Мітрапаліт Кандрусевіч: заснаванне тэалагічнага каледжа ў Мінску — «першы крок» у стварэнні каталіцкай ВНУ | Друк |
Іерархі
03.09.2013 09:56
Заснаванне тэалагічнага каледжа ў Мінску адпавядае заклікам ІІ Ватыканскага Сабора і Рымскіх Пантыфікаў аб павелічэнні ролі свецкіх у жыцці Касцёла. Такога меркавання прытрымліваецца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
30 жніўня іерарх атрымаў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі новай каталіцкай навучальнай установы, якая будзе адкрыта ў сталіцы Беларусі — «Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля». У ім кожны жадаючы зможа атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, кананічнага права, дабрачыннай дзейнасці, сямейнай кансультацыі, сацыяльнай камунікацыі і інш.
 
У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што тэалагічны каледж будзе заснаваны на базе ўжо існуючага «Цэнтра падрыхтоўцы катэхетаў» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Тры гады таму я заснаваў цэнтр па падрыхтоўцы катэхетаў. Ён паспяхова дзейнічаў на працягу трох гадоў — у гэтым годзе першыя яго выпуснікі атрымалі дыпломы. Гэта было вялікай радасцю для нас. Аднак трэба глядзець шырэй. Трэба ведаць, што патрэбныя не толькі катэхеты але таксама сямейныя кансультанты, працаўнікі ў сферы дабрачыннасці, людзі якія змогуць заняцца мас-медыя — выпускаць парафіяльную газету ці займацца сайтам. Для гэтага, на базе ўжо існуючага «Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў» быў створаны каледж», — адзначыў іерарх.
 
Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што навучэнцы каледжа будуць атрымлівасць не проста катэхетычныя веды, але сапраўдную тэалагічную адукацыю з рознай спецыялізацыяй: тэолаг-сямейны кансультант, тэолаг-катэхет, тэолаг-спецыяліст у галіне сацыяльнага навучання Касцёла і інш.

Іерарх расказаў, што заснаванне каледжа, з’яўляецца «першым крокам» да спаўнення яго даўняй мары — стварэння тэалагічнага факультэта ці вышэйшай навучальнай каталіцкай установы, у якой змогуць вучыцца не толькі будучыя святары, але таксама і свецкія вернікі.
 
«Мы бачым, што сёння свецкія павінны адыгрываць усё большую і большую ролю ў жыцці Касцёла. Аб гэтым казаў ІІ Ватыканскі Сабор і гэта патрабаванне нашага часу», — адзначыў іерарх і падкрэсліў, што заснаванне тэалагічнага каледжа — важны этап на гэтым шляху.
 
«Я памятаю добра, што ў 1991 г., калі я прыехаў у Маскву, я адразу заснаваў каледж. Гэта дапамагло заснаваць семінарыю у Санкт-Пецербургу, а каледж перарадзіўся ў інстытут. Канешне, у Мінску не можа быць «калькі» з маскоўскага досведу, але нешта падобнае здзейсніць магчыма. Тым больш, што ў Касцёла ёсць задума, каб у Мінску была і семінарыя і вышэйшая тэалагічная ўстанова», — падзяліўся арцыбіскуп. 
 
Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча заснаванне каледжа і яго дзяржаўная рэгістрацыя дапамогуць у спаўненні гэтай мары.
 
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё 

 
© 2003-2024 Catholic.by