Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевiча да духавенства, свецкіх вернікаў i ўсiх людзей добрай волi ў сувязі з прызначэннем Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернiкi і ўсе людзi добрай волi!

1. 30 чэрвеня 2011 г., напярэдадні свята Маці Божай Будслаўскай, у сувязі з цяжкім станам здароўя Яго Эмінэнцыі Ксяндза Кардынала Казіміра Свёнтка, Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі ad nutum Sanctae Sedis (да асобага распараджэння Апостальскай Сталіцы).

У гэты так важны для Касцёла на Беларусі і асабіста для мяне дзень, калі мне былі даручаны Святым Айцом новыя абавязкі ў Пінскай дыяцэзіі, якая ахоплівае Брэсцкую і Гомельскую вобласці, звяртаюся да вас, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Бог пiша гiсторыю, а мы, як Яго слугі, знаходзімся ў Ягоных руках.

2. Амаль 22 гады таму, 25 лiпеня 1989 г., у свята святога апостала Якуба, Благаслаўлёны Папа Ян Павел II прызначыў мяне Апостальскім Адмiнiстратарам для католiкаў лацiнскага абраду Беларусi. Так што сваім бiскупскім служеннем тады я агарнуў і сучасную Пінскую дыяцэзію.

Гэта быў благаслаўлёны час пачатку духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны пасля многiх дзесяцiгоддзяў ганенняў на Касцёл і веру.

13 сакавiка 1991 г. Апостальскі Пасад заснаваў новыя структуры Каталiцкага Касцёла ў Беларусi, Расii i Казахстане. Пробашч пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — Ксёндз Прэлат Казiмiр Свёнтэк —  быў прызначаны першым Мiнска-Магiлёўскiм Арцыбiскупам Мiтрапалiтам i адначасова Апостальскiм Адмiнiстратарам Пiнскай дыяцэзii, а ксёндз Аляксандр Кашкевiч — Ардынарыем Гродзенскай дыяцэзii. Я быў пераведзены ў Маскву Апостальскiм Адмiнiстратарам для католiкаў лацiнскага абраду Еўрапейскай часткi Расii.

Больш за 16 гадоў сваёй біскупскай паслугі я прысвяцiў служэнню ў Расii і адраджэнню Каталіцкага Касцёла на яе бясконцых прасторах. За гэты час Касцёл у Беларусі дынамічна развіваўся ў розных напрамках. У 1999 г. была ўстаноўлена Віцебская дыяцэзія, першым біскупам якой стаў Уладзіслаў Блін. Былі прызначаны таксама новыя дапаможныя біскупы Антоні Дзям’янка спачатку ў Гродзенскай дыяцэзіі, а потым у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Казімір Велікаселец — у Пінскай дыяцэзіі.

21 верасня 2007 г. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў мяне Мінска-Магілёўскім Арцыбіскупам Мітрапалітам, у якасці якога я служу Касцёлу і людзям цяпер.

3. І вось новае прызначэнне — Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі. Усведамляю сабе, што гэта дадатковае нялёгкае заданне, маючы на ўвазе перадусім памер пастырскіх абавязкаў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і статус Мітрапаліта Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Аднак, як чыніў да гэтага, таксама хачу пацвердзіць і цяпер, што воля Рымскага Папы для мяне — гэта воля самога Бога, а дабро Касцёла, якому служу, — самае важнае. Таму, давяраючы Божай Маці і просячы благаслаўлення Пятра нашага часу Папы Бэнэдыкта XVI, з пакораю і ўдзячнасцю за давер прымаю новае прызначэнне. Прымаючы гэтыя абавязкі, выражаю сваю бязмежную ўдзячнасць Яго Эмінэнцыі Ксяндзу Кардыналу Казіміру Свёнтку, аб здароўі якога мы молімся, за адданае і ахвярнае служэнне ўсяму Касцёлу ў Беларусі, а асабліва Мінска-Магілёўскаму і Пінскаму.

Вядома, што прызначэнне Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis па сваёй прыродзе з’яўляецца часовым аж да намінацыі Ардынарыя дыяцэзіі. Аднак, з іншага боку, яно мае ў сабе ўсе наступствы прызначэння кіруючага біскупа. У гэтым сэнсе Пінская дыяцэзія асаблівая, бо акрамя парафій, манаскіх супольнасцяў, дабрачынных арганізацый і г.д., у яе склад уваходзіць Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску і Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Менавіта гэтыя фармацыйна-навучальныя ўстановы пакліканы рыхтаваць новых святароў, катэхетаў і духоўную эліту Касцёла.

4. Найдастойнейшы Эксцэленцыя ксёндз біскуп Казімір Велікаселец!

Колькі вады ўцякло з таго часу, калі мы спаткаліся ў Вільні, дзе валадарыць Маці Божая Вастрабрамская! Якімі шляхамі нас вёў Бог! Сёння нам з волі Божай трэба разам служыць Богу не толькі ў нашай Бацькаўшчыне, але і ў адной дыяцэзіі. Дзякую табе за адданую працу разам з Яго Эмінэнцыяй Ксяндзом Кардыналам Казімірам Свёнткам і выражаю надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва, тым больш што на цябе, як таго, хто будзе знаходзіцца на месцы, ўскладаецца вялікае і адказнае заданне канкрэтнай рэалізацыі пастырскіх планаў дыяцэзіі.  

5. Дарагiя святары Пінскай дыяцэзii!

На вашы плечы ўскладзена адказнасць за духоўны стан ўручанага вашай  апецы народу Божага. Дзякуючы вам усім, мясцовым святарам і прыбыўшым з дапамогай з-за мяжы, за вашу ахвярную працу, прашу заўсёды і ўсюды, будучы вернымі святарскаму паклiканню, быць не толькі настаўнікамі веры, але і яе сведкамі, быць спецыялiстамi ў сустрэчы чалавека з Богам i весці людзей да яго.

Жадаючы поспехаў у вашым служэнні Пінскаму Касцёлу, прашу Бога, каб Першасвятар Езус Хрыстус, які паклікаў вас да святарства і сакрамэнты якога, асабліва Эўхарыстыю, вы цэлебруеце, а таксама вечна жывое і дзейснае слова якога абвяшчаеце, заўсёды заставаўся для вас крынiцай сiлы, патрэбнай для спаўнення вашага нялёгкага задання ў час нарастаючага секулярызму і маральнага рэлятывізму.  

6. Паважаныя кансэкраваныя асобы!

Вы з’яўляецеся вялікім багаццем і часткай Касцёла. Сёння немагчыма сабе ўявіць Касцёл без кансэкраванага жыцця, патрэба ў якім усё больш адчуваецца. Удзячны за вашу адданую працу на ніве Пінскага Касцёла, жадаю далейшага росквiту i плённай працы, каб і далей сваім суквеццем вы маглі ўзбагачаць наш Касцёл.

7. Дарагiя вернiкi!

Бiскуп, таксама як святар, узяты з народа і пастаўлены для служэння яму. На сучасным, нялёгкім і складаным этапе жыцця Пінскага Касцёла з волі Папы Бэнэдыкта XVI прыходжу да вас, каб вам служыць, каб для вас быць біскупам, а разам з вамі — хрысціянінам, — як навучае св. Аўгустын.

8. З пачуццём глыбокай пашаны і павагі звяртаюся да іншых канфесiй i рэлiгiй, якія служаць Богу і людзям на нанова даручанай майму пастырскаму служэнню тэрыторыі, асабліва да Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi Фiларэта і ўсіх праваслаўных епіскапаў. Перад выклікамі сучаснасці нам трэба аб’яднаць нашыя высілкі ў справе духоўнага адраджэння, распаўсюджвання і абароны духоўных каштоўнасцяў.

9. Звяртаюся да дзяржаўных уладаў і грамадства Рэспублiкi Беларусь. Як Касцёл, так і дзяржаўныя ўлады і ўсё грамадства павiнны служыць людзям. Благаслаўлёны Папа Ян Павел II навучаў, што дарогай Касцёла з’яўляецца чалавек, а дарогай чалавека — Хрыстус. Паводле сацыяльнага навучання Каталіцкага Касцёла, палітычная супольнасць і Касцёл, з’яўляючыся аўтаномнымі, павінны служаць адным і тым жа людзям.   

10. Паважаныя браты i сёстры, усе людзi добрай волi!

У Кнiзе Зыходу гаворыцца, што Iзраiль перамагаў Амалiкiцянаў, калi Майсей малiўся з паднятымi ўверх рукамi. Але калi яму было цяжка доўга трымаць iх паднятымi, тады Аарон i Ор падтрымлiвалi iх (пар. Зых 17, 11–13).

Давяраю сваё служэнне ў Пінскай дыяцэзіі яе апекуну — св. Андрэю Баболі і Маці Божай Лагішынскай, а таксама прашу заступніцтва яе першага біскупа — Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Вас, духоўныя асобы і вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, прашу малiцца ў маёй інтэнцыі, каб я мог годна выканаць даручаннае Богам праз Папу Бэнэдыкта XVI дадатковае служэнне. Маліцеся таксама аб хутчэйшым прызначэнні, прадугледжаным Кананічным Правам, Ардынарыя Пінскай дыяцэзіі.

Для нашага народу Бог заўсёды быў на першым месцы. Так было ў часы росквіту веры. Так было падчас ганенняў. Так павінна быць і цяпер.

Дэвізам майго біскупскага служэння з’яўляюцца словы: «Quis ut Deus» — «Хто ж, як не Бог». Няхай тады Бог сапраўды будзе ўсім для нас! Няхай будзе нашай радасцю і надзеяй! Няхай вядзе ў новую будучыню!

На гэты шлях усiх нас няхай благаславiць усемагутны Бог: Айцец +, i Сын, i Дух Святы.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі


Мінск — Пінск, 30 чэрвеня 2011 г.

P.S.    Глыбокапаважаныя святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі няхай прачытаюць гэты Зварот вернiкам у нядзелю 3 ліпеня 2011 г.

Адноўлена 30.06.2011 14:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску