Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на нядзелю Спаслання Духа Святога (4 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
01.06.2017 13:58

Чытанні >>>

«Прыйдзі, Дух Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь сваёй любові».

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы з вамі становімся сведкамі вельмі важных падзей у жыцці Касцёла. «Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам на адным месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны».

Можам сказаць, што гэты дзень з’яўляецца днём нараджэння паўсюднага Касцёла. Менавіта сёння мы з вамі перажываем знамянальную ўрачыстасць Спаслання Духа Святога.

Хрыстус запрашае нас адкрыцца на дзейнасць Духа Святога, так як гэта зрабілі Яго Апосталы і вучні. «Спакой вам! ... Прыміце Духа Святога». Мы з вамі такія ж вучні, хоць і аддзяляе нас немалы прамежак часу ад падзеяў першай Пяцідзясятніцы, першых Зялёных святаў, як называюць гэтую ўрачыстасць у народзе. Аднак і зараз Дух Святы, які сыходзіць ад Айца і Сына, напаўняе нашыя сэрцы шматлікімі дарамі і харызмамі ў нашым хрысціянскім жыцці.  

Таму сёння чарговы ўспамін той першай нядзелі, калі вучні збіраліся разам. Заўважце: яны трывалі разам. Не сказана ў Святым Пісанні, што вучні дзесьці ў глыбіні сэрца верылі, што Бог ёсць, і жылі кожны паасобку. Такое толькі зараз можна пачуць ад некаторых людзей. Але на пачатку так не было. Апосталы і вучні былі разам у супольнасці, якая называецца Касцёлам. Яны чакалі дару ад Айца, чакалі спаўнення абяцання, якое даў ім Езус перад тым, як узысці на неба: «Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».

Мае дарагія! Менавіта ў гэтым заключаецца сэнс нашых штонядзельных спатканняў з Езусам у Эўхарыстыі. «Там, дзе двое або трое сабрана ў імя Маё, — кажа Езус, — там Я сярод іх». Сем тыдняў таму мы радаваліся ўваскрасенню Езуса Хрыста. Гэтая ўрачыстасць традыцыйна збірае найбольшую колькасць веруючых у касцёле. Але, мае дарагія, кожная нядзеля ўключае ў сябе гэтую таямніцу. Менавіта таму кожная нядзеля на працягу года з’яўляецца абавязковай для ўдзелу ў святой Імшы.

Кожная нядзеля, мае дарагія, — гэта тое ж уваскрасенне, гэта тое ж спасланне Духа Святога, якое асаблівым чынам святкуем сёння. У літургіі кожнай нядзелі ёсць такія словы, якія прыводзяць да высновы, што нядзеля — гэта дзень, у які Езус уваскрос і спаслаў на Апосталаў Духа Святога.

Варта кожнаму з нас усвядоміць такую рэч: праз спасланне Духа Святога нам адкрываецца вялікая таямніца быту і дзейнасці Бога. І ў святле гэтага мы пазнаём, што Бог Айцец з’яўляецца аўтарам справы стварэння, Божы Сын — стаіць на чале справы адкуплення, і менавіта сёння аб’яўляецца трэцяя Божая Асоба — Дух Святы, які здзяйсняе справу асвячэння чалавека, а праз яго — асвячэння ўсяго свету.

Яшчэ ад самага пачатку існавання Касцёла існуе разуменне двух этапаў спаслання Духа Святога. Першае спасланне —  гэта той момант, калі Езус пасля свайго ўваскрасення ўваходзіць праз закрытыя дзверы да супольнасці сваіх вучняў, далікатна дзме на іх і кажа: «Вазьміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім іх затрымаеце, на тым будуць затрыманыя». І гэта было так званым першым спасланнем Святога Духа.

Яно было спасланнем «на адпушчэнне грахоў». І было накіравана на стварэнне новага чалавека, на ачышчэнне сэрца. Вобразна кажучы, першае спасланне Духа Святога прычынялася да аднаўлення і падрыхтоўкі сэрца, якое, нібы каштоўны посуд, пад уздзеяннем Духа ачышчалася і рыхтавалася да другога спаслання, дзякуючы якому гэты высакародны посуд — нашыя сэрцы — мог быць напоўнены Духам Святым, Яго шматлікімі дарамі і ласкамі.

Уявіце сабе, што магло б стацца, калі б дар Духа Святога, Яго Боская моц, Яго шматлікія багатыя харызмы ўліваліся ў непадрыхтаваныя сэрцы, калі посуд чалавечага сэрца яшчэ не адноўлены? Можам сабе ўявіць і добра ведаем, што сталася б. А было б так, як сказаў Езус: «Не ўліваецца маладое віно да старых мяхоў». Чаму? Езус тлумачыць: «Бо ў такім выпадку мяхі рвуцца: віно выцякае і мяхі марнуюцца. Маладое віно належыць уліваць да новых мяхоў. Тады і адно і другое захоўваецца». У выпадку дароў Духа Святога справядліва сказаць, што яны і ёсць тым маладым віном, якое ўліваецца ў мяхі нашых сэрцаў. Для маладога віна нам патрэбны новыя мяхі.

У першым спасланні Езус пакідае сродкі, неабходныя для аднаўлення чалавека, аднаўлення супольнасці, для таго, каб стварыць і падрыхтаваць у духоўным сэнсе новыя мяхі. І гэтыя сродкі — сакрамэнты. Першы — гэта сакрамэнт хросту. Як кажа святое Пісанне, «хрост на адпушчэнне грахоў». І другі сакрамэнт — сакрамэнт споведзі: «Каму адпусціце грахі, тым будуць адпушчаныя, на кім пакінеце, на тым застануцца».

Мае дарагія, стварэнне новага чалавека, аднаўленне сэрца — гэта нішто іншае як адпушчэнне грахоў. Бо з-за нашых грахоў і правінаў забруджваецца каштоўны посуд нашага сэрца, а нашы так званыя мяхі становяцца старымі і дзіравымі. Але, дзякуючы Божаму прабачэнню ў сакрамэнце споведзі, мы маем магчымасць аднавіць сябе, каб нанова падрыхтавацца да прыняцця дароў Духа Святога, па-іншаму падысці да другога спаслання Духа Святога, як разумеў гэта першы Касцёл.

Таму для нас, веруючых, першае спасланне Духа Святога — гэта нашае ўласнае навяртанне, гэта прыняцце евангельскай праўды да сэрца. Другое ж Яго спасланне — гэта ўмацаванне ў праўдзе, нашае жыццё і сведчанне Евангелля Хрыста. Гэта канкрэтнае заданне, якое вызначае мне Бог у маім жыцці. Гэта жыццё паводле прынцыпаў веры. Гэта атрыманне Божых дароў і выкарыстанне іх у жыцці. Як для ўласнага дабра, так і для дабра супольнасці Касцёла.  

Так было ў жыцці Апосталаў. Яны не адразу ўсё разумелі пра Езуса, пра Бога і лёс гэтага свету. Апосталы былі сведкамі шматлікіх цудаў Езуса. З Яго вуснаў яны чулі не адзін заклік да навяртання, прыгожую навуку пра Божае Валадарства. Яны слухалі Яго словы, бачылі праўды і прынцыпы, якімі жыве Езус, але не былі моцнымі ў веры. Апосталы чулі, што любоў з’яўляецца найвышэйшай вартасцю, да якой павінен імкнуцца і якой павінен жыць кожны чалавек. Але для іх гэта была толькі тэорыя. На практыцы вучням Хрыста яшчэ далёка было да гэтага ўзнёслага ідэалу, каб рэалізаваць самую галоўную запаведзь: любові да Бога і бліжняга.

І толькі зараз, калі Дух Святы сыходзіць на Апосталаў, яны пачынаюць разумець тое, што казаў Езус, яны выходзяць у свет, каб несці Евангелле, каб абвяшчаць Божае Валадарства. Да гэтага Апосталы былі нібы паралізаваныя страхам і неабгрунтаванай бояззю, ім здавалася, што ўвесь свет супраць іх, а яны няздольныя нешта змяніць. Але дарэмна яны так думалі. Сам Езус кажа: «Будзьце адважнымі! Я перамог свет!» І калі Дух Святы напаўняе хрыстовых вучняў, спаўняюцца словы Езуса адносна Духа Святога: «Ён вас усяму навучыць».

І цяпер вучні з адвагаю ў сэрцы выходзяць у свет, бачна іх унутраная перамена. «І напоўніліся ўсе Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць». Бачна, што зараз хрыстовыя вучні падрыхтаваныя, каб скласці найвышэйшую ахвяру, — аддаць жыццё ў Імя Езуса. «Няма большай любові, калі хтосьці жыццё сваё аддае за братоў сваіх».

Дарагія! Менавіта так выглядае дынаміка дзейнасці Духа Святога: спачатку ідзе падрыхтоўка нашых сэрцаў, калі Езус, як мы сёння чуем у Евангеллі, дае нам Духа Святога, і ўрэшце адбываецца Ягонае прыйсце ў моцным ветры і языках полымя.

І так, як было калісьці, ёсць і цяпер: Езус звяртаецца да кожнага, кажучы: «Ідзіце па ўсёй зямлі і абвяшчайце Добрую Навіну». А каб адважна ісці ў свет, трэба быць умацаванымі ў веры, як у свой час апосталы. Нам патрэбны дары Духа Святога. Таму сёння Дух Святы сыходзіць і на кожнага з нас, каб сваёй нябачнай моцаю дакрануцца да глыбіняў нашых сэрцаў.

Напрыканцы нашага разважання хачу прывесці словы святога Яна Паўла ІІ: «Мерай чалавека з’яўляецца яго сэрца. Неабсяжнае сэрца, у якім ёсць велізарная прастора для чалавека і для Бога. Але, калі гэтае сэрца закрытае, то промні ласкаў Духа Святога не могуць запоўніць яго глыбокую і вялікую прастору — Божыя ласкі сплываюць, не трапляючы ў сэрца».

Дарагія браты і сёстры! Трэба і нам у пакоры схіліць галовы перад Богам і адкрыць нашыя сэрцы на прыняцце Божых дароў на кожны дзень. Варта ўсведамляць тую бязмерную любоў, якую дае нам Бог у сваіх дарах і ласках. У кожнай нашай малітве, калі мы прымаем сакрамэнты, падчас кожнай св. Імшы нам неабходна Божае святло, любоў, моцная вера, мужнасць і адвага. І сёння Дух Святы спасылае нам свае дары: мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, пабожнасць, Божую боязь. Аб гэтых і іншых дарах з пакораю трэба прасіць Духа Святога і не толькі сёння...

Калі вы з Богам, то ўсё магчыма. Тады не пужаюць ніякія жыццёвыя выпрабаванні і цяжкасці. А каб паспяхова рэалізаваць нашае хрысціянскае пакліканне да святасці, трэба адкрыць сябе на дзейнасць Духа Святога, запрасіць Хрыста ў нашыя асяроддзі, сем’і, у нашыя сэрцы. Запрашайце Яго не толькі сёння, але на працягу ўсяго свайго жыцця. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 01.06.2017 15:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.