Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Макшыцкі пракаментаваў сустрэчу Папы з Уладзімірам Пуціным
15.06.2015 12:20

На мінулым тыдні Папа Францішак сустрэўся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і заклікаў маліцца за яго, аднак гэта зусім не сведчыць пра падтрымку Святым Пасадам палітыкі РФ, лічыць Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Украіны арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі.

 

Арцыбіскуп доўгі час быў другім сакратаром Папы Яна Паўла ІІ і добра знаёмы з ватыканскай дыпламатыяй.

«Адкрытасць Касцёла да сустрэчы з кіраўнікамі розных дзяржаў, нават тых, якія ваююць, мае вельмі вялікае значэнне. Святы Айцец такім чынам заўсёды мае магчымасць выказаць свае погляды на мір, дэмакратыю, права на свабоду. І нагадаю, што кожная сустрэча наступніка Пятра з якім заўгодна прэзідэнтам можа паўплываць на тых асобаў, якія сустракаюцца са Святым Айцом», - кажа арцыбіскуп Макшыцкі.

Іерарх нагадаў, што Уладзімір Пуцін некалькі разоў сустракаўся з Папам Янам Паўлам ІІ, і пратакол такіх сустрэч заўсёды прадугледжвае абмен падарункамі на памяць.

«Святы Айцец заўсёды даруе нейкі абраз, ікону, выяву якой-небудзь біблійнай сцэны... Медальён (які Папа падараваў Пуціну) - гэта не ўзнагарода, не афіцыйная адзнака ад Ватыкана. Гэта звычайны маленькі сціплы падарунак. І ў дадзеным выпадку гэта быў медальён святога Арханёла Міхала, які з'яўляецца апекуном міру, і менавіта ў такой інтэнцыі - дасягнення міру - Папа і падараваў гэты медальён», - распавёў іерарх.

Таксама Папа меў нагоду звярнуцца да сумлення суразмоўцы, казаць пра хрысціянскія каштоўнасці, звярнуцца да яго з заклікам да міру, заявіць, што кожны мае права на жыццё, свабоду і мір, сказаў арцыбіскуп Макшыцкі.

«Мы заўсёды як хрысціяне молімся не толькі за нашых сяброў, родных, нашу краіну, але і за ворагаў, за няверуючых, каб яны навярнуліся, змянілі свае думкі і ўчынкі. Згадаем, што Хрыстус заклікаў нас да такой малітвы нават за ворагаў», - пракаментаваў іерарх словы Папы аб малітве за Прэзідэнта Пуціна.

«Калі б не было падобных сустрэч, то Папа не меў бы магчымасці ўплываць на сітуацыю ў свеце. Але ягоная роля - уплываць і рабіць усё магчымае для дасягнення міру», - падсумаваў Старшыня епіскапату Украіны.

Паводле інфармацыі прэс-службы Львоўскай архідыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.