Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Субота — V Велікодны тыдзень
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 16, 1–10

Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел прыбыў у Дэрбэ і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка. Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго. Таму Павел захацеў узяць яго з сабою, і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам. Калі праходзілі праз гарады, наказвалі вернікам захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшымі ў Ерузалеме. Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.

Прайшлі Фрыгію і краіну Галатаў, і Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі. Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім. Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду. І меў Павел уначы аб’яўленне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам.

Пасля гэтага аб’яўлення мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 100 (99), 2. 3. 5 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Усклікай Пану, уся зямля.
Або: Аллелюя.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн:

5. Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Клс 3, 1
Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях,
дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 15, 18–21

Вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што свет узненавідзеў Мяне раней за вас. Калі б вы былі са свету, свет любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет і ненавідзіць вас.

Памятайце пра слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць. Але ўсё гэта будуць рабіць вам за імя Маё, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 09.04.2010 17:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.