Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікую пятніцу | Друк |

18 красавіка 2014 г.

Крыж Езуса Хрыста – знак нашай надзеі

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл перажывае Вялікую пятніцу, якая вядзе нас на гару Галгофу, дзе памірае Езус за нашы грахі, каб нас вызваліць з іх палону. Галгофа стала месцам прызначэння Хрыста. Уцелаўленне Сына Божага, Яго публічнае жыццё, навучанне і цярпенні вялі да гэтай гадзіны. Дзеля яе Сын Божы стаўся чалавекам, каб аддаць сваё жыццё за іншых. Гэта гадзіна ахвяры і гадзіна бязмежнай любові Бога да чалавека. Гэта мяжа зла, якое здзейсніў чалавек і якога ахвярай ён сам стаў. Гэтая любоў прывяла Яго на крыж, у таямніцы якога праяўляецца бязмежная Божая міласэрнасць, бо Бог ахвяраваў свайго адзінароднага Сына за збаўленне свету.

2. Само цярпенне без любові не мае ніякага значэння. Таму не цярпенне, але любоў збаўляе. Нездарма Хрыстус кажа, што “ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Таму смерць Езуса Хрыста на дрэве крыжа з’яўляецца найвышэйшым праяўленнем Божай любові, – як навучае Папа Бэнэдыкт XVI (пар. DCE 12). Хрыстус памірае на крыжы, каб застацца верным любові да чалавека. Таму толькі праз прызму любові можна зразумець таямніцу крыжа. І толькі дзякуючы любові крыж становіцца тым плытом, дзякуючы якому можна перайсці на іншы бок надзеі.

Сотнік, які не верыў у Бога і ўдзельнічаў ва ўкрыжаванні Езуса, бачачы сцэну Яго мучаніцкай смерці, распазнае ў Ім Сына Божага, кажучы: “Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым” (Мк 15, 39). Не габрэй і не апостал, а просты жаўнер быў так парушаны смерцю Езуса, што вызнаў веру ў Яго. Гэта прыклад таго, як крыж Езуса можа змяніць чалавека і з няверуючага ўчыніць веруючым.

3. Разважаючы над таямніцай крыжа Езуса Хрыста, які стаўся знакам бязмежнай любові Бога да чалавека, мы павінны прыняць логіку крыжа як ключа да разумення нашых цярпенняў, а таксама тое, што крыж нашага жыцця і крыж Езуса Хрыста ўзаемна дапаўняюцца. Нездарма святы Павел кажа, што сваім цярпеннямі ён дапаўняе цярпенні Хрыста (пар. Кал 1, 24).

Святы Айцец Францішак кажа, што ў таямніцы крыжа мы знаходзім гісторыю чалавека і Бога. Калі дрэва пазнання дабра і зла стала пачаткам многіх цярпенняў і пакут, то дрэва крыжа вядзе нас да збаўлення. Гэта шлях чалавечай гісторыі: пілігрымка з мэтай знайсці Езуса Хрыста, Збаўцу, які з любові аддае сваё жыццё. На самой справе, не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Дрэва крыжа захоўвае нас усіх ад наступстваў таго іншага дрэва, дзе пачалася самадастатковасць, ганарлівасць, пыха жадання пазнаць усё ў адпаведнасці з нашым менталітэтам, паводле нашых крытэрыяў, згодна з нашай прэзумпцыяй, паводле якой мы з’яўляемся і становімся адзіным суддзёй у свеце. Гэта гісторыя пра чалавека, ад аднаго дрэва да іншага (пар. http://www.niedziela.pl/artykul/6095/Papiez-Franciszek-do-tajemnicy-krzyza).

4. У сучасным свеце акрамя асабістых жыццёвых крыжоў усё больш праяўляюцца праблемы крыжа ў публічнай прасторы. Сапраўдным актам адвагі трэба прызнаць публічнае ўчыненне знаку крыжа маладым чалавекам, які такім чынам рызыкуе атрымаць этыкетку дэвоткі.

Памятаем, якую дыскусію ў Еўропе і ва ўсім свеце некалькі гадоў таму выклікала рашэнне Еўрапейскага трыбуналу правоў чалавека ў Страсбургу аб забароне крыжа ў адной з італьянскіх школ, бо ён абмяжоўвае свабоду. Як можна ўявіць Італію без крыжа, калі там іх шмат на кожным кроку?

Праблема зусім не банальная. Справа ідзе аб будучыні нашага кантынента; аб тым, што на духоўных яго руінах можа паўстаць секулярны калгас, дзе погляды аб тым, што, напрыклад, аборт - гэта забойства або што гомасексуальны саюз з’яўляецца парушэннем Богам устаноўленага саюзу сям’і і г.д., будуць карацца.

Пастулат не паказваць крыж публічна з’яўляецца двудушным. Калі вуліцамі еўрапейскіх гарадоў крочаць гей-парады, ці парады сексуальнай роўнасці, як іх часта называюць, то тых людзей, якім гэта не падабаецца, заклікаюць да талерантнасці і адкрытасці. Але аб пашане тых, якія хочуць публічнага ўшанавання крыжа, ніхто нічога не кажа. Гэта не што іншае, як фарысейства. Таму для нас, хрысціян, вельмі важнай справай з’яўляецца прысутнасць крыжа ў публічнай прасторы. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што Бог павінен быць прысутны ў публічнай прасторы праз знак крыжа. Там, дзе Бог знікае, чалавек губляе сваю годнасць, становіцца плодам сляпой эвалюцыі і таму можа быць выкарыстаны. Толькі тады, калі Бог ёсць вялікім, таксама і чалавек становіцца вялікім (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/documents/hf_ben-xvi_hom_20050815_assunzione-maria_it.html).

5. Браты і сёстры!

“Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім” (Рым 6, 8), – вучыць святы апостал Павел. Справа ідзе аб смерці для граху і жыцці ў стане Божай ласкі. Таму, калі падыйдзем да крыжа, каб яго ўшанаваць, падзякуем Езусу за Яго бязмежную любоў да нас, грэшных, і папросім ласкі заўсёды заставацца вернымі Яго крыжу, як знаку нашай веры і крыніцы надзеі. З гэтай упэўненасцю працягнем наш жыццёвы шлях са словамі святога апостала Андрэя: “Вітай, крыж, адзіная мая надзея!” Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Бэнэдыкт XV. Энцыкліка “Deus caritas est” (DCE).
2. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/documents/hf_ben-xvi_hom_20050815_assunzione-maria_it.html.
3. http://www.niedziela.pl/artykul/6095/Papiez-Franciszek-do-tajemnicy-krzyza.

 
© 2003-2024 Catholic.by