Украінскі святар вучыць Евангеллю на кулінарным шоў | Друк |
01.09.2015 12:33

«Суботняя кухня з айцом Віталем» — супольны праект сайта «Католицький оглядач» і інфармацыйнага партала «Золочів.нет».

Першы выпуск кулінарнай праграмы са святаром з'явіўся ў інтэрнэце ў сярэдзіне жніўня, а зараз кожную суботу галіцкі святар, як сам сябе называе айцец Віталь Барабаш, гатуе з тэлегледачамі смачныя стравы. Першай з іх была страва з перапёлак і бульбы. Затым святар гатаваў «Мінэстроне па-золачаўску» і смажыў хатнюю каўбаску.

Падчас гатавання святар-кулінар час ад часу распавядае гледачам урыўкі са Святога Пісання.


Айцец Віталь Барабаш — адміністратар трох парафій Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Золачаўскім раёне на Львоўшчыне, а акрамя гэтага, вайсковы капелан з досведам працы ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны.

«Любую страву на кухні мусім рабіць з радасцю. Мы гэта робім не толькі, каб наесціся ці выканаць нейкі абавязак, але і для таго, каб прыемна здзівіць тых, хто будзе яе есці. Калі мы добра згатуем страву, гэта толькі палова справы, вельмі важна згатаваць яе з любоўю», — кажа святар.

Усе выпускі праграмы, якая добра зразумелая беларусам праз блізкасць нашай мовы да ўкраінскай, можна знайсці на сайце zolochiv.net.

Украінскі каталіцкі часопіс CREDO (АлГ)

 
© 2003-2024 Catholic.by