Пошук

03.12.2022 07:00   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Святы Ян Хрысціцель. Фрагмент. Мастак Эль Грэка

1 чыт. Іс 11, 1–10;
Пс 72 (71), 1–2. 7–8. 12–13. 17;
2 чыт. Рым 15, 4–9;
Ев.: Мц 3, 1–12

Божыя абяцанні — утопія ці крыніца надзеі?

«Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане», — спяваем мы ў сённяшнім рэспансарыйным псальме. Перад гэтым у першым чытанні прарок Ісая адкрывае перад нашымі вачыма захапляльную візію такога ўкладу адносінаў у Божым стварэнні, дзе няма ніякага насілля, агрэсіі, узаемнага знішчэння:

«Воўк будзе жыць разам з ягнём,
 і леапард разам з казлянём будзе ляжаць;
<…>  а малы хлопчык будзе паганяць іх.
<…> Не будуць чыніць зла ані шкоды…»

Гэтае прароцтва гучыць як цудоўнае апісанне і, напэўна, выклікае вялікую настальгію ў сэрцы вернікаў. Калі мы бачым, як жывёлы павінны паміраць, каб стаць ежай для іншых звяроў, штосьці глыбока ў нас супраціўляецца такому стану рэчаў, і тым больш, калі мы становімся сведкамі несправядлівасці, нянавісці, гвалту і ўзаемнага знішчэння ў адносінах між людзьмі. На жаль, менавіта такую рэчаіснасць нам часта даводзіцца бачыць, і сярод гэтага візія Ісаі можа здавацца немагчымай утопіяй — тым, што належыць да нейкага паралельнага сусвету. Аднак праз Святыя Пісанні Бог адкрывае, што нас чакае «новае неба і новая зямля, бо першае неба і першая зямля мінуць» (пар. Ап 21, 1), і там споўняцца ўсе Божыя абяцанні.

Біблійныя прароцтвы могуць пакідаць нас абыякавымі ці нават выклікаць горыч і расчараванне, бо стан свету так моцна адрозніваецца ад абяцанняў, і перамога дабра здаецца нерэальна далёкай, калі наогул магчымай. Але калі мы дазволім Божаму Духу ўліць у нашыя сэрцы надзею, тады неверагоднае бачанне будучыні, якая нас чакае, натхніць нас з цярплівасцю ісці ёй насустрач. Мы можам адчуваць сябе бездапаможнымі, няздольнымі спыніць вялікае — а часам нават малое — зло вакол нас, нягледзячы на ўсе нашыя найлепшыя жаданні.

Адвэнт — гэта час, калі мы ўсведамляем, што ў канчатковым рахунку збаўленне, перамога дабра — не наша справа, не наша заслуга, бо павінен прыйсці той Моцны, хто пераменіць лёс гэтага свету.

Наша вера дазваляе нам прыняць тое, што нябачна звычайнаму воку: Бог ужо здзейсніў для нас галоўную перамогу і цяпер дзейнічае дзеля таго, каб канчаткова запанавала Валадарства Нябеснае. Канечне, мы не пасіўныя пешкі ў гэтым працэсе, і сёння таксама да нас скіраваны заклік да навяртання — да перамены не толькі нашых дзеянняў, але ў першую чаргу нашага мыслення, бачання ўсёй рэчаіснасці.

Навяртанне да свабоды

Ян мае зусім не салодкае пасланне для фарысеяў і садукеяў, якія да яго прыходзяць. Ад іх ён чакае не проста нейкіх «касметычных змен», але прыняцця цалкам новага стану рэчаў. Як мы ведаем з далейшага евангельскага аповеду, менавіта гэтыя групы юдэяў супраціўляліся той навізне, што прынёс Езус Хрыстус сваім вучэннем і прыкладам. І нам таксама патрэбны моцны штуршок, калі наша вера стала надта «прыручанай», выгоднай, калі з Богам у нас «панібрацкія» адносіны — гэта значыць, што не мы «рыхтуем дарогу Пану, раўняем сцежкі Яму», а чакаем, каб Ён падрыхтаваў дарогу для нашых амбіцый, планаў, памкненняў — не клапоцячыся, ці супадаюць яны з Яго воляй.

Наўрад ці ад нас патрабуецца пераняць суровы стыль жыцця Яна Хрысціцеля, аднак у евангельскім апісанні ёсць вельмі важныя ўказанні для нас у любых жыццёвых абставінах. Евангельскі аповед кажа пра адзенне Яна і пра ягоную «дыету». Цікава, што ад лацінскага слова habitus, якое азначае «адзенне» (адсюль манаскі «габіт»), паходзіць слова «звычка» ў сучасных заходніх мовах. Нават калі, выходзячы метафарычна ў пустыню следам за заклікам да навяртання, мы не пераапранемся ў адзенне з вярблюджай воўны, нам напэўна трэба паглядзець на нашыя звычкі: не ўсведамляючы гэтага (а часта і не жадаючы нават усвядоміць), мы робімся закладнікамі такога тыпу паводзінаў, які насамрэч нават не выбіраем свабодна, а паўтараем бяздумна, не пытаючыся, ці вядуць яны нас у добрым напрамку, ці дапамагаюць узрастаць у цнотах. А калі нават убачым і ўсвядомім неабходнасць пераменаў, не маем сілы штосьці змяніць, бо звычка сталася «другой натурай»…

Вось чаму нам патрэбны Той, хто «будзе хрысціць Духам Святым і агнём», хто «ачысціць гумно» нашай душы: без агню Ягонай любові, які саграе, асвятляе і ачышчае, мы не дасягнем мэты.

Пустыня — досвед Духа

Прарок Ісая, кажучы пра «парастак з пня Есэевага» — Божага Месію, пералічвае дары Духа, якія «спачнуць» на Ім — тыя дары, якія ў хрысціянскай традыцыі мы просім у Духа Святога. Гэта дар «мудрасці і разумення, парады і моцы, пазнання і боязі Пана» (пазнанне часам перакладаецца як «умеласць», а дзякуючы грэчаскаму перакладу сёмым дарам становіцца пабожнасць). У нашым актыўным чаканні Божага збаўлення, у падарожжы праз пустыню навяртання нам неабходны дар Духа, які Пан спасылае ў гэтых розных праявах сваёй жыватворчай ласкі. Успомнім, што Езус пасля хросту з рук Яна таксама прайшоў праз досвед пустыні, у якую менавіта Дух вывеў Яго (пар. Мц 4, 1).

Адвэнт — магчымасць для нас выйсці ў пустыню пад кіраўніцтвам Духа Святога, каб дазволіць Яму ачысціць, асвятліць, сагрэць нашыя душы.

Дзе нам знайсці «пустыню» ў канкрэтных абставінах нашага жыцця? Варта сур’ёзна задацца гэтым пытаннем, каб скарыстаць час ласкі Адвэнту. Перш за ўсё неабходна знайсці прастору цішыні і адзіноты, выйсці са звычайнай руціны і шуму, каб пабыць сам-насам з Богам, а таксама з праўдай пра саміх сябе. Пост (не толькі і нават не ў першую чаргу ад ежы ці напояў, але хутчэй ад экранаў і манітораў) дазваляе адчуць сваю недастатковасць: гэта не адмоўная з’ява, а нагода сустрэцца з Богам у сваёй радыкальнай залежнасці ад Яго і адначасова папрактыкавацца ў свабодзе ад створаных рэчаў.

Магчыма, паўгадзіны самотнага шпацыру на прыродзе, спалучанага з малітвай, раз на дзень-два, разам з пэўнай аскезай на працягу Адвэнту, могуць стаць такой «пустыняй». Канечне, касцёл можа таксама быць прасторай, каб пабыць у праўдзе перад Богам. Не выключана, што адчуем «ломку» нават ад невялікага досведу такога «зыходу» ад таго, што звычайна займае нашую ўвагу, але няхай гэта не перашкодзіць прыйсці да Бога такімі, якія мы ёсць, ва ўсёй нашай духоўнай беднасці.

Няхай Пан дасць нам жаданне прыняць усім сэрцам Ягоны заклік да навяртання, каб сустрэць Яго, які прыходзіць. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа