Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Венесуэла на парозе грамадзянскай вайны: 21 мая — нацыянальная малітва за мір
18.05.2017 15:12

Епіскапат Венесуэлы абвясціў 21 мая днём агульнанацыянальнай малітвы за дыялог і паяднанне. Сітуацыя ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне выходзіць з-пад кантролю — Венесуэла ў некалькіх кроках ад грамадзянскай вайны.

З гэтай прычыны сёння, 18 мая, прадстаўнікі Рады бяспекі ААН сабраліся на надзвычайнай сустрэчы, каб шукаць мірнае выйсце з гэтай драматычнай сітуацыі.

У краіне ўжо некалькі тыдняў праходзяць дэманстрацыі, удзельнікі якіх патрабуюць адстаўкі Прэзідэнта Нікаласа Мадура. У выніку вулічных боек паміж апазіцыяй і ўрадавымі сіламі загінулі ўжо дзясяткі людзей. Тысячы жыхароў Венесуэлы імкнуцца ўцячы з краіны. Асабліва трагічная сітуацыя склалася на мяжы з Бразіліяй.

«Палітычная барацьба выклікае велізарнае цярпенне грамадства, якое пазбаўлена ежы, лякарстваў, свабоды, бяспекі і самай звычайнай прававой абароны», — падкрэслівае старшыня мясцовага епіскапату кардынал Бальтазар Порас Кардоса.

Кожную раніцу ў касцёлах Венесуэлы цэлебруюцца святыя Імшы з просьбай аб міры. Пасля малітвы на вуліцы выходзяць так званыя белыя маршы. «Такім чынам хрысціяне маніфестуюць неабходнасць мірнага дыялогу без праліцця крыві», — адзначыў кс. Рафал Влекляк OMI, які працуе ў Сан-Крыстабалі.

Паводле КАІ
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.