Пошук

17.08.2017 15:48   sib-catholic.ru / Catholic.by

Парыжская грамадскасць і абаронцы гістарычнай і архітэктурнай спадчыны занепакоены павольным занядбаннем сабора Парыжскай Божай Маці. У хуткім часе галоўныя элементы святыні не змогуць выконваць свае функцыі, і пад пагрозай апынецца стабільнасць усяго будынка.

Паводле падклікаў экспертаў, як паведамляе партал Rublev.com, каб гэтага не адбылося, у бліжэйшыя 20 гадоў спатрэбіцца 100 мільнаў еўра і яшчэ 50 мільёнаў у наступныя дзесяць.

У апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя на аднаўленчыя працы ўжо былі выдаткаваны немалыя сродкі. Асноўныя працы датычылі заходняга «параднага» фасаду будынка.

Цэлы шэраг старадаўніх вадасцёкаў, увянчаных галовамі міфічных гаргулій, замянілі часова на трубы з ПВХ. Дажджы, забруджванне атмасферы, тэмпературныя перапады з кожным годам падвяргаюць сабор усё больш адчувальным ударам.

Не ў лепшым стане знаходзіцца 93-мятровы шпіль, які ўзвышаецца над саборам. Яго стрэлападобная аснова пакрыта плітамі са свінца, якія ў многіх месцах прадзіравіліся і прапускаюць вільгаць, што раз’ядае дубовыя балкі XII-XIII стст. Сур’ёзнай рэстаўрацыі патрабуюць таксама аркбутаны — вонкавыя падпорныя аркі, свайго роду галоўны «шкілет» святыні.

Для вырашэння фінансавых праблем быў створаны фонд «Будучая спадчына Парыжа», які ўжо звярнуўся з заклікам збіраць сродкі да католікаў іншых краін, у прыватнасці ў ЗША.

Лічыцца, што адказнасць за падтрымку такіх помнікаў, як Нотр-Дам, ляжыць на дзяржаве. Паводле актуальнага ў Францыі закона, з 1905 года святыня, з’яўляючыся нацыянальнай маёмасцю і набыткам, з’яўляецца ўласнасцю дзяржавы, а Каталіцкаму Касцёлу дадзена права на вечнае і бясплатнае карыстанне.

Нягледзячы на тое, што Нотр-Дам штогод наведваюць каля 13 мільёнаў чалавек — як турыстаў, так і веруючых — святыня дзейнічае паводле прызначэння, тут праводзяцца набажэнствы і ўдзяляюцца сакрамэнты.

Адзін з сімвалаў французскай сталіцы

Як лічаць сучасныя археолагі, на месцы Нотр-Дам-дэ-Пары знаходзіліся чатыры розныя храмы: раннехрысціянскі касцёл IV стагоддзя, меравінгская базыліка, каралінгскі сабор і раманскі катэдральны сабор. Апошні быў разбураны да падмурка, а яго камяні будаўнікі выкарыстоўвалі ў фундаменце сённяшняга будынка.

Будаўніцтва Нотр-Дам распачалося ў 1163 годзе і завяршылася ў 1345 годзе. Сабор заставаўся некранутым ажно да XVIII стагоддзя.

У пачатку XIX ст. узнікла пытанне аб зносе святыні з прычыны яе безнадзейнага стану. Аднак у 1831 годзе французскі пісьменнік Віктор Гюго выдаў раман «Сабор Парыжскай Божай Маці», галоўная мэта якога заключалася ў тым, каб прыцягнуць увагу да запусцелага сабора. Увыніку, у 1841 годзе распачалася рэстаўрацыя, якая працягвалася 23 гады.

Сабор на працягу многіх стагоддзяў служыў месцам заключэння каралеўскіх шлюбаў, правядзення імператарскіх каранацый і нацыянальных пахаванняў.

Нотр-Дам з’яўляецца катэдральным саборам архідыяцэзіі Парыжа, тут знаходзіцца кафедра парыжскага арцыбіскупа. Святар, адказны за набажэнствы ў саборы, прызначаецца архідыяцэзіяй і носіць тытул рэктара сабора.

У саборы захоўваецца адна з вялікіх хрысціянскіх святыняў — цярновы вянец Езуса Хрыста.

Абноўлена 17.08.2017 15:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа