Пошук

08.06.2026 10:27   Марыя Валодзіна / Паводле: Vatican News BY / Catholic.by

Святая Імша з удзелам Папы на плошчы Сібелес у Мадрыдзе. Фота: Vatican Media

Другі дзень Папы распачаўся святой Імшой і працэсіяй Божага Цела, якія прайшлі на плошчы Сібелес у Мадрыдзе. У гаміліі ён нагадаў аб тым, што Эўхарыстыя гэта сэрца хрысціянскай веры.

Эўхарыстыя – дар жывой прысутнасці Хрыста сярод нас

Святы Айцец прыбыў на плошчу Сібелес, дзе размешчана гарадская ратуша, на папамабілі, вітаючы тысячі вернікаў. Перад пачаткам святой Імшы ён падпісаў кнігу ганаровых гасцей і атрымаў з рук мэра Мадрыда залаты ключ ад горада ў знак павагі.

У літургіі ўдзельнічалі іспанскія манархі, прадстаўнікі ўлады, кардыналы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі з усёй краіны.

У гаміліі Папа нагадаў, што Эўхарыстыя гэта дар жывой прысутнасці Хрыста сярод вернікаў. Гэтае ўсведамленне глыбока ўкаранёнае ў веры і гісторыі іспанскага народа. Урачыстасць Божага Цела ў Іспаніі гэта не проста чарговая святочная дата ў літургічным календары, а шлях вяртання да сэрца хрысціянскай веры. Урачыстыя працэсіі, якія праходзяць у гэты дзень, на працягу стагоддзяў уплывалі на пабожнасць, мастацтва, музыку, архітэктуру і жыццё краіны. Вытанчаныя кветкавыя дываны, вулічныя алтары, прыгожыя манстранцыі, спевы і літургічнае адзенне гэта не проста відовішча ці фальклорны рэлікт, а вызнанне веры ў прысутнасць Уваскрослага Пана.

Святая Імша з удзелам Папы на плошчы Сібелес у Мадрыдзе. Фота: Vatican Media

Леў XIV падкрэсліў, што працэсія сведчыць аб тым, што Езус не застаецца ў сценах святыні, але выходзіць насустрач людзям, прысутнічае ў іх штодзённым жыцці. Хрыстус атаясамлівае cябе з беднымі, прыгнечанымі, адзінокімі і пакінутымі. Невыпадкова Касцёл у Іспаніі адзначае Дзень міласэрнасці менавіта ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

Папа звярнуў увагу на небяспеку «камфортнай, прыватнай веры», якая не вядзе да перамены жыцця. Ён заклікаў вернікаў да навяртання, змены погляду і прыняцця прысутнасці Хрыста, каб стаць будаўнікамі новага грамадства.

Пантыфік заахвоціў іспанцаў не абмяжоўваецца тужлівай настальгіяй па мінулых працэсіях Божага Цела, а жыць верай ў цяперашнім часе у штодзённым жыцці, ва ўзаемаадносінах, у грамадстве і ў будаўніцтве будучыні.

«Рэлігійнасць, якая стагоддзямі вызначала Іспанію, не павінна стаць «музеем мінулага», але мусіць заставацца жывой школай веры. Гэтая школа вучыць чалавека кленчыць перад Панам і паважаць бліжняга, а таксама прысвячаць сябе будаўніцтву агульнага дабра»,

сказаў Святы Айцец.

Папа згадаў святога Мануэля Гансалеса, «біскупа пакінутага табэрнакулюма», чыё жыццё нагадвае пра неабходнасць шанаваць Эўхарыстыю не толькі падчас вялікіх урачыстасцей, але і дзень пры дні. Ён таксама працытаваў паэтычныя радкі святога Яна ад Крыжа, які падчас зняволення ў Таледа ў 1578 годзе сведчыў пра прысутнасць Пана ў цемры сваёй камеры.

Святы Айцец заклікаў вернікаў адкрыцца на сустрэчу з Хрыстом, дазволіць Яму задаволіць смагу іх сэрцаў, каб потым яны маглі несці ў свет гэты струмень свежай вады, струмень любові, міру, справядлівасці і радасці.

«Эўхарыстычная ласка перамяняе чалавека і робіць яго знакам надзеі для іншых»,

падкрэсліў Папа.

Леў XIV дзеячам культуры: ткаць сеткі абноўленага грамадства

Увечары на вялікай крытай арэне Movistar у Мадрыдзе адбылася сустрэча Папы з дзеячамі культуры, мастацтва, эканомікі і спорту.

Прыбыўшы ў палац спорту, дзе яго сустракаў арцыбіскуп Мадрыда кардынал Хасэ Коба Кана, Леў XIV прайшоў на сцэну пешшу, вітаючы па дарозе шматлікіх вернікаў. Пасля прывітальнай песні і кароткага звароту кардынала Коба гучалі сведчанні і выступленні прадстаўнікоў розных сфер культуры і грамадскага жыцця краіны. Сярод іх былі акцёр Антоніа Бандэрас і рэктар Мадрыдскага ўніверсітэта Хасэ Марыя Каэльё дэ Партугал. Танцоўшчыца Сара Барас выканала фламенка. Сваімі сведчаннямі падзяліліся прадстаўнікі свету эканомікі і працы: прадпрымальнікі і прафсаюзныя дзеячы, а таксама дзве спартсменкі Караліна Марын і Тэрэза Пералес.

Выкананне фламенка на сустрэчы Папы з дзеячамі культуры. Фота: Vatican Media

Затым з прамовай да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся Святы Айцец. Ён нагадаў, што культурная спадчына Іспаніі гарады і помнікі, універсітэты і святыні, музыка, жывапіс, танцы і кухня сведчыць пра творчасць пакаленняў і іх духоўную сілу, якая фарміруе ідэнтычнасць народа.

Гледзячы на цуды, створаныя папярэднімі пакаленнямі, непазбежна ўзнікае пытанне: якую спадчыну мы пакінем наступным пакаленням, якое грамадства мы будуем?

Папа адзначыў, што сучасны свет здольны да інавацый і вытворчасці, але часта губляе разуменне мэты і сэнсу сваіх дзеянняў. Нам усё яшчэ трэба навучыцца аберагаць душу таго, што мы ствараем, папярэдзіў Святы Айцец. Леў XIV падкрэсліў важную ролю Касцёла як эксперта ў пытаннях чалавечнасці, які жадае весці дыялог з сучасным светам і прапануе шляхі да агульнага дабра.

Папа заклікаў «ткаць сеткі» паміж рознымі грамадскімі інстытутамі, якія спрыяюць павазе да чалавечай годнасці. Ён адзначыў, што ўніверсітэты, бізнес, мастацтва, спорт і тэхналогіі павінны служыць чалавеку, а не ператвараць яго ў сродак дасягнення сваіх мэт. Асобна ён звярнуў увагу на мову камунікацыі, падкрэсліваючы, што яна можа раніць або ацаляць, будаваць адзінства або сеяць падзел.

Папа вітае Антоніа Бандэраса. Фота: ANSA

У прамове таксама прагучаў моцны заклік да сацыяльнай справядлівасці і ўвагі да бедных.

Святы Айцец нагадаў, што эканамічныя структуры і інстытуты справядлівыя толькі тады, калі служаць цэласнаму развіццю чалавека і спрыяюць адказнаму ўдзелу кожнага (Magnifica humanitas, 34).

Частку прамовы Пантыфік прысвяціў спорту як школе павагі і салідарнасці. Ён працытаваў святога Яна Паўла II, падкрэсліваючы, што спорт можа быць сведчаннем згуртаванасці, міру, яднання, адным словам умення жыць разам.

Спартсменкі Караліна Марын і Тэрэза Пералес. Фота: Vatican Media

Напрыканцы прамовы Святы Айцец заклікаў прысутных «стаць новымі ніткамі, каб ткаць новыя сеткі» абноўленага грамадства, дзе час прасякнецца вечнасцю, культура будзе захоўваць памяць і спрыяць дыялогу, адукацыя шукаць праўду, мастацтва абуджаць здзіўленне і нараджаць высакародныя эмоцыі, эканоміка  паважаць годнасць чалавека, а праца застанецца рухавіком надзеі, каб у будучыні працягвала ззяць наша велічная чалавечнасць.

Абноўлена 08.06.2026 11:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця