Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на II Велікодную нядзелю (12 красавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
08.04.2015 21:44

Каментарый да літургіі

Божая міласэрнасць – гэта любоў самаадданая, і ніхто не можа фізічна або матэматычна пазнаць важнасць гэтай любові. Яна невычэрпная і незразумелая для чалавечага розуму.

Збіраючыся сёння пры стале Слова і Цела Хрыста, хочам усвядоміць ісціну, што Бог ёсць любоў. Гэтая любоў пераўзыходзіць чалавечае каханне. Бог у сваёй любові будзе прапаноўваць усё, не пакінуўшы сабе нічога. Бо так палюбіў Бог свет, што даў нам Свайго Адзінароднага Сына, каб нас вызваліць з грахоў нашых.

Каментарый да літургіі слова

Хрыстус пасля свайго ўваскрасення з’явіўся апосталам, адарыў іх супакоем і даў ім Святога Духа. Яны мелі за заданне прывесці ўсіх людзей да веры і адзінства, а таксама прабачаць ад імя Хрыста. Гэтую місію добра выконвалі першыя хрысціяне, збіраючыся на ламанне хлеба, інакш Эўхарыстыю, і жывучы ў адзінстве і любові. І сёння хрысціяне павінны праз веру сустракацца з Хрыстом, які прысутнічае ў Касцёле.

Малітва вернікаў

Трываючы ў супольнасці Касцёла і на ламанні Хлеба, узнясём да міласэрнага Бога нашыя малітвы.

1. Молімся за Касцёл Святы, каб няспынна паказваў свету міласэрнасць і любоў Божую. Цябе просім…
2. Молімся за Айца Святога, біскупаў і святароў, каб праз сакрамэнты дапамагалі верным сустракацца з міласэрным Айцом. Цябе просім…
3. Молімся за людзей няверучых, каб праз сведчанне хрысціян пазналі вартасць жыцця з Богам. Цябе просім…
4. Молімся аб дары супакою ва ўсіх краінах свету, а асабліва ў сэрцы кожнага чалавека. Цябе просім…
5. Молімся аб ласцы міласэрнасці і радасці прабывання з Богам у небе для памерлых. Цябе просім…
6. Молімся за нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб ласка Пана Бога перамяняла нашыя сэрцы і напаўняла Яго дарамі. Цябе просім…

Божа, Ты праз Уваскрасенне Свайго Сына прынёс людзям мір і прабачэнне; умацуй нашу веру і выслухай нашыя просьбы. Праз Хрыста, Пана нашага.

С. Людміла Леўдаровіч MChR

 
© 2003-2024 Catholic.by