Пошук

24.10.2021 01:30   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

23 кастрычніка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася ўрачыстая цэлебрацыя з нагоды кананічнага ўступлення на пасаду новага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Дзякуючы прамой трансляцыі на партале Сatholic.by урачыстасць мелі магчымасць паглядзець усе ахвотныя ў розных кутках Беларусі і за мяжой.

А 11-й гадзіне былы тытулярны біскуп Табаікары і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, якога ў свята Узвышэння Святога Крыжа, 14 верасня, Папа Францішак прызначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у суправаджэнні Апостальскага нунцыя ў Беларусі Антэ Ёзіча прыбыў да галоўнай каталіцкай святыні сталіцы. Сустрэты каля ўваходу Апостальскім адміністратарам sede vacante біскупам Казімірам Велікасельцам і арцыбіскупам эмерытам Тадэвушам Кандрусевічам, іерарх прайшоў да алтара, дзе разам з папярэднікам затрымаўся на кароткую малітву ў цішыні.

Праз некалькі хвілін ён выйшаў з сакрыстыі ўжо ў літургічным адзенні: белым арнаце і мітры, упрыгожаных выявамі яго арцыбіскупскага герба — падарунку ад парафій Магілёўскай часткі архідыяцэзіі, за якую адказвае Біскупскі вікарый Аляксандр Яшэўскі SDB.

Тры арцыбіскупы — нунцый, эмерыт і новапрызначаны — разам з найстарэйшым беларускім іерархам далучыліся да астатняга духавенства, сабранага ў прэзбітэрыі і ў правай наве мінскай архікатэдры, і Апостальскі нунцый распачаў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.

Пасля ўступных абрадаў і прывітання прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне абвясціў:

«Гэтым урачыстым актам завяршаецца кіраванне Яго Эксцэленцыі Вялебнага Казіміра Велікасельца, О.Р., тытулярнага біскупа Бланды і дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі, які на пачатку гэтага года быў пакліканы Святым Айцом, каб часова ўзначаліць Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.

Я карыстаюся гэтай прыемнай нагодай для таго, каб падзякаваць Яго Эксцэленцыі Казіміру Велікасельцу за яго велікадушнае служэнне і супрацоўніцтва». Пасля гэтага арцыбіскуп Ёзіч папрасіў канцлера Мітрапалітальнай курыі ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага прачытаць булу аб прызначэнні арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на лаціне і яе пераклад на беларускую мову.

Прачытаную булу нунцый пад радасныя воплескі паказаў прысутным, а потым запрасіў арцыбіскупа Станеўскага ўступіць на сваю Мінска-Магілёўскую катэдру і працягнуць цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Малады Мітрапаліт перад тым, як сесці на свой трон у прэзбітэрыі, узняў вочы на замацаваны над ім свой арцыбіскупскі герб, які сімвалічна адлюстроўвае яго пастырскае служэнне Божаму народу.

Праз хвіліну перад алтаром ксяндзы дэканы як прадстаўнікі ўсяго Мінска-Магілёўскага прэзбітэрыя выказалі пашану і паслухмянасць свайму новаму арцыпастыру.

Пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля, у якім апавядалася пра святога Юзафа — апекуна арцыбіскупа Станеўскага і ўсяго паўсюднага Касцёла, які пражывае прысвечаны яму год, — іерарх прамовіў сваю першую гамілію ў якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У Божым слове ён засяродзіўся на прыярытэтах свайго новага служэння Касцёлу на хвалу Богу і дзеля збаўлення душаў.

Перадусім іерарх акрэсліў сваё бачанне Касцёла як дома, адкрытага для ўсіх, што стала працягам евангельскай адкрытасці яго папярэднікаў на Мінска-Магілёўскай катэдры: Сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка і першага біскупа ў новай гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча. Акрамя таго, арцыпастыр выказаў надзею на хуткае аднаўленне пашкоджанага пажарам санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, сардэчнымі словамі згадаў бацькоўскі дом, дзе распачаў свой жыццёвы шлях, скіраваў трапныя словы сем’ям, моладзі, духавенству, кансэкраваным асобам, семінарыстам, удзельнікам касцёльных рухаў і супольнасцяў, а таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў духу братэрства ўсіх вернікаў на сінадальным шляху, які ў гэтыя дні распачаў Касцёл на чале з Папам Францішкам.

Усё казанне арцыбіскупа Станеўскага было прасякнута духам вучэння і пастырскага клопату Пятра нашага часу, што стала сведчаннем глыбокага разумення маладым Мітрапалітам патрэбаў паўсюднага і мясцовага Касцёла ў сучасны гістарычны момант, а таксама выклікаў, якія сёння стаяць перад ім.

На закнчэнне святой Імшы са словамі віншавання да арцыбіскупа Станеўскага звярнуліся яго папярэднік на Мінска-Магілёўскай катэдры арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Прадстаўнік братняй Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў зачытаў прывітальнае слова Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, пасля чаго новага арцыбіскупа павіншавалі таксама прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім візітатарам архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Ад імя дзяржаўных уладаў з віншаваннем звярнуўся Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, які адзначыў вялікую ролю Каталіцкага Касцёла ў беларускім грамадстве і выказаў спадзяванне на развіццё супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы ў такіх сферах, як ахова здароўя, адукацыя і сацыяльнае служэнне.

Новага арцыбіскупа павіншавалі прадстаўнікі духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святары-аднакурснікі, якія былі першымі студэнтамі адкрытай у Гродне арцыбіскупам Кандрусевічам духоўнай семінарыі, кансэкраваныя асобы на чале са старшынёй Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB, а таксама вернікі мінскай катэдральнай парафіі.

На заканчэнне арцыбіскуп выказаў падзяку ўсім прысутным, а асабліва тым, хто прычыніўся да арганізацыі ўрачыстасці ў галоўнай святыні беларускай сталіцы, перадусім яе пробашчу ксяндзу каноніку Антонію Клімантовічу і цырмоніймайстру ксяндзу доктару каноніку Яну Крэмісу.

Заключнае слова іерарха прагучала на трох мовах: польскай рускай і беларускай.

Завяршылася святая Імша ўрачыстым благаслаўленем, якое арцыпастыр удзяліў усім прысутным, пасля чаго коратка адказаў на пытанні журналістаў.

 

Абноўлена 26.10.2021 09:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця