Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Катэхеза Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас XXXI Сусветных дзён моладзі

Кракаў, 29 ліпеня 2016 г.

Учыні мяне, Пане, прыладай Тваёй міласэрнасці

 

1. Глыбокапаважаная моладзь Беларусі!

У папскім горадзе Кракаве мы сабраліся на XXXI Сусветных днях моладзі, каб у Год Назвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасці засяродзіцца на пятым благаслаўленні Езуса з Яго славутага казання на гары: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7).

У сваім пасланні на сёлетні моладзевы форум Святы Айцец Францішак засяроджвае ўвагу на радасці быць прыладай Божай міласэрнасці (пар. пасланне ХXXI СДМ, 3). Ён нагадвае словы Дзеяў Апосталаў, што больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць (пар. Дзеі 20, 35).

Менавіта таму Езус называе шчаслівымі міласэрных (пар. Мц 5, 7). Вядома, што Бог першы нас палюбіў. І таму мы, як створаныя па вобразу і падабенству міласэрнага Бога (пар. Быц 1, 26), таксама павінны быць міласэрнымі.

Папа вучыць, што мы будзем шчаслівымі, калі ўвойдзем у логіку гэтага боскага дару, логіку дарэмнай любові, і адкрыем, што Бог бязмерна палюбіў нас, каб учыніць здольнымі любіць іншых, як Ён любіць, — а менавіта бязмежнай любоўю. Святы Ян, апостал і евангеліст, кажа, што, калі Бог нас палюбіў, то і мы павінны любіць адзін аднаго (пар. 1 Ян 4, 11).

Як прыклад такой ахвярнай любові да бліжняга Святы Айцец прыводзіць бл. П’ера Джорджыо Фраскацці. Ён любіў казаць, што, калі Езус наведвае яго ў святой Камуніі, то ён аддзячвае Яму тым, што наведвае бедных. Такім чынам П’ер Джорджыо Фраскацці належным чынам, згодным з духам Евангелля, зразумеў значэнне міласэрнага служэння бедным і даваў ім самога сябе. У яго пахаванні прымала ўдзел вялікая колькасць бедных, якім ён дапамагаў.

Падобны прыклад можна знайсці і ў гісторыі Беларусі. У лютым г.г. мы адзначалі 400-годдзе смерці Мікалая Крыштафа Радзівіла, які меў мянушку “Сіротка”. Ён жыў не толькі для сябе, але таксама і для іншых, асабліва для бедных. Гісторыя ведае яго як ваеначальніка, палітыка, добрага гаспадара, дзяржаўнага дзеяча і будаўніка Нясвіжа. Менавіта ён выбудаваў Нясвіжскі замак, гарадскую ратушу, кляштар бэнэдыктынак, велічны помнік сакральнай архітэктуры – касцёл Божага Цела, Слуцкую браму і г.д. Нясвіж – гэта помнік князю-будаўніку.

28 лютага 1616 года з Нясвіжскага замка да касцёла Божага Цела накіроўвалася жалобная працэсія. У сваё апошняе падарожжа адправіўся князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Труну неслі і ішлі за ёю сабраныя з усяго наваколля жабракі. Так пажадаў князь, якога хавалі ў простым адзенні пілігрыма.
 
2. Езус кажа: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Зыходзячы з Яго прыкладу і вучэння Евангелля, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вельмі выразна вучыць аб учынках міласэрнасці адносна цела і душы. У ім мы чытаем, што “любоў да бедных ажыццяўляецца праз змаганне з матэрыяльнай беднасцю, а таксама са шматлікімі формамі культурнага, маральнага і рэлігійнага ўбоства. Учынкі міласэрнасці, якія датычаць душы і цела бліжняга, а таксама шматлікія дабрачынныя інстытуцыі, што ўзніклі на працягу стагоддзяў, з’яўляюцца канкрэтным сведчаннем прыярытэтнай любові да бедных, якія характарызуе вучэнне Езуса” (ККК, Кампендый, 520).  

Езус вучыць, што Бог будзе нас судзіць з учынкаў міласэрнасці (пар. Мц 25, 31-46), якімі з’яўляюцца ўчынкі для душы і цела бліжняга. Учынкі міласэрнасці для душы: настаўляць грэшнікаў; вучыць тых, хто не ведае; раіць тым, хто сумняваецца; суцяшаць засмучаных; зносіць цярпліва знявагу; дараваць ахвотна крыўду; маліцца за жывых і памерлых. Учынкі міласэрнасці для цела: накарміць, галодных; напаіць сасмаглых; адзець нагіх; прыняць у дом падарожных; адведваць хворых; суцяшаць вязняў; пахаваць памерлых.

З гэтага бачна, што любоў да бліжняга і міласэрнасць з’яўляюцца не праславутай паказухай, сентыменталізмам ці філантропіяй, але сапраўднай праверкай нашай хрысціянскай верагоднасці ў сучасным свеце.  

3. Са сказанага вышэй можна зрабіць выснову, што пасланне Божай міласэрнасці з’яўляецца не чым іншым, як вельмі канкрэтнай і патрабуючай праграмай нашага жыцця, якая заклікае нас да яго прыняцця і канкрэтных учынкаў. Сярод якіх, як падкрэслівае Папа Францішак, найбольш цяжкім з’яўляецца прабачэнне тым, хто нас абразіў і ўчыніў нам зло і каго мы лічым сваімі ворагамі.

Як часта мы, хрысціяне, кажам, што ніколі не даруем таму ці іншаму чалавеку, бо ён нас абразіў. У той жа час прабачэнне – гэта найбольш яскравае праяўленне міласэрнай любові. Яно дадзена нам, каб мы атрымалі ўнутраны супакой. Міласэрнасць да іншых, якая выражаецца ў прабачэнні, вызваляе нас ад цяжару, пазначанага канфліктамі мінулага, і дапамагае адкрыцца насустрач будучыні, у якую нас вядзе Дух Святы.

У Буле ўстанаўлення Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці Пантыфік піша: “Наколькі цяжка часам прабачаць! Але ж прабачэнне з’яўляецца прыладай, якая знаходзіцца ў нашых слабых руках, каб мы маглі атрымаць спакой сэрца. Вызваленне ад крыўды, злосці, насілля і помсты — гэта неабходная ўмова шчаслівага жыцця. Таму прымем заахвочванне Апостала: «Няхай сонца не заходзіць у гневе вашым» (Эф 4, 26). Будзем слухаць перадусім словы Хрыста, які прадставіў міласэрнасць як ідэал жыцця і крытэрый праўдзівасці нашай веры: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7)” (MV 9).

Прыкладам нам павінен быць сам Езус, які, церпячы жудасныя мукі, з дрэва крыжа сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34).

Прыкладам можа служыць і св. Марыя Гарэцці, якая прабачыла свайму забойцу Аляксандру, які хацеў яе зняважыць. Яе ўчынак так моцна паўплываў на яго, што ён стаў манахам. Яе прабачэнне адкрыла яму шлях да выпраўлення жыцця.

Прыкладам з’яўляецца і прабачэнне св. Яна Паўла II турэцкаму тэрарысту Алі Агджы, які 13 мая 1981 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме выстраліў у Пантыфіка і вельмі моцна яго параніў.

4. Перад абліччам зла, якое ўсё больш апаноўвае свет, неабходна памятаць аб тым, што адзінай дарогай да яго перамогі з’яўляецца міласэрнасць. Зло неабходна перамагаць не злом, але дабром.

Адна гісторыя распавядае пра тое, як амерыканскі генерал дакараў прэзідэнта Лінкольна за тое, чаму той міласціва адносіўся да сваіх ворагаў і не імкнуўся іх знішчыць як мага хутчэй. Прэзідэнт адказаў, што ён знішчае ворагаў, робячы іх сваімі сябрамі.

Усё гэта нагадвае пра тое, што ў справе прабачэння неабходна перамагчы спакусу свайго “я”, адрачыся ад згубнай практыкі эгаізму і геданізму на карысць бескарыснай любові да бліжняга. Усе мы грэшнікі. Трэба памятаць, што пшаніца і зелле растуць разам (пар. Мц 13, 24-30), а ўрач патрэбны хвораму, а не здароваму (пар. Мц 9, 12), як кажа Езус.

Таму Ён ішоў не толькі да дасканалых, але і да тых, якія такімі не з’яўляліся, і літаваўся над імі. Ён ніколі не адказваў злом на зло, а наадварот, вучыў, што трэба прабачыць не сем разоў, але семдзесят сем (пар. Мц 18, 22) – гэта азначае столькі разоў, колькі хтосьці нас абразіў. Ён унёс новае права любові і вучыў, што нельга кіравацца правілам Старога Запавету – вока за вока і зуб за зуб, але. калі нехта ўдарыць нас у правую шчаку, то трэба падставіць левую (пар. Мц 5, 38-39).

Адзін богабаязлівы, але адначасова ганарлівы чалавек прыйшоў да старца, які славіўся святасцю жыцця, і сказаў яму: “Бачыш, якое беззаганнае жыццё я вяду. Дай мне слова, што я ўвайду ў вечнае шчасце пасля завяршэння свайго зямнога жыцця”. Старац параіў яму пайсці на могілкі і зняважыць магілы памерлых. Чалавек зрабіў так і вярнуўся. Старац спытаў яго, ці памерлыя штосьці сказалі яму. “Не”, – адказаў чалавек. – “Цяпер ізноў ідзі на могілкі і праслаўляй памерлых”. Чалавек зрабіў так. Старац зноў спытаў яго, ці сказалі памерлыя яму што-небудзь на гэты раз. “Не”, – адказаў чалавек. Тады старац параіў яму памерці для свайго “я”, не быць ганарлівым і не асуджаць іншых, бо тады і Бог не будзе судзіць (пар. Мц 7, 1) і ён дасягне вечнага шчасця.

5. На жаль, у сучасным свеце ўсё больш распаўсюджваюцца тэндэнцыі самадастатковасці, якія факусіруюцца на нас саміх і значэнні нашага “я”, што негатыўна ўплывае на іншых. Мы забываемся, што, засяроджваючы сваю ўвагу на іншых, мы засяроджваемся на Богу, і што адной з найлепшых магчымасцяў служэння Яму з’яўляецца служэнне бліжняму.

Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы “Deus caritas est” (“Бог ёсць любоў”) кажа, што “любоў да бліжняга з’яўляецца таксама шляхам да сустрэчы з Богам, а закрыванне вачэй на бліжняга робіць чалавека сляпым таксама і на Бога” (DCE 16). У іншым месцы той жа энцыклікі ён вучыць, што “любоў да бліжняга заключаецца ў тым, што я люблю ў Богу і з Богам іншага чалавека, якога ў дадзены момант, магчыма, нават і не ведаю або да якога не адчуваю сімпатыі. … Толькі служэнне бліжняму адкрывае мне вочы на тое, што Бог робіць для мяне і як Ён мяне любіць. Святыя, паглядзім, напрыклад, на благаслаўлёную Тэрэзу з Калькуты, заўсёды чэрпалі сваю здольнасць любіць бліжняга са спаткання з Эўхарыстычным Езусам, а гэтае спатканне ў сваю чаргу набывала рэалізм і глыбіню, дзякуючы іх служэнню іншым” (DCE 18).

6. Кажучы пра любоў да бліжняга, да месца ўспомніць прыгожую малітву св. Францішка, у якой выказаны сапраўдны хрысціянскі дух любові – а менавіта жыць так, як жыў Езус, служыць іншым, а не чакаць, каб іншыя нам служылі (пар. Мц 20, 28):

“Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою, каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць, каб прабачаў там, дзе абражаюць, каб яднаў там, дзе сварка і звада, каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш, каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне, каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач, каб распаліў святло там, дзе валадарыць цемра, каб нёс радасць туды, дзе турбуе неспакой. Учыні, каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых, каб не прагнуў разумення, але каб разумеў іншых, каб не шукаў любові да сябе, а любіў іншых. Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае, хто не шукае свайго, той знаходзіць, хто прабачае, таму будзе прабачана, бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага” (/2/liturgy/pray/different.html#19).

7. Мы, як хрысціяне, пакліканы самым сур’ёзным чынам уплываць на іншых і не шкодзіць, але дапамагаць ім. Нам добра вядомы прынцып фізікі, што кожная акцыя выклікае рэакцыю. Падобна і кожнае, нават самае малое дзеянне можа мець велізарны эфект. Дзейсная любоў да бліжняга з’яўляецца візітнай карткай хрысціяніна. Мы ўсе грэшнікі і ўсе патрабуем Божай міласэрнасці. Вельмі прыгожа, калі нам прабачаюць. Але калі мы жадаем, каб нам прабачалі, то і самі павінны прабачаць. Маленькія жэсты любові, пяшчоты і клопату дапамагаюць нам зразумець, што Бог побач з намі. Менавіта так адчыняюцца дзверы міласэрнасці.

У сваім жыцці мы не раз спазналі, як адно непрыемнае слова, жэст або дзеянне іншага чалавека можа зруйнаваць усё жыццё. Наша жыццё поўнае магчымасцяў пазітыўна ці негатыўна ўплываць на жыццё іншага чалавека. Нездарма лацінская прыказка кажа: “Verba movеnt, sed exempla trahunt”  – “Словы штурхаюць, але прыклады цягнуць”. Іншая прыказка вучыць, што дрэнны прыклад заразны. Таму мы, як хрысціяне, павінны не толькі пазбягаць шкоды, але і імкнуцца практыкаваць у штодзённым жыцці любоў да бліжняга, каб быць сапраўднай прыладай міру і міласэрнасці.  

8. Божая любоў бязмежная, і таму немагчыма пералічыць спосабы, якімі мы можам адлюстраваць Яго любоў і дзяліцца ёю з іншымі. Малітву святога Францішка, аднак, можна падзяліць на тры канкрэтныя спосабы праяўлення Божай любові.

Першы з іх – гэта ставіць міласэрнасць і прабачэнне на першым месцы ў нашым жыцці, што праяўляецца ў закліку св. Францішка несці любоў туды, дзе пануе нянавісць, а прабачэнне туды, дзе абраза.

У Евангеллі Езус пастаянна нагадвае пра важнасць прабачэння. Ён кажа, што не можа быць ніякіх абмежаванняў, каб прабачыць і дараваць правіны тым, хто прычыніў нам боль. Мы павінны культываваць стаўленне спагады, прапаноўваючы міласэрнасць, а не помсту, нават калі гэта цяжка зрабіць. Гэта можа быць зроблена многімі шляхамі, як, напрыклад, адмовай ад застарэлых спрэчак паміж суседзямі, абаронай кагосьці ад плётак і г.д.

Наступным спосабам з’яўляецца заклік св. Францішка абуджаць надзею там, дзе пануе роспач, а радасць там, дзе смутак. Культываванне духа удзячнасці за Божае благаслаўленне мае вялікія наступствы не толькі для тых, з кім мы сустракаемся, але і для нас саміх, бо, заклікаючы іншых да ўдзячнасці, мы таксама павінны памятаць аб гэтым.

Нават дзіўна, як мала мы павінны ўчыніць, каб натхніць іншага чалавека і даць яму новую надзею. Напрыклад, наведаць хворага, падбадзёрыць яго, усміхнуцца і г.д. Нярэдка можна пачуць, што чыйсьці выпадковы акт дабрыні аднавіў веру ў чалавека. Калі мы жывём поўным святой радасці жыццём, то аднаўляем не толькі веру ў чалавецтва, але і веру ў Бога.

Адзін з самых складаных спосабаў паказаць любоў да бліжняга – гэта пастаяць за праўду. І гэта трэці шлях праяўлення любові да бліжняга, як вучыць св. Францішак. А менавіта, там, дзе ёсць сумненні, неабходна несці веру, дзе фальш – праўду, а дзе цемра – святло.

Мы часам сутыкаемся з праблемай публічна паказаць нашу веру і саромеемся гэта ўчыніць або ў імя паліткарэктнасці не адважваемся казаць праўду ў вочы іншым. У той жа час адмовіцца ад гэтай заганнай практыкі азначае праявіць гераічную любоў да тых, якія памыляюцца. Так мы дапамагаем ім, каб зруйнаваць разбураючую іх маральнае жыццё звычку і абараніць нашу веру. Вядома, што ўсё гэта патрабуе мужнасці, каб так дзейнічаць.

Вельмі важна, каб мы разумелі, што робім усё гэта не для таго, каб выглядаць добрымі ці больш святымі ў параўнанні з іншымі, але таму, што гэта наш хрысціянскі абавязак. Веліччу Божай любові з’яўляецца тое, што яна благаслаўляе ісці ў абодвух напрамках – Бог бязмежна любіць нас, і мы павінны любіць Яго таксама. Гэта дарога не аднаго напрамку, але двух. Зыходзячы з вядомага тэксту св. Яна, апостала і евангеліста: “Калі б хто сказаў: Я люблю Бога, – а брата свайго ненавідзіць, той ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць” (1 Ян 4, 20), Папа Бэнэдыкт XVI робіць выснову аб непарушнай сувязі паміж любоўю да Бога і любоўю да бліжняга. Адна патрабуе другой так моцна, што сцвярджэнне аб любові да Бога робіцца хлуснёй, калі чалавек абыякавы да бліжняга або ненавідзіць яго (пар. DCE 16).

Святы Францішак завяршае сваю малітву напамінам, што нашы дзеянні адлюстроўваюцца таксама і на нас і што Божая любоў павінна быць любімай. Гэта дар і адначасова заданне. Таму нам неабходна маліцца, каб быць бескарыслівымі ў нашай любові да бліжняга і, па прыкладуХрыста, ахвяроўваць сябе іншым, не просячы нічога наўзамен.

9. Калі Езус пасля свайго Уваскрасення сустрэўся з апосталамі ў ерузалемскім вячэрніку, то, напэўна, мог бы іх дакараць, што яны пакінулі Яго аднаго падчас цярпенняў і крыжовай смерці. Аднак Ён гэтага не зрабіў. Наадварот, Ён сказаў ім: “Спакой вам!” (Ян 20, 19). Гэтым самым Ён прабачыў ім іх нявернасць, развеяў страх, вылечыў разбітыя сэрцы і падзяліўся з імі сваёй радасцю. Карацей кажучы, Ён адарыў іх ласкай сваёй міласэрнасці.

Таму нездарма Святы Айцец Францішак кажа, што Божая міласэрнасць аднаўляе надзею тым, хто адчувае сябе прыціснутым цяжарам граху. Дзякуючы нашай любові ласка Божая прысутнічае ў тых, каму мы прабачаем і аб кім клапоцімся, калі яны церпяць. Гэта любоў, большая за ўсялякае зло і мацнейшая, чым сама смерць (пар. http://onlineministries.creighton.edu/ CollaborativeMinistry/040316.html).

На неабходнасць быць сведкамі і носьбітамі Божай міласэрнасці звяртае ўвагу таксама і св. Ян Павел II у сваёй энцыкліцы “Dives in misericordia” (“Бог, вялікі ў міласэрнасці”). У ёй ён, між іншым, кажа, што гэта неабходнасць прадыктавана любоўю да чалавека і да ўсяго, што чалавечае, і што ў прадчуванні вельмі многіх сучаснікаў знаходзіцца ў вялікай небяспецы (пар. DM 15).

10. У Буле, абвяшчаючай Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці, Папа Францішак выкарыстоўвае прыпавесць пра бязлітаснага даўжніка. “Даўжнік, пакліканы да караля, каб вярнуць яму вялізны доўг, умольвае яго на каленях, і кароль прабачае яму запазычанасць. Аднак зараз жа той сустракае іншага слугу, такога, як ён, які павінен быў яму некалькі грошай. Слуга просіць яго на каленях зжаліцца, аднак той не саступае і кідае яго ў турму. Калі кароль пачуў пра гэта, вельмі разгневаўся, паклікаў да сябе бязлітаснага даўжніка і сказаў: «Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?» (Мц 18, 33). Езус завяршыў: «Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму» (Мц 18, 35)”.

Гэта прыпавесць утрымлівае глыбокую навуку для кожнага з нас. Езус сцвярджае, што міласэрнасць – гэта не толькі чын Айца, але і крытэрый, які дазваляе зразумець, кім з’яўляюцца Яго сапраўдныя дзеці. Мы пакліканы жыць міласэрнасцю, бо гэта мы спачатку спазналі міласэрнасць. Прабачэнне знявагаў становіцца найбольш бачным праяўленнем міласэрнай любові, а для нас, хрысціян, з’яўляецца наказам, ад якога мы не можам ухіліцца. Наколькі цяжка часам прабачаць! Але ж прабачэнне з’яўляецца прыладай, якая знаходзіцца ў нашых слабых руках, каб мы маглі атрымаць спакой сэрца. Вызваленне ад крыўды, злосці, насілля і помсты — гэта неабходная ўмова шчаслівага жыцця. Таму прымем заахвочванне апостала: «Няхай сонца не заходзіць у гневе вашым» (Эф 4, 26). Будзем слухаць перадусім словы Хрыста, які прадставіў міласэрнасць як ідэал жыцця і крытэрый праўдзівасці нашай веры: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7)” (MV 9).

11. Калі дзіця падае на зямлю, то яно працягвае свае рукі да мамы ці таты, каб яго паднялі. Падобна і мы, калі грашым, павінны працягнуць нашы рукі да Бога, які дапаможа ўстаць. У гэтым заключаецца зыходзячая з Божага прабачэння годнасць. Годнасць, якой нас надзяляе прабачэнне Бога, ставіць нас на ногі. А Бог стварыў чалавека, каб ён стаяў.

Адзін бедны рыбак марыў разбагацець і разважаў над тым, як жыў бы, калі б стаў багатым. Аднойчы ён вяртаўся дадому па дарозе ўздоўж рэчкі і знайшоў кашалёк, у якім былі нейкія невялічкія камяні. Не думаючы, ён машынальна браў іх адзін за адным і кідаў у рэчку. І вось, калі ў яго застаўся апошні, у промнях сонца ён убачыў, што гэта вельмі каштоўны камень. Рыбак зразумеў, што з-за сваёй няўважлівасці ён выкінуў у рэчку вельмі каштоўныя камяні, якія зрабілі б яго вельмі багатым.

Дарагая моладзь, мы атрымалі самы каштоўны дар, якім з’яўляецца дар Божай любові і міласэрнасці. Не дазволім страціць яго, выкарыстаем належным чынам і падзелімся ім з іншымі, каб не толькі мы, але і тыя, з якімі мы сустракаемся, не падалі, але стаялі, для чаго нас стварыў Бог.

Мы молімся: “Ойча, адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым” (пар. Мц 6, 9.12). Дай нам ласку быць міласэрнымі да тых, каму нам цяжка дараваць, і тых, хто патрабуе нашай дапамогі.

Бязмежны ў сваёй міласэрнасці Божа, учыні нас прыладай сваёй міласэрнасці і каналам Хрыстовага супакою, каб мы будавалі цывілізацыю любові і міру.

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Энцыкліка „Dives in misericordia” (DM).
2. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка “Deus caritas est” (DCE).
3. Францішак. Була “Misericordiae vultus” (MV).
4. Францішак. Пасланне на ХXXI Сусветныя дні моладзі (Пасланне ХXXI СДМ).
5. http://onlineministries.creighton.edu/CollaborativeMinistry/040316.html.
6. /2/liturgy/pray/different.html#19.

Адноўлена 29.07.2016 03:23
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску