
1-ы Міжнародны каталіцкі фестываль
хрысціянскіх дакументальных фільмаў
і тэлевізійных праграм
MAGNIFICAT 2005
З 24 па 26 чэрвеня 2005 г. на Беларусі пройдзе I Міжнародны фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлевізійных праграм «MAGNIFICAT 2005». Яго ўдзельнікі і госці збяруцца на Глыбоччыне. Фестывальныя мерапрыемствы пройдуць у самім райцэнтры, а таксама ў вёсках Удзела і Мосар. Розныя канфесіі, розныя творчыя плыні аб’яднала ідэя евангелізацыі грамадства і падтрымкі агульначалавечых каштоўнасцяў сродкамі кіно і тэлебачання.
Заснавальнікамі першага ў гісторыі Беларусі каталіцкага фестывалю з’яўляюцца: Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый «SIGNIS-Беларусь», незалежная студыя «Стопкадр», рэдакцыя рэлігійнага часопіса «Дыялог», а таксама каталіцкія структуры Віцебскай дыяцэзіі. Праводзіцца фестываль з блаславення і пры падтрымцы Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтэка. Вялікую дапамогу арганізатарам аказвае выканаўчы камітэт Глыбоцкага раёна.
Да ўдзелу ў фестывалі запрошаны каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія тэлевизійныя каналы і кінастудыі з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Мексікі, Італіі, Чэхіі ды іншых краін. Будуць прадстаўлены таксама свецкія творчыя аб’яднанні і асобныя дзеячы мастацтва. Такім чынам мерапрыемства мае выключна экуменічны характар, і адзіным крытэрыем для вызначэння пераможцаў будзе творчы ўзровень прадстаўленых прац.
Месца правядзення фестывалю выбрана не выпадкова. Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці мае багатыя каталіцкія традыцыі, тут дзейнічае дванаццаць парафій. У мястэчку Удзела знаходзіцца кляштар францішканаў і касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта адзін з духоўных цэнтраў каталіцкага жыцця нашай краіны, які па праву лічыцца беларускім Непакалянавым. Дарэчы, гэта непарыўна яднае «Magnificat 2005» з польскім фестывалем «Niepokalanow», які мае аналагічную тэматыку.
Побач – вёска Мосар з касцёлам св. Ганны, які славіцца невычайным хараством знешняга аздаблення. Штогод яго наведваюць дзесяткі тысяч турыстаў з Беларусі і замежных краін. У гасцей і удзельнікаў фестывалю «Magnificat 2005» будзе магчымасць наведаць касцёл, пазнаёміцца з яго пробашчам кс. Юзафам Булькам – лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне Беларусі», і прыняць удзел у знакамітым мосарскім фэсце ў дзень св. Яна.
Уваход на конкурсныя прагляды ды іншыя мерапрыемствы фестывалю – свабодны. Сардэчна запрашаем!
1-га Міжнароднага каталіцкага фестывалю
хрысціянскіх дакументальных фільмаў
і тэлевізійных праграм
MAGNIFICAT 2005
1. СТАТУС І МЭТЫ ФЕСТЫВАЛЮ
1-ы Міжнародны каталіцкі aстываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлевізійных праграм MAGNIFICAT 2005 з’яўляецца смотрам работ беларускіх і замежных майстроў у галіне кіно і тэлебачання, якія накіраваны на евангелізацыю грамадства, падтрымку агульначалавечых каштоўнасцяў і створаны ў розных хрысціянскіх канфесіях.
2. ЧАС І ПРАВЯДЗЕННЕ ФЕСТЫВАЛЮ
Фестываль праводзіцца ў Беларусі кожны год у канцы чэрвеня.
Фестываль арганізоўваецца на тэрыторыі Глыбоцкага дэканата Віцебскай дыяцэзіі.
Некаторыя паказы і мерапрыемствы ў выпадку неабходнасці могуць адбывацца ў іншых раёнах.
3. ПАТРАНАЖ І АРГАНІЗАЦЫЯ
Фестываль праводзіцца пад патранажам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і Ганаровага камітэту фестывалю.
Заснавальнікамі Фестывалю з’яўляюцца:
- Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый SIGNIS-БЕЛАРУСЬ
- Курыя Віцебскай дыяцэзіі
- Глыбоцкі дэканат Віцебскай дыяцэзіі
- Удзелская парафія Глыбоцкага дэканата
- Незалежная студыя «СТОПКАДР»
- Рэдакцыя рэлігійнага часопіса «Дыялог».
Заснавальнікамі Фестывалю прызначаецца Арганізацыйны камітэт фестывалю, які выбірае Прэзідэнта.
Прэзідэнт Фестывалю здзяйсняе прадстаўнічую функцыю кіравання фестывалем.
Арганізацыйны камітэт на чале са Старшынёй аргкамітэта складаецца з прафесіяналаў, адказных за сваю частку працы, неабходнай для падрыхтоўкі і правядзення Фестывалю.
Арганізацыйны камітэт прызначае Дырэкцыю фестывалю і Дырэктара.
Дырэкцыя фестывалю на чале з Дырэктарам праводзіць у поўным аб’ёме практычную работу па папярэдняй падрыхтоўцы, арганізацыі і правядзенні Фестывалю.
Дырэктар фестывалю з’яўляецца пастаянна дзеючай асобай як падчас Фестывалю, так і ў перыяд паміж фестывалямі.
Арганізацыйны камітэт фарміруе Журы фестывалю, запрашаючы для гэтай працы духоўных асобаў і творчых працаўнікоў.
3. СКЛАД УДЗЕЛЬНІКАЎ І ПРАДСТАЎЛЕННЕ РАБОТ
Фестываль з’яўляецца адкрытым для ўдзельнікаў усіх хрысціянскіх канфесіяў і фарміруецца з:
- стваральнікаў фільмаў і праграм, якія ўдзельнічаюць у конкурснай праграме Фестывалю, і прадстаўнікоў студыяў (колькасць прадстаўнікоў кожнай студыі паасобна вызначаецца Аргкамітэтам);
- творчых работнікаў і духоўных асобаў, якія не прадстаўляюць свае работы на Фестываль, але запрошаны Аргкамітэтам.
Усе ўдзельнікі Фестывалю прымаюцца на поўнае забеспячэнне Дырэкцыяй фестывалю (за выключэннем аплаты праезду ад месца жыхарства да месца правядзення Фестывалю і назад).
На папярэдні адбор для ўдзелу ў Фестывалі прымаюцца без абмежавання творы ўсіх студыяў у Беларусі і за яе межамі.
Арганізацыйны камітэт размяжоўвае паступаючыя на Фестываль работы на 2 групы: конкурсную і інфармацыйную праграмы.
Адбор у конкурсную і інфармацыйную праграмы праводзіць Селекцыйная камісія, якая прызначаецца Арганізацыйным камітэтам.
Селекцыя прадстаўленых фільмаў праводзіцца з 20 красавіка па 7 мая кожнага года.
4. ПРЫЗЫ ФЕСТЫВАЛЮ
Фестываль мае дзве сістэмы прызоў, кожная з якіх арыентавана на шырокую ацэнку сітуацыі.
- Прызы журы:
На падставе поўнага прагляду ўсіх работ, прадстаўленых на конкурснай праграме, журы прысуджае:- ГРАН-ПРЫ фестывалю – галоўную ўзнагароду
- Тры спецыяльныя прызы з фармулёўкамі, вызначаемымі журы
- Прыз Каталіцкай асацыяцыі для камунікацый SIGNIS-БЕЛАРУСЬ
- Прыз кангрэгацыі айцоў францішканцаў
- Прыз фестывалю NIEPOKALANOV (Польшча)
5. ФІЛЬМАКОПІІ, ТЭРМІНЫ
Работы для селекцыйнага адбору павінны быць дасланыя запісанымі ў VHS фармаце альбо ў фарматах CD, DVD. Дадатковыя пісьмовыя дакументы могуць быць дасланыя праз Internet на e-mail адрас goroulev@aport2000.ru. Дадатковыя дакументы могуць быць на дыскеце альбо CD-ROM.
Папярэднія касеты і дакументы будуць пакінуты ў архіве Фестывалю і могуць быць выкарыстаны для некамерцыйных праглядаў.
Кожная работа павінна суправаджацца ўласнай Формай удзельніка. Работа можа быць дасланая на арыгінальнай мове, калі ёсць дыялогавы ліст на англійскай (альбо рускай) мове альбо маюцца англійскія (альбо рускія) субцітры.
Фестываль адбудзецца ў пасёлках Удзела, Мосар, раённым цэнтры Глыбокае (Віцебская вобласць) з 24 па 26 чэрвеня 2005 года.
Заяўку на ўдзел і ўсе патрэбныя дакументы неабходна накіраваць у аргкамітэт да 7 мая 2005 года па адрасе:
1-ы Міжнародны каталіцкі фестываль
Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
пл. Свабоды, 9
220030 Мінск, Беларусь
E-mail: goroulev@aport2000.ru
Праграмма
[рыхтуецца]
Форма удзельніка
Файл у фармаце RTF: magnificat2005-entryform.rtf - 45K


