Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на І Нядзелю Адвэнту, Год А (1 снежня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
30.11.2013 12:19

Каментарый да літургіі

Сёння ўвесь Каталіцкі Касцёл пачынае перыяд падрыхтоўкі да вельмі важнай урачыстасці. Урачыстасці Нараджэння Хрыста. І гэты час Адвэнту - час нашага радаснага чакання Збаўцы, - мы павінны пражыць з асаблівай карысцю для нашага духоўнага развіцця.

Кожны з нас патрабуе перамены, якая вядзе да большай сувязі з Богам, да большай дасканаласці. Каб Езус, які прыходзіць да нас, мог знайсці падрыхтаванае месца ў нашых сэрцах, а не зачыненае на ўсе замкі грахоўнай залежнасці.

Менавіта аб вызваленні нас з грахоў і аб шчырай любові да бліжняга будзем прасіць Бога Айца ў гэтай Эўхарыстыі.

Каментарый да літургіі слова

«Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе»

Літургія слова заклікае нас да асаблівай чуйнасці над сваімі словамі, учынкамі і паводзінамі. Да захавання годнасці дзяцей Божых, якія павінны дагаджаць не пажадлівасцям цела, але духоўна ўмацоўвацца, каб быць сапраўдным святлом для кожнага чалавека. Як пачуем, Апостал Павел скажа, што збаўленне цяпер бліжэй да нас. Кожны, хто любіць Пана, будзе сведкам Яго супакою і заўсёды гатовы на сустрэчу са сваім Збавіцелем.

Малітва вернікаў

Хрыстус прыходзіць да нас, каб умацаваць нашу еднасць і адарыць сваёй любоўю. Таму з радасцю і даверам узнясём да Яго нашыя просьбы:

  • Езу, умацуй духоўна і адары здароўем нашага Папу Францішка, каб яго служэнне было сведчаннем сапраўднай Божай любові.
  • Езу, благаславі і напоўні сваімі дарамі біскупаў і святароў, каб мелі моц несці супакой і прабачэнне туды, дзе пануе грэх.
  • Езу, аднаві ўзаемную любоў і пашану ў сужэнствах, якія перажываюць цяжкасці.
  • Езу, навучы нас шанаваць кожнае зачатае жыццё. Няхай кожнае дзіця будзе каханым і чаканым у сваёй сям'і.
  • Езу, Валадар жыцця, прымі нашых блізкіх памерлых у сваё Валадарства.
  • Езу, дапамажы нам вытрываць у нашых адвэнтавых пастановах, каб мы маглі з адкрытым сэрцам прыняць Цябе ў сваё жыццё.

Божа, наш найлепшы Айцец, просім, пачуй нашыя малітвы, якія скіроўваем да Цябе, і ўмацуй нашу веру ў штодзённым жыцці. Амэн.

С. Марына Брылёнак

Адноўлена 30.11.2013 12:23
 
© 2003-2024 Catholic.by