Пошук

30.11.2022 19:19   Тэкст: Алеся Стэцкая / Фота: Дар’я Стажок / Jan.by

20 лістапада ў Мінску адзначылі 30-годдзе свайго служэння ў Беларусі ксяндзы хрыстусоўцы.

Святкаванне, прымеркаванае да патранальнай урачыстасці гэтай законніцкай супольнасці — Езуса Хрыста, Валадар сусвету, — адбывалася ў маладой парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ, што знаходзіцца ў сталічным мікрараёне Кунцаўшчына. Ужо восем гадоў душпастырскае служэнне тут нясуць ксяндзы хрыстусоўцы.

Як паведамляецца на парафіяльным сайце Jan.by, у капліцы цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, удзельнікі якой дзякавалі Богу за 90 гадоў існавання законніцкай супольнасці хрыстусоўцаў і 30 гадоў іх служэння у Беларусі, узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

За тры дзесяцігоддзі ў нашай краіне ў розны час працавалі 18 святароў з гэтай кангрэгацыі.

Яны неслі душпастырскае служэнне ў Брэсце, Ганцавічах, Геранёнах, Гродне, Іўі, Ішкалдзі, Лунінцы, Мінску, Мядзведзічах, Паланэчцы, Пінску і Суботніках. Парафія ў Мядзведзічах, што ў Пінскай дыяцэзіі, у 1992 годзе стала першым месцам душпастырскай працы хрыстусоўцаў у Беларусі. Цяпер у Беларусі служаць тры святары з гэтай законніцкай супольнасці: ксёндз Алег Шпець SChr, ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr і ксёндз Андрэй Лысы SChr; усе яны — душпастыры ў Мінску. Двое іншых святароў з Беларусі нясуць служэнне за мяжой: ксёндз Вадзім Ус SChr — у Дубліне (Ірландыя), а ксёндз Сяргей Ангур SChr — у Лас-Вегасе (Злучаныя Штаты Амерыкі).

Сама назва «хрыстусоўцы» ўказвае на Таго, хто з’яўляецца найважнейшым у працы святароў гэтай супольнасці. Біскуп Касабуцкі заўважыў, што на працягу 30-і гадоў хрыстусоўцы адзначыліся рознабаковым служэннем, а таксама падзякаваў за тое, што і сёння гэтыя святары гатовыя брацца за розныя справы і ахвярна нясуць сваё служэнне, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці.

Пастыр нагадаў словы Езуса Хрыста: «па пладах пазнаеце іх», дадаўшы, што пладоў гэтых нямала. За восем гадоў працы ў Мінску ў Кунцаўшчыне не толькі распачалося будаўніцтва касцёла, але пастаянна будуецца і расце парафія — жывы Касцёл.

Гэта было відаць падчас урачыстасці, у якой актыўна ўдзельнічалі розныя супольнасці: прыгожа граў і спяваў хор Effata, свае функцыі выконвала літургічная служба алтара і каталіцкія скаўты. У працэсіі з дарамі ішлі сем’і Суполак Маці Божай і Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта, удзельніцы малітоўнага руху «Маці ў малітве», удзельнікі школы святога Яна Паўла ІІ, Душпастырства моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» і «Эўхарыстычнага руху маладых».

На заканчэнне святой Імшы святары хрыстусоўцы аднавілі свае законніцкія абяцанні, а парафіяне шчыра падзякавалі ім за ахвярнае служэнне на нашай зямлі, пасля чаго ўсе прысутныя разам праспявалі гімн кангрэгацыі.

 

Абноўлена 30.11.2022 19:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа