Пошук

30.08.2017 14:57   Ганна Якімовіч / Фота: Павел Галімаў, Ганна Якімовіч / Catholic.by

29 жніўня супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сумесна з Нацыянальным «Карытас» і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB прынялі ўдзел у дабрачынным свяце «Мелодыі дабра».

Сустрэча праходзіла ў Магілёўскім спецыялізаваным Доме дзіцяці для дзяцей з арганічным пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы з парушэннем псіхікі.

Свята было арганізавана супрацоўнікамі Дома дзіцяці ў цеснай садружнасці з Магілёўскім абласным аддзяленнем рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларускі дзіцячы фонд» пры падтрымцы дабрачыннага таварыства «Дапамога дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобыля» (Эрфтштадт, Германія) і многіх магіляўчан, неабыякавых да лёсу цяжкахворых дзяцей.

Музычнае суправаджэнне свята на дабрачыннай аснове забяспечваў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, аркестр народных інструментаў імя Леаніда Іванова Магілёўскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Алданава.

Падчас мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў «Матуліна ўсмешка», «Пяшчотная ўсмешка». Удзельнікаў свята чакала шмат сюрпрызаў і забаваў — шоў мыльных бурбалак, выступленне клоўнаў, аквагрым, роставыя лялькі і многае іншае.

Супрацоўнікі «Карытас» прысутнічалі на гэтым мерапрыемстве нездарма. «Карытас» Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі і Магілёўскі дом дзіцяці ажыццяўляюць сумесны праект «Сацыяльная перадышка». Мэта праекта — падтрымаць бацькоў, якія знаходзяцца з хворымі дзецьмі 24 гадзіны ў суткі і не могуць іх пакінуць з кімсьці іншым, бо гэтага іншага найчасцей проста няма.

Да таго ж у дзяцей, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, у любы момант могуць пачацца прыступы, многія не могуць ні дыхаць без спецыяльнага апарата, ні харчавацца без зонда. Пастаянна знаходзіцца ў такім рытме бацькам вельмі цяжка і фізічна, і псіхалагічна. Ім на дапамогу прыйдуць медыцынскія работнікі, якія будуць некаторы час назіраць за дзецьмі ў Цэнтры паліятыўнай дапамогі, а ў бацькоў з’явіцца магчымасць заняцца іншымі важнымі справамі: схадзіць у краму, надаць увагу іншым сваім дзецям, прыбраць у кватэры, набрацца сіл і хоць крыху адпачыць.

Плануецца падабраць і абсталяваць памяшканне-стацыянар , куды на неабходны час можна будзе прывозіць дзяцей і дзе ім будзе аказвацца комплексная дапамога і догляд кваліфікаваных супрацоўнікаў Цэнтра. Для рэабілітацыі дзяцей медыкі і педагогі паспяхова ўжываюць сучаснае медыцынскае абсталяванне і эфектыўныя методыкі. Пры неабходнасці спецыялісты аказваюць псіхалагічную дапамогу і ў сям’і.

 

Абноўлена 30.08.2017 15:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця