Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі з нагоды 85-й гадавіны смерці Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.03.2017 12:57

Да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія дыяцэзіяне!

Звяртаюся да Вас з нагоды вельмі важнай гадавіны для нашай дыяцэзіі. 26 сакавіка спаўняецца 85 гадоў з дня адыходу ў вечнасць першага біскупа Пінскай дыяцэзіі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Сёлета таксама прыпадае 100-я гадавіна яго біскупскай намінацыі. Усе мы добра ведаем, якім славутым чалавекам быў біскуп Лазінскі. Гісторыя высока ацэньвае яго заслугі. У нядаўна апублікаваных успамінах пра епіскапат першай паловы ХХ ст. вядомы даследчык гісторыі Касцёла ксёндз прафесар Юзаф Умінскі залічвае біскупа Зыгмунта Лазінскага да шэрагу найбольш уплывовых біскупаў той эпохі, сярод якіх вылучаюцца, напрыклад, святы арцыбіскуп Юзаф Більчэўскі і святы біскуп Юзаф Себасцьян Пельчар.

Мы перакананыя не толькі ў велічы асобы біскупа Зыгмунта Лазінскага, але і ў святасці. Яго святасць пацвярджае інфармацыйны працэс, які ўжо завяршыўся ў Рыме. Пастулатарам працэсу з’яўляецца ксёндз Мар’ян Бабула CSMA. Цяпер мы толькі чакаем і молімся аб цудзе праз заступніцтва Слугі Божага. Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў да малітоўнай актавы, пачынаючы з 26 сакавіка, каб прасіць Пана аб ласцы хутчэйшай беатыфікацыі першага пастыра нашай дыяцэзіі. Спадзяюся, што гэтыя дні малітоўнай актавы паспрыяюць больш глыбокаму знаёмству з постаццю нашага першага біскупа і адпаведна — адкрыццю нанова праўды аб тым, як можна жыць паводле Евангелля ў нашыя дні. Да гэтага нас заклікае таксама Святы Айцец Францішак. А наш Слуга Божы паказвае, як на практыцы любіць евангельскае ўбоства і бедных людзей.

З нагоды актавы хачу нагадаць і заахвоціць розныя супольнасці дыяцэзіі, каб з новым запалам прыступілі да малітвы аб беатыфікацыі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага ў кожны 26 дзень месяца, як да гэтага заклікаў у спецыяльным звароце ў 1995 годзе кардынал Казімір Свёнтэк.    

Заахвочваю пазнаёміцца больш падрабязна з біяграфіяй біскупа Зыгмунта Лазінскага. Няхай гэтыя дні прынясуць благаслаўлёны плён у жыцці кожнага з нас.

На малітоўную актаву з сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 21.03.2017 г.

 

Біяграфія Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 г. у Бараціне каля Навагрудка ў сям’і землеўладальнікаў. Праз дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Радзімін каля Варшавы. Гімназію Зыгмунт Лазінскі скончыў у Пецярбургу і там жа распачаў вучобу ў Духоўнай акадэміі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 23 чэрвеня 1895 г. На працягу трох гадоў малады святар выкладаў у Пецярбургскай духоўнай семінарыі Святое Пісанне.

Паўтара гады Зыгмунту Лазінскаму давялося таксама правесці ў ссылцы ў Аглоне ў Латвіі за супраціў уладам, якія прымушалі яго малодшага брата ўдзельнічаць у набажэнствах іншай канфесіі. Пасля звальнення Лазінскі працаваў у якасці выікарыя ў Смаленску, Туле і Рызе, займаючыся катэхізацыяй і прапаведуючы на розных мовах (ведаў 11 моваў, а на 9 з іх мог свабодна размаўляць).

У 1904 г. Зыгмунт Лазінскі стаў пробашчам кальварыйскага касцёла каля Мінска, а годам пазней пробашчам у мінскай катэдры. У 1906 — 1908 гг. вывучаў біблійныя навукі ў Мюнхене, Інсбруку і Рыме. Пасля вяртання спадарожнічаў Магілёўскаму Мітрапаліту Апалінарыю Унукоўскаму падчас візітацыі парафій у Сібіры і на Далёкім Усходзе. У 1912 — 1913 гг. Лазінскі скончыў Біблійны інстытут у Рыме. Падчас І Сусветнай вайны выконваў функцыі капелана ваеннапалонных каталіцкага веравызнання.

2 лістапада 1917 г. Зыгмунт Лазінскі быў менаваны біскупам адноўленай Мінскай дыяцэзіі. Біскупскую сакру атрымаў у Варшаве з рук біскупа А. Какоўскага ў прысутнасці Апостальскага Нунцыя Акіле Раці, будучага папы Пія ХІ.

Пасля прыходу ў Мінск Чырвонай арміі ў студзені 1919 г. біскуп Зыгмунт Лазінскі хаваўся на працягу 5 месяцаў. У лістападзе 1918 г. ён быў арыштаваны бальшавіцкай уладай і пасаджаны ў Бутырскую турму ў Маскве. Біскуп Лазінскі быў вызвалены з турмы ў выніку дыпламатычных пагадненняў і заключэння Рыжскай дамовы (18 сакавіка 1921 г). 4 ліпеня 1921 г. вярнуўся з вязніцы. Кіраваў Мінскай дыяцэзіяй з Навагрудка. 2 ліпеня 1925 г. Зыгмунт Лазінскі быў менаваны біскупам новаўтворанай Пінскай дыяцэзіі.

На Палессі біскуп Зыгмунт Лазінскі амаль з нуля пачаў арганізоўваць адміністратыўныя структуры дыяцэзіі і рэлігійнае жыццё. Шмат увагі ён надаваў фармацыі духавенства. Заснаваў Духоўную семінарыю ў Пінску і дбаў аб яе развіцці. Слуга Божы быў прыхільнікам суіснавання ў Пінскай дыяцэзіі лацінскага і візантыйскага абрадаў.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі адзначаўся вялікай мужнасцю, сілай волі і гераічнасцю цнотаў. Памёр 26 сакавіка 1932 г. у Пінску. Пахаваны ў крыпце Пінскай катэдральнай базылікі.

МАЛІТВА
Аб беатыфікацыі Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

О Божа, тройчы Святы і поўны дабрыні, які ў небе вечна валадарыш, а на зямлі абуджаеш прагненне святасці ў сэрцах чалавечых і даеш моц для яе здзяйснення, дазволь, каб быў залічаны да ліку благаслаўлёных Твой верны Слуга біскуп Зыгмунт. Няхай праз яго беатыфікацыю Касцёл атрымае новага заступніка, а наша Айчына свайго апекуна перад Тронам Тваёй Велічы. Няхай праз акт беатыфікацыі Апостальская Сталіца пакажа духавенству і верным прыгожы ўзор для наследавання. Няхай прыклад яго жыцця, поўнага духа веры, надзеі ў цярпеннях і любові ва ўсім, што думаў, казаў і чыніў, абуджае нас да жыцця па яго прыкладзе. Усемагутны Божа, учыні, каб праз цудоўны знак аздараўлення ці навяртання, атрыманы праз заступніцтва Слугі Божага, аб’явілася Твая Воля.

Маці Найсвяцейшая, якую так горача любіў і якой аддаваў пашану біскуп Зыгмунт, дапамажы, каб Твой Слуга, урачыста беатыфікаваны, цешыўся хвале святых у небе, а на зямлі паказваў дарогу да Айца, Сына і Духа Святога. Амэн.

MODLITWA
o wyniesienie Sługi Bożego Biskupa Zygmunta Łozińskiego na ołtarze

O Boże trzykroć Święty, Boże nieprzebrany w dobroci, który w niebie wiecznie królujesz a na ziemi wzbudzasz pragnienie świętości w sercach ludzi i dajesz moc do jej realizacji, racz wynieść do chwały błogosławionych Twego wiernego sługę Biskupa Zygmunta. Niech przez wyniesienie Go na ołtarze Kościół zyska nowego Orędownika a Ojczyzna swego rzecznika przed Tronem Twego Majestatu. Niech poprzez akt beatyfikacji Stolica Apostolska wskaże duchowieństwu i wiernym piękny wzór do naśladowania. Niech przykład Jego życia pełnego ducha wiary, nadziei w cierpieniach i miłości we wszystkim co mówił, myślał i czynił pobudza nas do kroczenia Jego śladami.

Wszechmogący Boże spraw, aby przez cudowny znak uzdrowienia czy nawrócenia, uzyskany za wstawiennictwem Sługi Bożego, objawiła się Wola Twoja.

Matko Najświętsza, tak gorąco kochana i czczona przez Biskupa Zygmunta przyczyń się do tego, aby Twój Sługa uroczyście beatyfikowany, doznawał chwały świętych w niebie, a na ziemi był przewodnikiem na drodze do Ojca, Syna i Ducha Świętego. Amen.

МАЛІТВА
аб якой-небудзь ласцы
праз заступніцтва Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага

Божа! Ты ўзнагародзіў слугу Свайго, біскупа Зыгмунта, незвычайнымі цнотамі, учыні, каб для пацвярджання яго святасці і хутчэйшай беатыфікацыі я атрымаў праз яго заступніцтва ласку (.......), аб чым пакорліва прашу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

фАб ласках, атрыманых праз пасрэдніцтва Слугі Божага, паведамляць у Дыяцэзіяльную Курыю ў Пінску або пробашчу парафіі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.