Ірландскі арцыбіскуп: крытыка ў бок Касцёла можа паслужыць праўдзе | Друк |
09.06.2015 17:24

Мітрапаліт Дубліна Дзіармуід Марцін ацаніў крытыку каталіцкай штотыднёвай газеты The Tablet у дачыненні да Касцёла. Гэтае выданне якраз святкуе сёлета 175-гадовы юбілей.

Пра гэта паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва.

На сёння тыраж штотыднёвіка складае менш за 20 тысяч экземпляраў.

У сваёй гаміліі падчас Імшы, якая адбылася 7 чэрвеня ў Дубліне ў межах святкавання юбілею штотыднёвіка, арцыбіскуп Дзіармуід Марцін адзначыў, што The Tablet займае важную ролю ў жыцці касцёльнай супольнасці як з дапамогай пазітыўных, так і крытычных артыкулаў пра Касцёл.

«Я заўсёды быў сярод тых, хто пачынаў чытаць The Tablet ад апошніх старонках, каб чытаць пра Касцёл у свеце. Нядаўна я пачаў рабіць гэта з крыху большай заклапочанасцю, чым у мінулым, баючыся, што магу знайсці крытычную заўвагу ў мой адрас», — пажартаваў ірландскі іерарх, растлумачыўшы, аднак, што «крытыка можа быць важнай формай зносін і служэння праўдзе».

Арцыбіскуп дадаў, што за апошнія 175 гадоў The Tablet стаў «інструментам грамадскай думкі ў Касцёле». «Часам ён меў рацыю, часам памыляўся. З большага, тым не менш, імкнуўся падтрымаць сталасць у веры», — сказаў іерарх.

Сярод аўтараў The Tablet былі ў мінулым таксама два будучыя Папы: кардынал Ёзаф Ратцынгер (Бэнэдыкт XVI) і кардынал Джавані Батыста Манціні (бл. Павел VI).

(AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by