Пошук

21.09.2022 10:21   сястра Ірына Грыгаровіч Fdlc / Catholic.by

У Беларусі з 4 верасня распачалася перэгрынацыя Цудоўнага медаліка ў межах дзевяцігадовай навэнны, прысвечанай падрыхтоўцы да 200-годдзя аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ.

Сёстры з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля (шарыткі) разам з прадстаўнікамі Вінцэнтскай Марыйнай моладзі (Дзеці Марыі) наведалі парафіі Пінскай дыяцэзіі у Пружанах, Шарашове, Перадзельску, Вялікім Сяле, Ружанах, Косаве, Івацэвічах і ў вёсцы Волька, дзе пазнаёмілі вернікаў з пасланнем Беззаганнай Панны Марыі, якая аб’явіла Цудоўны медалік.

Нагадваючы вернікам пра магутную Заступніцу ў Небе, а таксама дзелячыся сведчаннямі пра шматлікія цуды, якія здзейсніліся праз заступніцтва Беззаганнай Марыі, удзельнікі гэтай малітоўнай акцыі спадзяюцца абудзіць у сэрцах людзей веру і надзею на тое, што Марыя ніколі не пакідае нас на шляху да збаўлення, але падтрымлівае сваёй апекай і дапамагае прайсці праз усе выпрабаванні ў нашым жыцці.

Вернікі, якія яшчэ больш даведаліся пра пасланне Дзевы Марыі сястры Кацярыне Лябурэ ў 1830 годзе, з вялікай удзячнасцю і пашанай прымалі медалікі, беручы гэты «дар Неба» для сябе, сваіх блізкіх і знаёмых.

Яны таксама дзяліліся сведчаннямі пра цуды, якія ўжо спазналі ў сваім жыцці праз заступніцтва Маці Божай. Іх сведчанні з’яўляюцца своеасаблівым знакам апекі Марыі над нашай Айчынай.

Пасля святой Імшы разам з усімі вернікамі памаліліся Навэннай да Маці Божай, якая аб’явіла Цудоўны медалік, просячы аб Божых ласках для кожнага з прысутных, нашай краіны і ўсяго свету.

Сёстры шарыткі заахвочваюць усіх людзей добрай волі далучыцца да гэтай малітвы, каб выпрасіць ласку навяртання да Бога ўсіх закаранелых грэшнікаў праз заступніцтва Марыі Беззаганнай ад Цудоўнага медаліка. Яны таксама просяць аб Божай моцы і апецы Багародзіцы для тых, хто распаўсюджвае пасланне Беззаганнай Марыі праз Цудоўны медалік.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця