Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Турцыя вяртае свайго пасла ў Ватыкан
08.02.2016 20:06

4 лютага, амаль праз дзесяць месяцаў пасля адклікання пасла Турцыі ў Ватыкане, якое было здзейснена ў знак пратэсту супраць таго, што Папа Францішак расцаніў учыненую стагоддзе таму ў Асманскай імперыі разню армян-хрысціян як генацыд, пасол зноў з’явіцца ў Апостальскай Сталіцы.

Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва Reuters.

Словы Папы Францішка, што забойства паўтара мільёнаў армян у перыяд Першай сусветнай вайны было «першым генацыдам ХХ стагоддзя», выклікалі выбух абурэння ва ўладаў Турцыі. Мусульманская краіна ў адказ на гэта неадкладна адклікала свайго пасла з Ватыкана.

У дыпламатычнай практыцы дзесяцімесячная адсутнасць пасла - вельмі працяглы прамежак часу, які сведчыць аб вялікіх цяжкасцях у адносінах паміж дзяржавамі.

Турцыя прызнае, што многія хрысціяне-армяне былі забіты ў сутыкненнях з асманскімі салдатамі, але адмаўляе тое, што былі забіты сотні тысяч і што гэта генацыд.

Танджу Білджык, прадстаўнік турэцкага Міністэрства замежных спраў, сказаў, што рашэнне даслаць пасла ў Ватыкан было прынята пасля таго, як Ватыкан 3 лютага ўхваліў гатоўнасць Турцыі адкрыць яе архівы для гісторыкаў і стварыць сумесную камісію навукоўцаў, каб даследаваць падзеі стогадовай даўніны.

Гэтая заява Ватыкана прагучала ў межах паведамлення аб тым, што Папа Францішак атрымаў у падарунак кнігу італьянскага аўтара аб ваенна-марской бітве паміж Турцыяй і Венецыянскай Рэспублікай у 1657 г. Пантыфіку перадаюць шмат кніг падчас яго публічных аўдыенцый па серадах, але Ватыкан рэдка робіць заявы пра іх. Такім чынам пахвала ў адрас Турцыі ў кантэксце паведамлення аб кнізе была знакам таго, што Ватыкан спрабуе знайсці выйсце з дыпламатычнага тупіка, і ў Турцыі гэта зразумелі.

У заяве Ватыкана таксама прагучала прызнанне актам тэрарызму забойства турэцкага пасла пры Святым Пасадзе ў 1977 г. армянскімі баевікамі, што Турцыя таксама ацаніла, як сказаў Балджык.

Турцыя звычайна адклікае сваіх прадстаўнікоў з тых краін, якія вырашаюць прызнаць масавае забойства армян у Асманскай імперыі генацыдам. Пераважная большасць туркаў адмаўляе абвінавачванне ў генацыдзе. Праблема працягвае перашкаджаць усталяванню дыпламатычных сувязяў паміж Турцыяй і Арменіяй.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.