Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прыняў удзел у сустрэчы з Папам Францішкам | Друк |
Іерархі
11.09.2015 00:37

10 верасня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 130 біскупаў, якія атрымалі сакру на працягу апошняга года. Сярод гэтых іерархаў быў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Біскупы прыбылі ў Рым на спецыяльны курс, арганізаваны Кангрэгацыяй па справах Біскупаў і Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў.




 

На заканчэнне аўдыенцыі кожны з біскупаў меў магчымасць падыйсці да Святога Айца і абмяняцца з ім некалькімі словамі. Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў размове з Папам падзякаваў яму за тое, што вылучыў яго і ва ўзросце 40 гадоў прызначыў біскупам, тым самым адарыўшы сваім вялікім даверам і надзеяй. Таксама іерарх падзякаваў Пантыфіку за клопат аб беларускім народзе і яго далейшым лёсе, пры гэтым дадаўшы, што гэты клопат відавочны ў розных сітуацыях.



 

«Карыстаючыся нагодай, я ўзгадаў аб прагненні вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і людзей добрай волі ўбачыць Папу на нашай зямлі. У адказ на гэта Святы Айцец моцна паціснуў мне руку і сказаў: “Калі гэтага захоча Пан”», — перадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі карэспандэнту Сatholic.by.



 

«Дзякуючы за клопат аб нашым народзе і Касцёле, я перадаў Папу вельмі сардэчнае прывітанне ад усіх і запэўніў, што мы молімся за Святога Айца», — паведаміў біскуп.


 

Пасвячэнне біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB адбылося 27 чэрвеня ў архікатэдральным касцёле ў Мінску.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by