Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Грэка-каталіцкія біскупы Украіны заклікалі ўлады змагацца з карупцыяй
09.02.2016 12:50

Біскупы Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія сабраліся на Сінодзе ў Львове, апублікавалі зварот да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, палітыкаў і грамадства Украіны.

«Мы, біскупы УГКЦ... не можам стаяць убаку ад сучасных трывог і надзей нашага грамадства, таму ў цэнтры душпастырскай апекі Царквы знаходзіцца і заўсёды будзе агульнае дабро народа, сапраўднае дабро чалавека, свабода і годнасць, якія чалавеку падараваў Бог», — гаворыцца ў звароце іерархаў.

Прадстаўнікі УГКЦ адзначылі, што зараз ва Украіне зноў растуць расчараванне і трывога, бо ўкраінцы хочуць бачыць вынік сваёй барацьбы за годнае жыццё, за якое яны заплацілі і далей плацяць сваёй крывёй падчас рэвалюцыі на Майдане і баявых дзеянняў на ўсходзе краіны.

«Мы як душпастыры не бяромся даваць экспертную ацэнку палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне, аднак падзяляем думку нашых вернікаў і грамадства ў цэлым адносна тэрміновай неабходнасці рэформ, якія па сваёй сутнасці павінны даць нашаму народу магчымасць для рэалізацыі Богам дадзеных талентаў і стаць гарантыяй сацыяльнай справядлівасці», — заявілі біскупы.

«Звяртаемся да тых, каму народ даверыў уладныя паўнамоцтвы, з настойлівым заклікам не ставіць асабістыя, бізнесовыя ці партыйныя інтарэсы вышэй за агульнанацыянальныя... Настаў апошні тэрмін для перамены свядомасці ўлады, каб прайсці кропку навяртання, пасля якой можна будзе будаваць па-сапраўднаму незалежную краіну без разбуральных наступстваў постсавецкіх траўм», — гаворыцца ў дакуменце.


Усіх людзей добрай волі ва Украіне іерархі заклікалі захоўваць халодны розум і спакой, не губляць надзею і верыць у перамогу сіл дабра і праўды, маліцца за народ, улады і ўкраінскую армію.

Аляксандр Гелагаеў паводле Risu.org.ua

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.