Пошук

23.10.2021 16:53   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

23 кастрычніка падчас урачыстай святой Імшы з нагоды афіцыйнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі запэўніў у сваёй малітве аб паскарэнні амністыі для зняволеных.

Гаворачы пра важнасць сям’і ў жыцці чалавека, прызначаны 14 верасня арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім іерарх зазначыў, што Касцёл і дзяржава — «гэта сям’я сем’яў».

«Мы дзякуем і сумуем па доме, дзе любоў — як хлеб штодзённы, які кожны дзень прысутнічае на стале; прабачэнне і неабходнасць зразумення — як глыток свежага паветра, які дадае ўнутранай энергіі; праўда, якая дае спакой нашаму сэрцу. Сум аб шчасці і дабрабыце, мары аб багацці і супакоі: ці трэба іх саромецца? — пытаецца ў нас сёння святы Ян Павел ІІ, літургічны ўспамін якога ў паўсюдным Касцёле мы адзначалі ўчора.

Таму Касцёл на Беларусі следам за Папам Францішкам заклікае і абяцае прыкласці ўсе намаганні, каб нашыя мары аб „сям’і як крыніцы радасці і надзеі“ здзейсніліся ў нашым грамадстве. Сёння патрэбна не крытыка, а супрацоўніцтва ўсіх „людзей добрай волі“ ў рэалізацыі гэтай мэты.

Таму словы падзякі скіроўваю яшчэ раз Апостальскаму нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Антэ Ёзічу за Ваш клопат, Эксцэленцыя, пра Касцёл і Беларусь як Сям’ю сем’яў.

І адначасова абяцаю ахінуць сваёю малітваю просьбу Святога Пасаду аб паскарэнні працэсу амністыі для зняволеных, аб якой Вы казалі на сёлетнім юбілеі 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі. Каб паядналіся сем’і», — сказаў у сваёй праграмнай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі падчас святой Імшы, якую ён упершыню цэлебраваў у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

Абноўлена 24.10.2021 01:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця