Пошук

18.01.2022 15:48   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У нядзелю 16 студзеня вернікі сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены на чале са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком віталі ў Чырвоным касцёле Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Упершыню з часу прызначэння на гэтую пасаду іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў святыні на плошчы Незалежнасці.

Вітаючы арцыпастыра, прадстаўнікі парафіяльнай моладзі сказалі: «Мы глядзім на Вас вачыма веры і дзякуем за тое, што Вы сёння з намі. Няхай Багародзіца заступаецца за Вас, а Пан Бог благаславіць Вашую пастырскую дарогу ў далейшым жыцці».

Узгадаўшы сваё першае занёмства з Чырвоным касцёлам ў далёкім 1991 годзе, арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што гэты Дом Божы з’яўляецца своеасаблівай Канай Мінска і Беларусі на ўзор Каны Галілейскай, дзе Езус учыніў свой першы цуд, ператварыўшы на вяселлі ваду ў віно.

«Кожны, хто прыязжае ў Мінск, ідучы па цэнтральнай плошчы сталіцы, бачыць гэтыю прыгожую святыню першай. Тут заўсёды мы можам пачуць голас Божы і адчуць вялікую павагу да нашай Маці Нябеснай», — падкрэсліў арцыпастыр.

У прамоўленай гаміліі ён звярнуў увагу на прысутнасць Бога ў штодзённым жыцці вернікаў, а таксама на ролю Маці Хрыста, якая заўсёды жадае дапамагчы чалавеку ў патрэбе. «Бог прысутнічае там, дзе дабро, прабачэнне, любоў, згода; там, дзе чалавек як хрысціянін прыкладае сваю руку да гэтага свету, каб зрабіць яго лепшым», — сказаў іерарх.

«Наша сённяшняе заданне і мэта — распазнаць Езуса Хрыста. Важна заўважыць, як Бог дзейніче праз чалавека. Каб, гледзячы на нашае жыццё, людзі змаглі сказаць: гэта Божы чалавек», — дадаў арцыбіскуп Станеўскі.

Напрыканцы святой Імшы адбылося развітанне з каляднай елкай, якая на свята Божага Нараджэння была прывезена ў Чырвоны касцёл з ваколіц Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

Трыма тыднямі раней, 24 снежня, падчас святой Імшы Пастэркі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч урачыста паклаў фігуру Нованароджанага Хрыста на сена ў яслях, усталяваных каля елкі з Будслава. Такім чынам заслужаны іерарх благаславіў пачатак новай традыцыі каляднай елкі з ваколіц беларускіх Марыйных санктуарыяў, першай з якіх, натуральна, стала лясня прыгажуня з-пад Будслава.

«Каб была памяць пра Маці Божую не толькі летам — тады, калі адбываюцца пілігрымкі, але і зімой, падчас Божага Нараджэння. Маці Божая заўсёды памятае пра нас», — азначыў пробашч парафіі і аўтар ідэі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк.

На наступнае Божае Нараджэнне калядную елку святар плануе даставіць у Мінск з ваколіц санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, што на Астравеччыне

«У вас нараджаецца яшчэ адна прыгожая традыцыя, якой вы разам ствараеце гісторыю парафіі», — адзначыў арцыбіскуп Станеўскі на развітанне з неадменным сімвалам Калядаў у Чырвоным касцёле.

 

Абноўлена 18.01.2022 20:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.