дэвізам 500 прадстаўнікоў студэнцкай моладзі з Польшчы, Чэхіі, Румыніі, Расіі, Славакіі, Венгрыі і Украіны сабраліся на пятую міжнародную сустрэчу ў польскім Асвенцыме (Аўшвіц). Сустрэча праходзіла 21–24 верасня.

Ініцыятар моладзевага форуму — міжнароднае таварыства Супольнасць св. Эгідзія. Сустрэча ў Асвенцыме стала працягам іншых еўрапейскіх ініцыятываў — Міжнароднай сустрэчы моладзі за мір у Еўропе, што праходзіла 25–27 жніўня ў Барселоне (Іспанія) і Міжнароднай малітоўнай сустрэчы 300 рэлігійных лідараў у нямецкім Мюнстэры-Аснабруку.

Студэнцкая моладзь, якая сабралася ў Асвенцыме, хацела нагадаць народам свету пра насілле, здзейсненае ў перыяд Другой сусветнай вайны, і выказаць упэўненасць у тым, што сёння варта будаваць мірнае суіснаванне і клапаціцца пра культуру яднання, а не падзелу, які сёння пануе ў многіх частках свету.

Праграмай міжнароднага мерапрыемства, якое праходзіла ў месцы, дзе існаваў адзін з самых жахлівых нацысцкіх лагераў смерці, было прадугледжана сведчанне Рыты Прыгмар, ахвяры медыцынскіх эксперыментаў нямецкіх нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.

22 верасня юнакі і дзяўчаты наведалі музей, створаны на месцы канцлагера. Яны прайшлі маўклівым маршам праз канцлагер Біркенаў.

«Моладзь за мір» — моладзевы рух Супольнасці св. Эгідзія, які прысутнічае ў розных еўрапейскіх краінах і на іншых кантынентах. Члены руху выступаюць за мір, удзельнічаюць у акцыях салідарнасці з бяздомнымі, дапамагаюць людзям і дзецям у Школах Міру, імкнуцца ўказаць на памылковасць логікі падзелу і адкідвання бедных.

Абноўлена 27.09.2017 13:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання