Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Збаўца, знойдзены на гарышчы, або духоўныя скарбы музея Януша Паруліса ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.04.2017 09:31

Прыватны музей Януша Паруліса, які з’яўляецца скарбніцай культурнай, гістарычнай і духоўнай спадчыны Гродна і размяшчаецца ў невялічкім доміку, налічвае каля ста тысяч экспанатаў, палова з якіх прадметы рэлігійнага характару. Некаторыя былі знойдзены на сметніку, іншыя — на вышках закінутага дома, пэўныя — атрымаў у падарунак, шматлікія рэчы перайшлі ад продкаў. 

У руках Януша Паруліса — Біблія 1874 года

«Калі мой сын быў малы, я часта распавядаў яму гісторыі пра каштоўнасці, схаваныя пад стрэхамі дамоў. Зразумела, пасля пачутага хлопчык прасіў залезці на гарышча нашай хаты. Там ужо на працягу многіх гадоў стаяў зачынены на замок куфар. Ключа я не меў, таму ніколі не чапаў скрыню, каб не пашкодзіць. Але малы так надакучыў просьбамі адкрыць яе, што я здаўся і ўзламаў замок. Унутры аказаўся сапраўдны скарб — Кніга Псалмоў на лацінскай мове ў скураной вокладцы. А датавалася яна 1703 годам», — дзеліцца адной са сваіх гісторый спадар Януш.

Яшчэ адзін артэфакт быў знойдзены на гары закінутай хаткі ў Слоніме. «Дваюрадны брат маёй жонкі рамантаваў гарадскую дарогу, уздоўж якой размяшчалася некалькі напаўразбураных дамоў з забітымі вокнамі. З цікаўнасці ён забраўся на паддашак адной з хатак, дзе натрапіў на нешта, загорнутае ў мешкавіну. Там была схавана скульптура Хрыста. Як пазней высветлілася, яна мела больш за трыста гадоў», — распавядае мужчына.

Адной з галоўных цікавінак музея мужчына лічыць габелен з выявай Тайнай Вячэры. Унікальнасць экспаната ў тым, што ён зроблены ў выглядзе люстранога адбітку і прыстасаваны да размяшчэння ў куце памяшкання. «Колькі не пытаўся ў святароў, у чым сэнс такой ідэі, ніхто не ведае дакладнага адказу. Габелен калісьці ўпрыгожваў сцены касцёла ў Ваўкавыску. У часы савецкага атэізму выяву Езуса з вучнямі збіраліся спаліць, але я не дазволіў», — узгадвае спадар Паруліс.

У цесна застаўленых пакоях музея можна заўважыць некалькі абразоў св. Максімільяна Кольбэ, заступніка дыяцэзіі. «Я маю некалькі нумароў “Рыцара Беззаганнай” з 1929 года. З подпісам айца Максімільяна як галоўнага рэдактара. Мая маці выпісвала гэты часопіс», — дадае спадар Паруліс.

Акрамя шматлікіх насценных абразоў калекцыя налічвае каля 200 старадаўніх абразікаў і столькі ж нацельных крыжыкаў.

У экспазіцыі ёсць таксама прадметы, якія ўжываюцца ў касцёльным быце. Сярод іх нажніцы, што выкарыстоўваліся для абразання свячнога кноту. Нават у такіх звычайных справах праяўляецца ўласцівая Касцёлу вытанчанасць, аб чым сведчыць крыжык, бачны на прыладзе.

На выставе маецца і бутэлька для святой вады з даваенных часоў з Чэнстаховы, знойдзеная падчас капання траншэі ў цэнтры Гродна.

Усе экспанаты патрабуюць адмысловага догляду. Велізарная колькасць часу і цярпення неабходна толькі для такой, здаецца, простай справы, як ачыстка прадметаў ад пылу. Некаторым рэчам патрэбна рэстаўрацыя, чым спадар Януш таксама займаецца самастойна. Адметна, што адпаведнай адукацыі ён не мае.

У дзяцінстве хлопец шмат часу праводзіў пры гродзенскай катэдры, дзе працавала кухаркай яго бабуля. Янушу часта даводзілася назіраць за рэстаўратарамі, якія дзяліліся з ім сакрэтамі сваёй прафесіі. Пасталеўшы, хлопец пачаў чытаць адмысловую літаратуру і неўзабаве сам стаў займацца рэстаўрацыяй. Сёння на рахунку спадара Паруліса 25 адноўленых святынь.

Мужчына прызнаецца, што ў яго часта хочуць выкупіць духоўныя скарбы, але ён не згаджаецца. Хоча, каб людзі прыходзілі і натхняліся багаццем веры сваіх продкаў

Музей працуе па запатрабаванасці. Каб убачыць выставу і паслухаць аповеды спадара Януша, неабходна патэлефанаваць яму па тэл.: +375 (33) 604-90-08 па меншай меры за гадзіну да запланаванага візіту.

Паводле grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.