Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вольга Дашук: гэта быў няшчасны выпадак, недарэчны, як гэта бывае ў жыцці
Інтэрв'ю
09.09.2011 08:58

Малады чалавек, прыкаваны да ложка больш 15 гадоў, з іх — 8 гадоў жанаты, які захацеў скокнуць з парашутам, стаў героем фільма «Да неба тры кіламетры». Пра ідэю стварэння фільма ў інтэрв’ю Catholic.by распавяла рэжысёр-дакументаліст Вольга Дашук. Стужка была прадстаўлена ў конкурснай праграме VII Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat».

— Раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя стварэння гэтага фільма. Як ішла праца? Ці давялося сустрэцца з нейкімі цяжкасцямі?

— Думаю, нас лёс так сутыкнуў. Я размаўляла са старшынёй Таварыства інвалідаў і ён параіў мне гэтага чалавека, які хоча скокнуць з парашутам. Я тады недаверліва аднеслася да гэтага, таму што ўяўляла, што гэта крыху ўтапічнае жаданне. Потым я паразмаўляла з ім і пераканалася, што гэта так. Фільм стаў для яго штуршком, таму што здымачная група магла арганізаваць, фінансаваць скачок. Але мне было вельмі страшна, каб з ім нічога не здарылася пасля гэтага. Ён — чалавек вельмі мужны, як і яго жонка.

Я хацела здымаць на «Беларусьфільме», дзе і працую. Напісала сцэнарый, аднак гэтую тэму прызналі без мастацкага патэнцыялу і магчымасці не далі. Аднак я адчувала, што мне хацелася б з гэтымі людзьмі зрабіць фільм. Я звярнулася на адну студыю праваслаўных фільмаў. Там мне адмовілі на той падставе, што ён размаўляе па-беларуску. Безумоўна, гэтыя прычыны былі абсалютна неспасцігальнымі для мяне.

Тым не менш так склалася, што я змагла знайсці фінансаванне і атрымаўся фільм. Для мяне найбольшай узнагародай было тое, што мой герой яго перажыў (кажа з хваляваннем — Рэд.).

Я ўдзячна гэтай пары, ім абодвум, якія дазволілі мне падысці блізка, дазволілі мне дакрануцца іх інтымнага свету.

— Як жа так сталася, што гэты чалавек аказаўся прыкаваным да ложку?

— Гэта быў няшчасны выпадак. Недарэчны, як гэта бывае ў жыцці. Ён быў вельмі жвавы, вельмі актыўны, хадзіў у горы, служыў у войску, працаваў на розных працах, паступаў у розныя навучальныя ўстановы, але кідаў. Добра вучыўся, але было шмат чым заняцца. Ён мне так сам казаў: «У мяне энергія пералівалася праз край».

І вось чамусьці стаўся гэты выпадак. Прычым адразу ён спадзяваўся, што гэта часова, а потым прыйшло ўсведамленне, што не, ён перажыў вельмі цяжкі перыяд. І я магу толькі здагадвацца, наколькі гэты перыяд быў цяжкім для яго. Ён прыйшоў да веры, пасля таго, што здарылася. Ён, як сам кажа, стаў унутрана іншым чалавекам.

Для мяне гэта было сапраўды моцнае ўражанне. У ім адкрыўся інтэлектуальны патэнцыял. І ў такім стане, вельмі абмежаваным фізічна, ён змог рэалізаваць многія рэчы, якія людзі не робяць, нават маючы ўсе магчымасці для гэтага. Напрыклад, ён выдаў некалькі кніжак вершаў, пачаў ствараць інтэрнэт-сайты. Дарэчы, ён пазнаміўся са сваёю жонкаю на глебе менавіта паэзіі. Яна пісала вершы і ён пісаў.

— Гэта было да няшчаснага выпадку?

