Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ІІ Звычайную нядзелю, Год А (15 студзеня)
Нядзельнае казанне
13.01.2017 16:14

Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж краю зямлі

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Евангелле ставіць нам у прыклад асобу Яна Хрысціцеля. Калі казаць больш дакладна, то ставіць у прыклад яго сведчанне пра Езуса Хрыста: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету».

Перад гэтым Ян Хрысціцель распазнае ў Езусе доўгачаканага Месію і таксама з’яўляецца сведкам тэафаніі: «Я бачыў Духа — кажа Ян — які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім…» Апошні прарок Старога Запавету становіцца сведкам Бога, які аб’яўляе свайго ўмілаванага Сына. Спачатку Ян убачыў, потым паверыў і засведчыў. Вось менавіта такая логіка і паслядоўнасць існавала ў жыцці св. Яна Хрысціцеля. Убачыць — паверыць — засведчыць.

Мае дарагія! Мы — веруючыя хрысціяне, і ў нашым жыцці таксама павінна быць месца для сведчання, нашага асабістага сведчання веры. Трэба прызнаць, што сёння вельмі часта можна страціць гэтае пачуццё быцця сапраўдным веруючым хрысціянінам. Існуе такі шэраг небяспек, што іх нават цяжка ўсе пералічыць. Сучасны свет настолькі змяніўся, нават за апошнія дзесяцігоддзі, што зараз чалавек вельмі часта паддаецца маніпуляцыі з боку новага стылю жыцця, з баку таго, што з’яўляецца модным і папулярным і г.д. А пытанні веры адыходзяць на апошні план, становяцца старой добрай дэкарацыяй, якая толькі ўпрыгожвае нашае жыццё.

А насамрэч, мае дарагія, жыццё паводле веры не павінна быць дэкарацыяй, нельга яго трактаваць як толькі прыгожую традыцыю нашых продкаў. Канешне, у нашым хрысціянскім пакліканні ёсць месца для прыгожых традыцый, калі яны ажыўляюць нашае хрысціянскае жыццё. Аднак сутнасць нашага паклікання ў Хрысце не можа стаць толькі самой традыцыяй, яна павінна чэрпаць сілу з яе.

І сёння гэтая думка вельмі добра падкрэслена ў Евангеллі, дзе святы Ян Хрысціцель добры гэтаму прыклад. Чаму мы можам навучыцца ў Яна Хрысціцеля? Я мяркую, ён можа быць для нас добрым узорам пакоры.

Ён аб’яўляе свету Збавіцеля, рыхтуе ізраэльскі народ да гэтай месіянскай падзеі і, калі яго заданне выканана, Ян пакорна сыходзіць з прароцкай арэны, каб саступіць месца Езусу. А для гэтага патрэбна сапраўдная пакора. Ян сведчыць, таму што ён чалавек пакорны. Ён пазнаў Збавіцеля як свайго Бога, і сваё жыццё цалкам Яму падпарадкаваў. Гэта дазволіла Яну даць сведчанне аб Езусе Хрысце, а ў будучым гэтым жа шляхам крочылі апосталы ды вучні, даючы сваё сведчанне пра Настаўніка з Назарэта. І заўсёды гэтае сведчанне вынікала  менавіта з жыцця асобы. Гэта не былі толькі словы, за імі ішлі канкрэтныя дзеянні і ўласцівы стыль жыцця.

Вось паглядзіце, сам Езус дае сведчанне пра Бога: «Так Бог палюбіў свет, што даў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў вечнае жыццё». Бог Айцец таксама дае сведчанне пра свайго Сына: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў». Затым можам прыгледзецца да жыцця апосталаў, якіх Езус паклікаў, каб былі сапраўнымі Яго сведкамі.

Калі на месца Юды выбралі Мацвея, то выбралі яго, каб ён быў разам з імі сведкам змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Праз пэўны час Саўл, будучы яшчэ фарысеем, і актыўным ганіцелем хрысціянаў, пачуў голас пад Дамаскам: «Я — Езус, якога ты пераследуеш, але ўстань, бо хачу зрабіць цябе сведкам усяго таго, што табе аб’яўлю». Хачу, каб ты па-іншаму сведчыў пра Мяне.

Падобных прыкладаў ёсць безліч. Нам важна прыгадаць сабе яшчэ раз, што мы таксама ў веры пакліканы быць сведкамі Езуса, які ўваскрос, які даў нам дэпазіт збаўлення. Заінвеставаў у нас.

Калі мы зазірнём у гісторыю першых стагоддзяў хрысціянства, то можам гэты перыяд ахарактарызаваць як эпоху мучанікаў, але і ў пазнейшыя вякі было шмат тых веруючых, якія аддавалі сваё жыццё за веру.

Можа таму ў грэчаскай мове словы «сведка» і «мучанік» выражаліся адным словам «MARTYR» (мучанік). І «сведчыць пра веру» разумелася як «аддаць сваё жыццё за Хрыста».

Дарагія, можа не ўсіх Бог сёння кліча да мучаніцтва, да таго, каб аддаць сваё жыццё за веру, але гэта не значыць, што мы не павінны быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце. Да такога сведчання пакліканы кожны хрысціянін.

Другі Ватыканскі Сабор звяртае ўвагу, між іншым, на пытанне сведчання, каб мы імкнуліся ў сваім жыцці рэалізоўваць Евангелле, а калі ёсць патрэба ці неабходнасць, то таксама словам і навучаннем варта сведчыць аб вялікай любові Бога да чалавека, якая праявілася ў асобе Езуса Хрыста.

Бэнэдыкт XVI некалі сказаў: калі на Святы Пасад выбралі, Караля Вайтылу, каб ён служыў Паўсюднаму Касцёлу, у ім выразна праявілася сведчанне веры, якое дзейнічала праз любоў. І гэтае сведчанне праявілася ў двух выразных момантах. Па-першае, Ян Павел ІІ прабачыў ад сэрца брату, які здзейсніў пакушэнне на яго жыццё. Другі момант — калі пасля доўгай аперацыі Ян Павел ІІ абудзіўся, то адразу запытаў у кс. Станіслава Дзівіша; ці памаліліся яны на заканчэнне дня? Гэтыя і падобныя моманты з жыцця Вялікага Папы, якія сапраўды ўзрушваюць, з’яўляюцца беспамылковым доказам таго, што ён быў адданым сведкам Хрыста!

Папа паказаў нам, што ў сучасным свеце, у эпоху новых тэхналогій, можна і трэба жыць Евангеллем Хрыста! Што запаведзь любові Бога і бліжняга — не міф, не рэлігійны пафас, сэрца нашай веры.

Няхай прыклад святога Яна Хрысціцеля, якога паказвае нам сёння Евангелле, а таксама жыццё і вера людзей, якія сваё жыццё прысвяцілі Хрысту, стане і для нас сёння заахвочваннем не саромецца называцца і быць хрысціянамі, каб мы лепш зразумелі сваё пакліканне і заданне і адважна разам са святым Янам Хрысціцелем давалі сведчанне асабістым жыццём: «Я бачу і сведчу, што Ён — Сын Божы». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 13.01.2017 16:17
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.