Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Калумбіі суд забараніў малітвы ў школах
19.05.2016 17:57

Суд горада Картахена ў паўночна-заходняй Калумбіі забараніў прамаўляць малітвы ў навучальных установах мясцовых гарадоў. Апраўдваючы гэтую пастанову суда, Алехандро Банілья Алдана, супрацоўнік суда, растлумачыў, што «традыцыя малітвы не можа быць агульным элементам культуры, і свецкія ўлады не маюць права навязваць яго іншым людзям, не ведаючы іх рэлігійных перакананняў».

Рашэнне суда было прынята ў адказ на прашэнне, пададзенае студэнтам Аўтанамічнага ўніверсітэта «Caribe», і выклікала шматлікія пратэсты з боку католікаў, свецкіх і духавенства ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне.

Яны адзначылі, што гэтае рашэнне парушае закон, прыняты ў 2007 годзе, які дазваляе арганізоўваць малітвы ў навучальных установах. У той жа час яны падалі апеляцыю на прыняцце новага закона.

Супраць прыняцця закона таксама выступіла архідыяцэзія Картахены. «Калі дзяржаўны орган забараняе нам рэалізоўваць свае правы, то жорсткім спосабам парушае правы чалавека ў дачыненні да ўсіх грамадзян Калумбіі. Гэтае рашэнне з’яўляецца неканстытуцыйным», — заўважыў мясцовы арцыбіскуп Хорхе Энрыке Хіменэс.

Іерарх нагадаў, што калумбійская канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду веравызнання. «Артыкул 19 Канстытуцыі дае права ўсім калумбійцам выражаць свае адносіны з Вышэйшай Істотай, якую мы называем Богам», — дадаў арцыбіскуп.

Картахена, у якой пражывае больш за мільён жыхароў, з’яўляецца пятым па велічыні горадам у Калумбіі, вялікім акіянічным портам і цэнтрам марской прамысловасці і вытворчасці.

Паводле Deon.pl,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.