Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Што, як і чаму: гістарычны Сабор Праваслаўных Цэркваў распачаўся на Крыце
20.06.2016 13:35

Сабор Праваслаўных Цэркваў афіцыйна адкрыўся 20 чэрвеня на Крыце пад кіраўніцтвам Канстанцінопальскага Патрыярха Барталамея. Паседжанні будуць праходзіць да 26 чэрвеня ў праваслаўнай акадэміі Крыта ў горадзе Калімвары.

У Саборы, які яшчэ да пачатку сваёй працы абяцаў стаць буйнейшай падзеяй у жыцці Праваслаўнай Царквы, прымаюць удзел 10 з 14 Праваслаўных Цэркваў. Сярод тых, хто адмовіўся прыехаць — Руская Праваслаўная Царква, а таксама Цэрквы Балгарыі, Грузіі і Антыёхіі.
Адсутнасць чатырох Цэркваў стала і галоўнай тэмай малога сінаксіса (сходу) кіраўнікоў дзесяці Цэркваў, якія сустрэліся 17 чэрвеня.

Кіраўнікі накіравалі афіцыйны зварот Сабора да чатырох Цэркваў перагледзець сваё рашэнне і знайсці магчымасць прыбыць на Крыт.
У гэтай сувязі з адсутнасцю шэрагу Цэркваў разгарэліся дыскусіі пра статус Сабора і легітымнасць яго рашэнняў. Так, шэраг СМІ ужо не ўжываюць у дачыненні да Сабора форму «Усеправаслаўны Сабор».

Што абмяркуюць на Саборы?

На абмеркаванне Сабора вынесена шэсць тэкстаў, адзін з якіх не атрымаў аднагалоснага адабрэння, і зварот, які можа стаць самым значным дакументам. Калі пра змест шасці тэкстаў вядома шмат і яны апублікаваны, то праект звароту пакуль невядомы. Афіцыйна яго апублікуюць у дзень закрыцця Сабора 26 чэрвеня.

У звароце Сабора будуць адлюстраваны галоўныя праблемы грамадства. Зварот Сабора стаў «голасам праваслаўя», як сказаў у інтэрв’ю саветнік Канстанцінопальскага Патрыярха архідыякан Іаан Хрысаўгіс.

Паводле яго слоў, да тэм, якія вынесены на абмеркаванне, будуць тэмы адзінства Царквы: сям’я і шлюб, духоўнае жыццё, экалогія, асабістая мараль; тэмы сусветнага значэння — вайна, ганенні на хрысціян у розных краінах, праблема бежанцаў.

Саветнік Патрыярха адзначыў, што на Саборы не будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Праваслаўнай Царкве Украіны — гэтага пытання няма ў павестцы.
Нагадаем, што Вярхоўная рада Украіны напярэдадні Сабора звярнулася да Патрыярха Канстанцінопаля з просьбай прызнаць незалежнасць Украінскай Праваслаўнай Царквы ад Маскоўскага Патрыярхата.

У сувязі з адмовай Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Рысі Кірыла ехаць на Сабор сталі з’яўляцца меркаванні, што пытанне можа быць унесена ў павестку, аднак саветнік Канстанцінопальскага патрыярха гэта абверг.

Легітымнасць рашэнняў

Падрыхтоўка Сабора ішла больш за 50 гадоў, а ў цэлым мерапрыемстваў такога маштабу не было амаль 1300 гадоў. У сувязі з тым, што не ўсе Цэрквы прыехалі, паўстала пытанне аб правамернасці называць Сабор Усеправаслаўным. У дакументах яго называюць Святым і Вялікім Саборам Праваслаўных Цэркваў.


На думку прадстаўніка Канстанцінопальскага Патрыярха ва Усеправаслаўным сакратарыяце архіепіскапа Тэлміскага Іова, Сабор можа стаць пачаткам новай эпохі ў праваслаўі, бо дае магчымасць сустракацца для абмеркавання тэм усім Праваслаўным Цэрквам у новым, больш афіцыйным, кананічным фармаце.

У Канстанцінопальскім патрыярхаце лічаць рашэнні Сабора на Крыце сапраўднымі для ўсіх Праваслаўных Цэркваў, у тым ліку і тых, якія не прыбылі на Сабор, і падкрэсліваюць, што нязгода, выказаная па-за межамі Сабора, эклезіялагічна не дзейнічае.

«У Праваслаўнай Царкве не патрабуецца прысутнасць Цэркваў для таго, каб для яе былі сапраўдныя рашэнні Сіноду або Сабора. Напрыклад, адзін з важнейшых Сабораў апошніх 200 гадоў прайшоў у Стамбуле ў 1872 годзе па пытанні этнафілетызму (нацыянальна-племянных адрозненняў) і нацыяналізму.

Канстанцінопальскі Сабор 1872 г. прыняў важнейшыя за апошнія стагоддзі рашэнні. Усе Цэрквы прынялі гэтыя рашэнні. Руская Царква не была на Саборы, не было яе прадстаўнікоў, але рашэнні былі цалкам дзейснымі і для Расіі», — адзначыў архідыякан Іаан Хрысаўгіс.

З гэтай пазіцыяй аднак не згодныя ў Рускай Праваслаўнай Царкве.

Як лічыць намеснік старшыні аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату пратаіерэй Мікалай Балашоў, рашэнні Сабора не могуць насіць абавязковы характар, паколькі Сабор быў скліканы насуперак рашэнню пяці Памясцовых Цэркваў, якія прасілі адкласці яго скліканне.

СМІ і бяспека

Напярэдадні адкрыцця Сабора з’явілася і іншая праблема: журналісты грэчаскага агенцтва царкоўных навін Romfea пакінулі Сабор праз немагчымасць паўнавартаснай працы праз занадта жорсткія меры бяспекі.

Кіраўнік агенцтва Эміліас Палігеніс заявіў, што журналістаў не прапускаюць да месца правядзення Сабора, таксама яны не маюць магчымасці сустрэцца з удзельнікамі, а ўся інфармацыя «толькі па кроплі і толькі па афіцыйным каналам аргкамітэту».

Паводле яго слоў, падобна, што «сабраліся моцныя планеты, і тады зразумелыя меры бяспекі, а не праваслаўныя айцы, якія хочуць паказаць, куды рухаецца праваслаўе».

Меры бяспекі на Крыце сапраўды надзвычайныя. Доступ у акадэмію забаронены ўсім акрамя ўдзельнікаў Сабора і супрацоўнікаў. Сустрэчу прадстаўнікоў Цэкрваў з журналістамі можна арганізаваць толькі праз прэс-службу, а іерархаў прывозяць на інтэрв’ю ў суправаджэнні паліцэйскіх.


«Якую інфармацыю мы хочам мець? Добра было б, каб яны маглі зразумець, што журналісты на Крыт не на канікулы прыехалі», — абураецца Палігеніс. — Адфільтраваныя фотаздымкі і тэксты сведчаць, што як быццам сустракаецца якісьці клуб і няма права ў праваслаўных быць у курсе таго, што адбываецца ў Калімвары».

Паводле слоў кіраўніка агенцтва, карэспандэнты з’язджаюць, таму што не бачаць сэнсу заставацца на Кіпры, а для інфармавання грамадскасці будуць выкарыстоўваць афіцыйныя прэс-рэлізы Сабора.

Паводле РІА «Новости», (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.