Пошук

18.08.2022 08:45   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

16 жніўня, ва ўспамін святога Роха, у вёсцы Кавальцы, што на тэрыторыі парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Волме (Стаўбцоўскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), адбылася традыцыйная працэсія з цудадзейным абразом святога Роха, якога ў гэтай мясцовасці з даўніх часоў ушаноўваюць як апекуна і нябеснага заступніка.

Штогод у гэты дзень жыхары Кавальцоў абыходзяць вёску і навакольныя палеткі, несучы абраз святога Роха, цудоўным чынам уратаваны ў часы пераследу веры і змагання з Касцёлам.

Вяскоўцы сустракаюць працэсію каля сваіх хат, пацалункам ушаноўваюць ікону і, нізка кланяючыся, праходзяць пад абразом святога апекуна.

Мясцовыя жахары апавядаюць, што два стагоддзі таму менавіта заступніцтва святога Роха ўратавала іх вёску ад чумы. Як паведамляюць аповеды, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, непадалёк ад вёскі Кавальцы быў маёнтак Яхімова, якім валодала пані Свідава. Калі хвароба пачала хутка распаўсюджвацца ў гэтай мясцовасці, несучы з сабою смерць у пакутах, шляхцянка скіравала ў Францыю некалькі адважных жыхароў. Адтуль, з радзімы святога Роха, заступніка ў час пошасці, яны прывезлі яго абраз.

Як сцвярджаюць нашчадкі тых людзей, пасля таго, які іх продкі пачалі маліцца перад гэтым абразом, смерці ад страшнй хваробы спыніліся.

У канцы вёскі Кавальцы для абраза была пабудавана адмысловая капліца, якая пазней была разбурана савецкай уладай, аднак сам абраз святога заступніка тутэйшыя вернікі ўратавалі і захавалі да сёння. Захавалі яны і звычай абносіць ім вёску, узносячы праз заступніцтва святога Роха малітвы да Бога аб уратаванні ад хвароб і заразы. Намаганнямі мясцовых жыхароў у Кавальцах была пабудавана новая прыдарожная капліца.

У вясковай працэсіі ўзяў удзел пробашч валмянскай парафіі ксёндз Валянцін Станкевіч.

«Хвала Богу за тое, што сёння ёсць магчымасць праславіць Яго ў абразах святых. Таму выказваю падзяку гэтым людзям, якія захоўваюць веру ў Найвышэйшага, што была перададзена ад нашых бацькоў і продкаў», — кажа святар.

У Год гістарычнай памяці асабліва важна памятаць і падтрымліваць сапраўдныя, жывыя традыцыі нашых продкаў, а не навязаныя чужынцамі ідэалагічныя ўстаноўкі, якія не маюць нічога агульнага са слаўнай і часта трагічнай гісторыяй нашага добрага і шматпакутнага народа.

 

 

Абноўлена 18.08.2022 08:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця