Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Тагле — новы кіраўнік Сaritas Internationalis
15.05.2015 15:26

Арцыбіскуп Манілы кардынал Луіс Антоніо Тагле быў абраны новым кіраўніком Сaritas Internationalis. Гэта адбылося вечарам 14 мая ў рамках Генеральнай асамблеі таварыства. З 2007 г. пасаду кіраўніка аб’яднання займаў гандураскі кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга.

Кардынал Тагле з’яўляецца адным з самых маладых кардыналаў: яму 57 гадоў. Арцыбіскупам Манілы яго прызначыў Бэнэдыкт XVI 13 кастрычніка 2011 г., а амаль праз год, 24 лістапада 2012 г., уручыў яму кардынальскі берэт.

Атрымаўшы навіну аб сваім абранні на пасаду новага кіраўніка найбуйнейшага каталіцкага дабрачыннага таварыства, кардынал Тагле па тэлефоне звязаўся з удзельнікамі Генеральнай асамблеі і падзякаваў за аказаны яму давер.

Сустрэча прадстаўнікоў Сaritas Internationalis з усяго свету праходзіць у Рыме 12-17 мая. У ёй прымаюць удзел дэлегаты з больш чым 160 краін. Галоўнымі тэмамі форума з’яўляюцца змены клімату і пашырэнне сацыяльнай няроўнасці ў свеце. Удзельнікі спрабуюць вызначыць стратэгію для спынення гэтых негатыўных з’яў.

Генеральная асамблея праводзіцца раз у чатыры гады. У склад Caritas Internationalis уваходзяць 154 нацыянальныя каталіцкія дабрачынныя арганізацыі, якія дзейнічаюць у 198 краінах і рэгіёнах свету. Мэта асацыяцыі — практычная рэалізацыя сацыяльнага служэння, гуманітарнай дапамогі і чалавечага развіцця.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.