Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Маскве адбыўся семінар на тэму смерці
27.09.2016 16:45

Чаму мы пазбягаем размоваў на тэму смерці і якое нашае асабістае стаўленне да пакутаў, памірання і смерці? — гэтым пытанням быў прысвечаны семінар «Ты ніколі не памрэш?», за аснову якога была ўзята духоўная спадчына праваслаўнага Мітрапаліта Антонія Суражскага. Сустрэча адбылася ў Маскве 22 верасня.

«У мяне адносіны да смерці своеасаблівыя, і мне хочацца патлумачыць, чаму да смерці я стаўлюся не толькі спакойна, але і з жаданнем, з надзеяй, са смуткам па ёй», — прагучала ва ўспамінах праваслаўнага іерарха з відэафрагмента, якім распачалася сустрэча.

Адметнасцю сустрэчы стаў удзел у ёй людзей, якія перажылі страту блізкага чалавека, а таксама медыцынскіх работнікаў, якія штодзень сустракаюцца са смерцю.

«Мы літаральна можам дакрануцца да смерці рукамі, для нас яна мае пахі і гукі, а набліжэнне смерці патрабуе ад нас пэўных дзеянняў», — адзначыла медсястра дзіцячай рэанімацыі Таццяна Семчышына. Дакладчыца падкрэсліла, што для ўрачоў рэанімацыі барацьба са смерцю — частка працы, пры якой сама тэма адыходу табуявана: «Мы бачым смерць зблізку, але пры гэтым яна застаецца для нас далёкай; думкі пра смерць мы гонім як няпрошанага госця: не казаць, адказваць невыразна, захоўваць дыстанцыю».

Таццяна Семчышына закранула тэму смерці немаўлят — ці ёсць сэнс у іх пакутах? Яна працытавала словы Мітрапаліта Антонія на гэтую тэму: «Калі хворае дзіця ў тым узросце, калі мы не можам чакаць, што яно будзе свядома разумець тое, што адбываецца, калі яно яшчэ не здольнае навучыцца таму, што патрабуе волі, інтэлекту, сталасці пачуццяў, актыўнай веры, актыўнага прыняцця, то гэта не азначае, што тое, што адбываецца ў яго целе, нікуды не вядзе, што яно не стане пазітыўнай падзеяй ці пазітыўным унёскам у яго вечнае жыццё. І гэта, я думаю, асабліва важна ведаць бацькам, дарослым, калі з дзіцём нібыта няма кантакту».

Медсястра дзіцячай рэанімацыі падзялілася таксама сваім назіраннем, што для бацькоў важны і радасны любы час, адведзены ім на стасункі з дзіцём, хоць, несумненна, ім горка ад таго, што яны не паспелі пазнаць сваё дзіця.

Мітрапаліт Суражскі падчас аднаго са сваіх выступленняў пры жыцці нагадваў, што аддаць сваё жыццё за іншага — цалкам не значыць менавіта памерці за яго, але прысвяціць сваё жыццё служэнню іншаму чалавеку.

Прысутны на семінары протаіерэй Серафім Праўдалюбаў адзначыў, што пра смерць трэба памятаць заўсёды. Святар падкрэсліў, што для многіх смерць прыходзіць занадта раптоўна, бо «людзі страцілі кантэкст і маштаб свайго быцця». «Хто з нас думае пра час? Амаль заўсёды чалавек думкамі сягае ў будучыню, забываючы, што рэальна ён мае толькі цяперашнюю хвіліну, наступная ўжо не ў яго ўладзе. (...) Як часта ў хвіліны дакораў сумлення мы збіраемся заўтра пачаць рабіць добрыя справы, у будучыні — пакінуць грэх, у канцы жыцця — прыйсці да Бога», — прывёў словы архімандрыта Іаана (Крэсцьянкіна) протаіерэй Праўдалюбаў.


Паводле pravmir.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.