— Не. Гэта было ўжо тады, калі ён быў у такім стане, у якім знаходзіцца зараз. Прычым гэта абсалютна безнадзейна. Ніякай станоўчай перспектывы ў яго няма. Той час, які я правяла з гэтым чалавекам, быў для мяне незвычайным і вельмі шмат даў. Нават не ў рэжысёрскім сэнсе, а пачалавечы. Я ўбачыла, што ёсць невычарпальныя духоўныя крыніцы, і трэба паглядзець на іншых, каб зразумець, як трэба цаніць тое, што ты маеш у гэтым жыцці, і як можна переаадолець тое, што здаецца неадольным нават у больш спрыяльных умовах. Гэтыя людзі далі мне гэта ўбачыць.

І цяпер мяне ўражвае гармонія, якая існуе паміж імі, нягледзячы на шмат знешніх і ўнутраных абставін, на тое, што здароўя не хапае. І яна маладая жанчына, якой таксама не хапае здароўя. Цяжка. Тым больш, што ў нас гэтыя людзі малаадаптаваныя ў грамадства. Але Андрэй зусім не такі. У яго шмат сяброў, якія пішуць, прыходзяць. Ён жыве адкрытым жыццём, наколькі гэта можна, канечне. Мы, людзі адносна здаровыя, нават не здагадваемся, за якой мяжой яны жывуць. Але за гэтай мяжой існуе гармонія.

Мне было цікава датыкнуцца да гэтага, мне было цікава, што чалавек можа рашыцца на такі ўчынак, таму што для яго гэта быў скачок не дзеля вострага адчування. Мы ехалі на гэтую здымку і нават таксіст спытаў: «Вам што, вострых адчуванняў захацелася?» Так проста добразычыліва пацікавіўся. Андрэй жа яму так спакойна адказвае: «Ды не, нам іх у жыцці хапае».

Ён ляжыць на дзявятым паверсе і толькі неба бачыць, таму што зямлі з таго месца на пасцелі не відаць зусім. Вось яно яго і вабіла заўсёды.

— Мяне ўразіла асоба яго жонкі...

— Так, сапраўды, я сябе цешу думкай, што мне ўдалося перадаць гэты свет, які існуе паміж імі. Гэта адкрывае нейкія новыя таямніцы для чалавека, які, скажам, сам не быў за такой мяжой. Мне вельмі цяжка гаварыць на гэтую тэму, таму што ўсё, што ні скажаш, нават калі ты так адчуваеш, то ўнутры яно гучыць натуральна, але калі ты пачынаеш гэта акрэсліваць словамі, атрымоўваецца так пафасна, што проста не адкрываецца рот. Тое, што існуе паміж гэтымі людзьмі, такімі банальнымі словамі вельмі цяжка выразіць. Таму ў мяне так мала сказана ў фільме. Ёсць позіркі, жэсты, якія ствараюць атмасферу, якая гаворыць больш, чым словы.

— Было цікава, што Ваша камера часам здымала з такога ракурсу, як быццам падглядвала.

— Зрузумела, тут ёсць этычны момант. З аднаго боку, ты не можаш застацца ў баку, таму што нічога не ўбачыш і не атрымаеш добры матэрыял, але з іншага боку, гэта мяжа такая няпэўная этычна. Думаю, мне ўдалося захаваць баланс у гэтым сэнсе, але, безумоўна, гэта і заслуга герояў, якія былі дастаткова адкрытыя і дазволілі мне наблізіцца да іх.

— Чаму ж назва «Тры кіламетры да неба»?

— Таму што якраз тая вышыня, на якую падняўся самалёт і з якой ён скочыў, складае тры кіламетры. Таму гэта не больш як літаральнае абазначэнне гэтай адлегласці. Для кагосьці тры кіламетры, напрыклад, для інструктара, з якім ён скакаў, гэта штодзённая руціна. Ён шмат скачкоў кожны дзень здзяйсняе. А для Андрэя тры кіламетры — гэта фактычна нешта непераадольнае, таму што ў беларускай гісторыі, дзе праграма адаптацыі інвалідаў дзейнічае не ў тым аб’ёме, як, напрыклад, у Заходняй Еўропе, яшчэ не было такога выпадку, каб чалавек з такой моцнай формай фізічнага захворвання здзейсніў падобнае. Думаю, тут нават не фізічны стан умешваецца, а менавіта мысленне і сіла духа, якая ёсць у Андрэя.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.