Пошук

20.09.2022 11:49   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

17 верасня ў Сянне (Віцебская дыяцэзія), невялікім раённым цэнтры на поўначы Беларусі, адбылося пасвячэнне новазбудаванага касцёла Найсвяцейшай Тройцы, якое здзейсніў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Адбылося гэта роўна праз 60 гадоў пасля знішчэння ў горадзе каталіцкай святыні, пабудаванй тут 250 гадоў таму.

Гісторыя касцёла і парафіі ў Сянне сягае ў пачатак XVII ст. Душпастырская апека ў парафіі была даверана канвентуальным францішканам, якія мелі тут драўляны касцёл і кляштар. Пасля пажару ў 1750 годзе ўзнікла патрэба адбудовы святыні.

Яна распачалася ў 1766 годзе і была скончана ў 1772. У гэтым жа годзе касцёл быў кансэкраваны біскупам Феліксам Тавяньскім пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Сянно апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1848 годзе кляштар францішканаў быў зачынены, аднак яшчэ пэўны час айцы францішкане служылі ў парафіі.

Асабліва цяжкімі для парафіі былі часы пасля бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту 1917 года. Тады ў парафіі налічвалася каля трох тысяч вернікаў, а ўсе сенненскія душпастыры былі рэпрэсаваныя.

У 1919–1921 годзе ў парафіі служыў ксёндз Аляксандр Астрамовіч, вядомы беларускі паэт, які друкаваўся пад псеўданімам Андрэй Зязюля, аўтар паэтычнага зборніка «З роднага загону» (1913). За нацыянальна-рэлігійную дзейнасць святар пераследаваўся бальшавікамі: быў арыштаваны і некалькі тыдняў правёў у турме Віцебскай губчэка. 17 студзеня 1921 г. святар памёр у Сянно, дзе і быў пахаваны на мясцовых могілках. З цягам часу месца яго пахавання было згублена. Падобны лёс напаткаў і іншых святароў, якія служылі ў Сянне.

Каля 1933 года касцёл у горадзе быў зачынены.

Святыня была моцна пашкоджана падчас Другой сусветнай вайны, а 17 верасня 1962 года аднаго з найпрыгажэйшых у наваколлі будынкаў не стала: касцёл узарвалі, а памяшканні кляштара прыстасавалі для гаспадарчых патрэб. Сёння тут знаходзіцца кілбасны цэх.

У пасляваенны час нешматлікія вернікі, што засталіся ў Сянне, час ад часу выязджалі ў касцёлы ў Заходнюю Беларусь. Аднак паездкі гэтыя частымі не былі, таму ў большасці вернікі маліліся прыватна ў сваіх дамах.

Адной з іх была з Анэля Ляпецкая з вёскі Адамова, парафіянка былой сенненскай парафіі. Жанчына памерла у 1986 годзе, ва ўзросце 81 года. А ў 1991 годзе яе ўнук Міхал Ермашкевіч пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута ўступіў у ордэн дамініканаў. У адзін са сваіх прыездаў на радзіму ён арганізаваў першую святую Імшу ў Сянне, якую ў 1998 годзе цэлебраваў у будынку спартыўнага комплекса пробашч лепельскай парафіі святога Казіміра ксёндз Мечыслаў Янчышын. На гэтую Імшу сабраліся шэсць чалавек, але галоўны крок быў зроблены: паступова парафіяльная супольнасць пачала адраджацца. Праз пэўны час Імша ўжо штонядзелю цэлебравалася ў кватэры бацькоў айца Міхала Ермашкевіча ОР, а потым у кватэры Бэрнарды Антонавай.

28 сакавіка 2001 года парафія пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы ў Сянне была зарэгістравана афіцыйна. У ліпені 2001 года ў парафію быў прызначаны ксёндз Януш Прусіноўскі, які пачаў шукаць памяшканне пад капліцу. Нічога вартага не знаходзілася, і тады біскуп Уладзіслаў Блін дазволіў перавезці з Дунілавічаў на Пастаўшчыне гатовую капліцу, дзе і цэлебравалася першая святая Імша на Божае Нараджэнне 2001 года.

У 2014 годзе служэнне ў парафіі распачаў айцец Міхал Ермашкевіч ОР. Бачачы стан старой капліцы, ён вырашыў, што трэба будаваць новы касцёл. Шмат высілкаў патрабавала падрыхтоўка да будаўніцтва, аднак 9 верасня 2019 года было расчышчана месца пад касцёл і ўжо да зімы былі ўзведзены сцены.

Урачыстае пасячэнне касцёла сабрала вернікаў не толькі з Сянна, але і з Талачына і Віцебска.

Сярод прысутных на свяце былі і тыя, хто стаяў ля вытокаў адноўленай парафіі у райцэнтры. Васіль Федаровіч разам з жонкай прыехалі з Талачына, дзе яны жывуць ужо шмат гадоў. У свой час яны кожную нядзелю прыязджалі з Талачына ў Сянно на Імшу разам з ксяндзом Кшыштафам Мікалайчыкам.

У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч звярнуў увагу на тое, што адроджаная святыня была пабудавана на фундаменце старога касцёла. Звяртаючыся да ўрыўка з Евангелля паводле святога Мацвея, у якім Езус кажа апосталу Пятру, што брамы пякельныя не перамогуць Касцёл, іерарх падкрэсліў, што немагчыма знішчыць Касцёл, пабудаваны на падмурках апосталаў.

«Бог знішчае таго, хто знішчае святыню Божую: мова вядзецца пра чалавека, яго душу, але і тая сістэма, што нішчыла касцёлы, таксама разбурана», — адзначыў біскуп Віцебскі. Пастыр дадаў, што вера не можа быць  музейным экспанатам; яна павінна быць жывой.

На ўрачыстасці прагучала шмат словаў падзякі ўсім тым, хто прычыніўся да пабудовы касцёла. Вядома, што касцёл — Дом Божы, але будуецца ён рукамі людзей. За сумленную і якасную працу біскуп Буткевіч і пробашч парафіі выказалі вялікую падзяку будаўніку святыні Віктару Воранаву.

Касцёл у Сянне быў збудаваны пераважна за ахвяраванні вернікаў, частку сродкаў выдзеліла дабрачынная арганізацыя «Касцёл у патрэбе». Сярод тых, хто адрозніўся сваёй ахвярнасцю, была верніца парафіі святой Барбары з Віцебска Раіса Кішковіч, аб чым узгадаў падчас урачыстасці айцец Міхал Ермашкевіч. «Было не раз, што вось ужо сродкаў няма, а тут якраз Раіса Максімаўна дапамагла», — прыгадаў ён. Падзякаваў святар і Валянціне Ганчаровай за маральную падтрымку і шчырыя малітвы.

Пабудова касцёла ў Сянне стала чарговым пацверджаннем таго, што ў Бога няма нічога немагчымага. Дзякуючы нястомным малітвам айца Міхала і шматлікіх вернікаў удалося пераадолець усе шматлікія перашкоды.

Сам айцец Міхал спраектаваў інтэр’ер і намаляваў абразы ў новазбудаванай святыні.

Адметна, што ў дзень пасвячэння ў новым касцёле нарадзілася новая сям’я Наталлі і Мікалая, чыё сужэнства благаславіў айцец Міхал Ермашкевіч.

Парафільная супольнасць ў Сянне невялікая, на сённяшні момант гэта ўсе тыя, хто ў свой час пераехаў сюды з Заходняй Беларусі. Прыехаўшы з рэгіёна з моцнымі каталіцкімі традыцыямі, людзі практычна з нуля адраджалі рэлігійнае жыцце ў сваім новым доме. Таму зразумела, што ўклаўшы вялікі намаганні ў пабудову парафіі, яны як ніхто іншы разумеюць каштоўнасць сваёй святыні. «Гэта вялікае шчасце — мець свой касцёл», — кажа шматгадовая старшыня касцельнага камітэта Генавэфа Гарбузава.

 

Абноўлена 20.09.2022 11:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа