Філіпінскія біскупы заклікалі паліцэйскіх быць стрыманымі ў адносінах да падазраваных | Друк |
23.06.2016 12:13

На тле рэзкага росту забойстваў паліцэйскімі падазраваных у крымінале філіпінскія каталіцкія біскупы ў пастырскім лісце папрасілі ахоўнікаў грамадскага парадку быць больш стрыманымі і гуманнымі.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у гэтай паўднёваазіяцкай краіне апублікавала пастырскі ліст, у якім адпаведна з Катэхізісам Касцёла растлумачыла, пры якіх умовах стральба ў падазраванага з мэтай забіць яго будзе апраўданай.

Гэтыя ўмовы наступныя: «па-першае, правакацыя з боку падазраванага, па-другое, рэальная непасрэдная пагроза жыццю паліцэйскага і бяспецы іншых людзей, па-трэцяе, адпаведнасць паміж пагрозай і ўзроўнем адказу на яе».

«Падазрэнне ніколі не з'яўляецца маральным эквівалентам ўпэўненасці, а пакаранне можа быць вынесена толькі на грунце ўпэўненасці», — гаворыцца ў лісце.


Цяжкаўзброены патруль філіпінскай паліцыі.

Прэзідэнт Радрыга Дутэртэ, які быў абраны ў Філіпінах у пачатку мая, абяцаў ачысціць краіну ад злачыннасці самымі суровымі метадамі. За месяц пасля яго абрання колькасць забітых паліцыяй пры затрыманні падазраваных склала 29 чалавек. Пры гэтым з 1 студзеня па 5 мая было забіта толькі 39.

Catholicherald.co.uk (АлГ)

 
© 2003-2024 Catholic.by