У Сальвадоры затрымалі вайскоўцаў, якіх падазраюць у забойстве шасці езуітаў 27 гадоў таму | Друк |
10.02.2016 12:23

Як паведамляе «The Washington Post», сальвадорская паліцыя арыштавала чатырох былых ваенных, якія знаходзіліся ў крымінальным вышуку за забойства шасці езуітаў у 1989 годзе.

Трагічныя падзеі адбыліся падчас жорсткай грамадзянскай вайны ў Цэнтральнай Амерыцы. Пяцёра з шасці забітых святароў былі іспанцамі. Забойства ўзрушыла міжнароднае грамадскае меркаванне, якое асудзіла дзікунства вайскоўцаў з Сальвадора.

Сальвадорскі прэзідэнт Санчэс Серэн у сваёй заяве заклікаў людзей, звязаных з забойствам езуітаў, добраахвотна здацца ў рукі правасуддзя.

«Мы павінны ведаць праўду пра тое, што адбылося шмат гадоў таму. Мы таксама патрабуем справядлівасці і прабачэння», — падкрэсліў кіраўнік Сальвадора.

Паліцыя краіны абвясціла 6 лютага, што арышт быў зроблены на падставе міжнароднага ордэра на арышт, выдадзенага Інтэрполам.

Арышт праходзіў 5 лютага раніцай. Сталі вядомыя таксама асабістыя даныя затрыманых.

Лёс арыштаваных будзе вырашаць Вярхоўны суд Сальвадора.

Паводле Deon.pl (MV)

 
© 2003-2024 Catholic.by