Пошук

10.08.2017 16:20   ekai.pl / Catholic.by

Адмаўленне ад ісламу на карысць атэізму мусульманамі ў Францыі, а таксама ў Вялікабрытаніі, іншых еўрапейскіх краінах і нават у традыцыйна мусульманскіх становіцца ўсё больш масавым.

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай у канцы ліпеня ў Лондане Радай былых мусульманаў Англіі. Пры гэтым на форуме звярталася ўвага, што звычайна многія вераадступнікі ўтойваюць свае сапраўдныя перакананні, бо іх жыццю пагражае небяспека.

Міжнародная канферэнцыя на тэму свабоды сумлення і перакананняў прайшла 22-24 ліпеня ў Лондане і, паводле арганізатараў, была «самым вялікім сходам былых мусульманаў у гісторыі». На форум прыбылі выступоўцы з 30 краін, пры гэтым большасць з іх — былыя вызнаўцы ісламу.

Адным з пунктаў праграмы быў паказ фільма «Няверуючыя ў ісламе», які ў 2016 годзе зняла нарвежскі рэжысёр Дзія Хан. На заканчэнне форуму ў паветра выпусцілі 99 чырвоных паветраных шарыкаў на ўспамін пра «ахвяраў, асуджаных за адступніцтва».

Як сцвердзіў французскі сацыёлаг Усам Бэнтабэ (Houssame Bentabet), «некаторыя былыя мусульмане становяцца змагарамі супраць асуджэння на смерць вераадступнікаў, іншыя называюць сябе толькі “вальнадумцамі”, не выказваючыся афіцыйна пра сваю рэлігію, а іншыя адмаўляюць тэрмін “былы мусульманін”, падкрэсліваючы, што жывуць як атэісты».

Французскі сацыёлаг заўважыў, што атэізм у мусульманскім свеце расце і будзе распаўсюджвацца. Аднак, як дадаў, праблемай з’яўляецца пакаранне смерцю вераадступнікаў, што ўпісана ў класічны ісламскі закон.

Рада былых мусульманаў Англіі была заснавана на Брытанскіх выспах у 2007 г. па ініцыятыве іранкі Мірыям Намазі і сёння існуе ў многіх еўрапейскіх краінах і нават у некаторых ісламскіх.

Абноўлена 10.08.2017 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця