Пошук

16.08.2022 12:37   Тэкст і фота: Раман Ярмош / Catholic.by

15 жніўня ў маленькай вёсачцы Дуды (Гродзенская дыяцэзія, Івейскі дэканат) адбыўся традыцыйны фэст з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Божай.

У гэты дзень вернікі з усяго наваколля імкнуцца ў касцёл Нараджэння Маці Божай у Дудах, каб перад абразом Нябеснай Маці скласці свае просьбы і падзякі.

Адметнасцю сёлетняй урачыстасці з’яўляецца тое, што ў гэтым годзе касцёл у Дудах адзначае 250-гадовы юбілей свайго заставання.

Пасля двухгадовага перапынку сюды аднавіліся арганізаваныя пілігрымкі з Іўя: 87 пілігрымаў прыйшлі ў Дуды ў невялікай пілігрымцы. Людзі ішлі пешкі шэсць кіламетраў, што заняло паўтары гадзіны.

На пачатку ўрачыстасці пробашч дудскай парафіі ксёндз Вячаслаў Матукевіч прывітаў усіх прысутных: парафіянаў, духоўных асоб, пілігрымаў, якія прышлі не толькі пешшу, але і прыязджалі на роварах і машынах з наваколля.

Сваімі ўспамінамі пра фэст у Дудах падзяліўся з прысутнымі ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь.

Святар успомніў сваё дзяцінства, звязанае з гэтым касцёлам, і выказаў радасць ад таго, што Івейская зямля мае сваю асаблівую святыню ў гонар Маці Божай.

Над Божым словам з вернікамі разважаў ксёндз Віталій Сідорка. Ён распавёў пра гісторыю ўрачыстасці Унебаўзяцця і заахвоціў кожнага ісці за Езусам па прыкладзе Марыі.

Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім дэкан Івейскі ксёндз канонік Віктар Субель дзякаваў за існаванне на Івейшчыне гэтага выбранага Багародзіцай месца Яе культу і пілігрымак. Потым адбылася працэсія вакол касцёла, а таксама традыцыйнае благаслаўленне садавіны, гародніны, кветак, зёлак і рэлігійных рэчаў.

На заканчэнне пробашч падзякаваў парафіянам за падрыхтоўку да фэста, а гасцям за працяг добрай традыцыі.

«За гісторыю касцёла ў два с паловай стагоддзі ніхто не ведае, калі распачаліся першыя пілігрымкі ў Дуды. Але кожнае пакаленне працягвала справу сваіх продкаў.

Людзі ведаюць аб тым, што іх дзяды-прадзеды прыходзілі сюды. Вернікі з суседніх парафій, вёсак і мястэчак імкнуліся трапіць у Дуды, дабіраліся пешшу, коньмі, раварамі, машынамі, пераадольвалі рэкі і лясы. І ад таго, як мы выхаваем новае пакаленне залежыць тое, як яно будзе адносіцца не толькі да гэтай урачыстасці, але і да Бога», — падкрэсліў ксёндз Вячаслаў Матукевіч.

Гістарычная даведка

Па матэрыялах даследвання Марты Галабэк, першы касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах быў пабудаваны ў XVІ стагоддзі. З інвентара касцёла вядома аб тым, што ў галоўным алтары святыні знаходзіўся абраз Маці Божай Сакальскай, які быў аздоблены дзвумя вотумамі. У 1732 годзе ксёндз Уладзіслаў Мацкевіч пабудаваў новы касцёл, у галоўным алтары якога таксама знаходзіўся абраз Маці Божай Сакальскай. Ужо ў 1757 годзе пры ім знаходзілася 72 вотумы і яшчэ больш за 100 каля іншых абразоў.

Цяперашні касцёл быў узведзены ў 1772 годзе коштам дудскіх старостаў Гераніма і Барбары з Сулістроўскіх Зянковічаў.

Пасвячаны ён быў пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча 28 верасня 1773 года. У святыні таксама ў галоўным алтары змяшчаўся старадаўні абраз Маці Божай Сакальскай.

Такім чынам можна лічыць, што ўрычастасці ў Дудах маюць глыбокія карані, а абраз Маці Божай здаўна карыстаецца вялікай павагай сярод вернікаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця