Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэлігійныя лідары Македоніі заклікаюць удзельнікаў міжнацыянальнага канфлікту да ўзважаных рашэнняў
21.05.2015 14:51

Кіраўнікі Цэркваў і рэлігійных аб’яднанняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі былой Югаслаўскай рэспублікі Македонія, заклікалі ўсіх удзельнікаў міжнацыянальнага канфлікту, які разгарэўся на тэрыторыі гэтай краіны, «да цвярозасці і ўзважанасці ва ўчынках».

Пра гэта паведамляе агенцтва «Македонфакс».

«Як кіраўнікі і прадстаўнікі Цэркваў і рэлігійных аб’яднанняў мы вельмі заклапочаны палітычнай і грамадскай сітуацыяй, якая склалася ў нашай краіне.Таму мы заклікаем усіх адказных асобаў у грамадстве і дзяржаве, а таксама ўсіх грамадзян Рэспублікі Македонія, захоўваць цвярозасць і ўзважанасць ва ўчынках, з годнасцю і любоўю да ісціны мірна вырашаць усе праблемы і спакусы.

Свабода выказвання меркаванняў, перакананняў і свайго разумення чаго-небудзь з’яўляецца падставай дэмакратычнага права. На гэтым праве неабходна і варта шукаць мірны і годны шлях вырашэння сітуацыі, у згодзе з законамі і маральнымі нормамі грамадства.

Нас, як рэлігійных лідараў Рэспублікі Македонія, турбуе створаная атмасфера страху і невядомасці, пачуццё агульнай няўпэўненасці за жыццё і маёмасць грамадзян. Рашэнне праблемы варта шукаць толькі шляхам міру і дыялогу, шляхам павагі праўды і годнасці ўсіх людзей і захавання перш за ўсё ісціны.

Пры кожным кроку ў жыцці неабходна падумаць, як паводзіць сябе. У такія моманты ад нас больш патрабуецца сцвярджаць адзінства, а не падзел. Давайце працягнем руку да прымірэння і ўстрымання паміж намі і прыкладзем усе намаганні да захавання міру і сумеснага пражывання ўсіх нашых грамадзян на тэрыторыі нашай агульнай Радзімы — Рэспублікі Македонія.

Як прадстаўнікі Цэркваў і рэлігійных аб'яднанняў мы заклікаем усіх спыніць дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю жыцця ў нашай краіне, ускладненне сумеснага пражывання і рэлігійнага ўзаемадзеяння, дзеянні, якія пагражаюць бяспецы грамадзян.

Бог няхай благаславіць нашу краіну і ўсіх яе грамадзян і дае нам сваё благаслаўленне на мір, згоду і ўзаемную павагу», — гаворыцца ў паведамленні.

9 мая ў Македоніі адбылося ўзброенае супрацьстаянне паміж славянамі і албанцамі, якія прыйшлі з Косава. У выніку супрацьстаяння загінула 8 македонскіх праваахоўнікаў і 14 албанцаў, некалькі дзясяткаў чалавек з абодвух бакоў аказаліся параненымі. Праз некалькі дзён Прэзідэнт Македоніі Георгій Іваноў аб’явіў у краіне нацыянальны траўр.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.