Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся з біскупамі, якія атрымалі сакру на працягу апошняга года
Святы Айцец
10.09.2015 17:15

10 верасня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 130 біскупаў, якія атрымалі сакру на працягу апошняга года. Іерархі, сярод якіх дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, прыбылі ў Рым на спецыяльны курс, арганізаваны Кангрэгацыяй па справах Біскупаў і Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў.

Звяртаючыся да біскупаў, Пантыфік заўважыў, што ў сваёй прамове жадае ісці далей за «каталог праблематык», якія іх чакаюць. «Я б не хацеў засяроджвацца на гэтым раскладзе абавязкаў, каб не спужаць вас і сябе. Бо ў вас жа яшчэ мядовы месяц!» — пажартаваў Папа.

Тым не менш Святы Айцец нагадаў, што «першым і незаменным абавязкам» біскупаў з’яўляецца сведчанне аб Уваскрослым Хрысце, каб адказаць на пытанне свету пра самае важнае. Па словах Папы, сёння людзі забыліся аб вечнасці і нярэдка ў разгубленасці крочаць навобмацак, ахопленыя «цынічным разлікам ўласнага выжывання» і абыякавасцю да «магчымасці вечнага жыцця». Нягледзячы на гэта, перад Касцёлам ставяцца пытанні, адказаць на якія немагчыма без перспектывы ўваскрашэння і вечнасці, дадаў Пантыфік.

Папа нагадаў аб «драматычных выкліках», якія стаяць перад біскупамі: глабалізацыі, «эпахальнага феномену міграцыі», «недальнабачнай і часам драпежніцкай эксплуатацыі» навакольнага асяроддзя, годнасці і будучыні чалавечай працы, якой «пазбаўлены цэлыя пакаленні, зведзеныя да ўзроўню статыстыкі», «апустыньвання адносін», згубленасці моладзі і самотнасці пажылых людзей.

Біскупы, па словах Пантыфіка, пакліканы цалкам прысвяціць сябе дабру ўласных супольнасцяў, каб «ніводная сфера жыцця людзей» не была «выключана з інтарэсу пастыра». Папа заклікаў прызначаных нядаўна іерархаў весці «за руку» тых, хто ўжо наведвае іх супольнасці, становячыся «педагогамі, духоўнымі кіраўнікамі і катэхетамі», а таксама клапаціцца пра тых, хто аддаліўся ад Касцёла ці зусім не ведае Хрыста.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.