Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскупы ЗША выступілі з заклікам аб ядзерным раззбраенні
27.05.2015 12:30

Біскупы ЗША ў асобе прэзідэнта Камітэта па ўсеагульным міры і справядлівасці пры мясцовай біскупскай канферэнцыі, біскупа Лас-Крусес манс. Оскара Канта, выступілі за інтэнсіфікацыю намаганняў па ядзерным раззбраенні.

Прэлат звяртаецца да дзяржсакратара Джона Кэры ў пасланні, апублікаваным у сувязі з правядзеннем Канферэнцыі па пераглядзе Трактата аб нераспаўсюджванні ядзернага ўзбраення, што завяршылася 22 мая ў Нью-Ёрку. Трактат, падпісаны 45 гадоў таму, пераглядаецца і абнаўляецца раз у пяць гадоў. Біскуп Лас-Крусес піша, што «большасць амерыканцаў лічаць быццам ядзерная пагроза паменшылася з заканчэннем халоднай вайны», але, «на жаль, няма нічога больш далёкага ад ісціны». Манс. Канта падкрэслівае, што ў «шматпалярным свеце» існуе рызыка распаўсюджвання ядзернай зброі і нават ядзернага тэрарызму, таму неабходна «рухацца незваротна да раззбраення, засцярогшы ядзерныя матэрыялы». Прэлат лічыць, што Трактат павінен адлюстроўваць менавіта такі падыход.

Біскупы ЗША падкрэсліваюць, што ядзернае раззбраенне азначае таксама вызваленне значных эканамічных рэсурсаў, якія могуць быць накіраваны на барацьбу з галечай, пра што казаў таксама Папа Францішак ў пасланні з нагоды Трэцяй канферэнцыі па гуманітарных наступствах ядзернага ўзбраення, якая праходзіла ў Вене 8 і 9 снежня мінулага года.

Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.